Украінцы апублікавала відэа авіяўдару, ад якога загінулі беларусы

Паводле ўкраінскага выдання, дваіх беларускіх дальнабойшчыкаў забілі расійскія самалёты, якія ўзляталі з Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


У горадзе Корастэнь Жытомірскай вобласці ў ноч з 9 на 10 сакавіка ад расійскага авіяўдару загінулі тры чалавекі, двое з якіх — беларускія дальнабойшчыкі. Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што беларусаў «нахабна забілі ўкраінцы». Аднак украінскае выданне Times.zt сцвярджае, што авіяўдар нанеслі расійскія самалёты СУ-25СМ, якія ўзляталі з тэрыторыі Беларусі — меркавана, з Баранавічаў.
Беларускія дальнабойшчыкі выпадкова знаходзіліся на тэрыторыі былога малаказавода, які трапіў пад атаку. Кіраўнік Корасценя Уладзімір Маскаленка заявіў тады, што горад абстрэльвалі з тэрыторыі Беларусі.
Выданне апублікавала відэа з наступствамі авіяўдару:


Паводле ўкраінскай паліцыі, адзін з самалётаў, што наносіў удар 10 сакавіка, быў прыпісаны да 18 палка штурмавой авіяцыі ў Прыморскім краі Расіі. Самалёт збілі, а лётчык загінуў (меркавана, гэта быў палкоўнік Аляксандр Зарыпаў). Ад удару загінулі тры чалавекі, у тым ліку двое беларускіх дальнабойшчыкаў: 38-гадовы Дзмітрый Шылец і 34-гадовы Іван Рогаў.
Гэтыя і іншыя дальнабойшчыкі не маглі пакінуць Украіну праз пачатак вайны. 31 траўня Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў КДБшнікаў, якія ўдзельнічалі «ў спецаперацыі на тэрыторыі Украіны» — па «вызваленні з Украіны беларускіх дальнабойшчыкаў». Дзяржаўныя медыя заяўлялі, што адпіл косткі на парэштках загінулых — не сляды судова-медыцынскай экспертызы, а доказы здзекаў з парэштак загінулых або катаванняў дальнабойшчыкаў украінскімі войскамі.