Целы загінулых ва Украіне беларускіх дальнабойшчыкаў прывезлі на радзіму
Целы загінулых у Жытомірскай вобласці беларускіх кіроўцаў-міжнароднікаў дастаўлены ў Беларусь, пра гэта расказаў прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз, піша reform.news.
У Міністэрстве замежных спраў не сталі рабіць заяў адносна прычын смерці кіроўцаў, Анатоль Глаз заявіў толькі, што яны «не паспелі пакінуць зону канфлікту і таму былі вымушаныя пражываць у сваіх машынах у чаканні магчымасці выехаць у Беларусь».
Паводле слоў Глаза, з разуменнем да сітуацыі паставіліся украінскі
і польскі бакі. Паведамляецца таксама, што дастаўкай целаў у Беларусь займалася
прыватная кампанія, якая наважылася дапамагчы з уласнай ініцыятывы.
Нагадаем, двое беларусаў загінулі пры абстрэле ў Корасцені Жытомірскай вобласці 10 сакавіка. Яны па выпадковасці знаходзіліся на тэрыторыі былога малаказавода, які трапіў пад атаку. Кіраўнік Корасценя Уладзімір Маскаленка заявіў тады, што горад абстрэльвалі з тэрыторыі Беларусі.