Казаў «вас трэба забіваць», а потым папрасіў чаявых. Беларуска распавяла, як ехала з украінцам у таксі

Беларуска Яўгенія Доўгая пасля выбараў 2020-га была вымушаная з'ехаць з краіны. Вайна ва Украіне заспела дзяўчыну ў Кіеве, адкуль яна цяжка выбіралася ў Варшаву з маленькай дачкой. Зараз яна ў бяспецы, але жыццё працягвае падкідваць выпрабаванні. Адным з такіх можна назваць паездку ў варшаўскім таксі, якім кіраваў мігрант з Украіны. Пра гэты выпадак Яўгенія распавяла ў Фэйсбуку.

kak_pravilno_zakazat_taksi.jpg

«Скончыліся антыдэпрэсанты, з рэцэптам ў Польшчы цяжкасці, — напісала Яўгенія Доўгая. — Сяброўка п'е такія ж і падзялілася крыху, прыйшлося тэрмінова кінуцца ў іншы канец Варшавы.

Ужо было пазнавата, таму назад выклікала таксі.

Прыехаў украінец і з ходу спытаў: "ТЫ наогул адкуль?" Кажу: "Я з Беларусі". Хлопец скрывіў твар і пачаў мне расказваць, што оркі забіваюць яго землякоў і што оркі наступаюць на яго краіну з боку Беларусі ў тым ліку.

Я згаджаюся, што гэта жах і разумею, да чаго ён хіліць. Пачынаю расказваць, што сама прайшла ў 2020-м, што вельмі шмат беларусаў сядзяць па турмах, што шмат хто застаўся з беларусаў ва Украіне, шмат валанцёраць, што сама жыла ў Кіеве і заспела вайну. Расказала пра студэнтаў з Беларусі, якія арганізавалі сляпому ўкраінцу дапамогу і вывезлі яго ў Германію.

Таксіст быў непахісны. Расказваў, што ўсе беларусы вінаватыя, што хутка іх у Польшчы будуць вылоўліваць украінцы і біць — і правільна будуць рабіць, маўляў.

Давялося нагадаць, што Крымінальны кодэкс забараняе біць людзей проста за тое, што яны беларусы. Карацей, пакуль я не перайшла на тон вышэй і не сказала яму, што Лукашэнка вінаваты, армія вінаватая, але не беларусы, уцекачы і выступоўцы супраць рэжыму, хлопец паўтараў як мантру "Вы вінаватыя, вы оркі, вас трэба п@ць і забіваць як дэманаў".

Пасля майго тону ён спытаў: "Дык колькі ты тут ужо жывеш? Год? Я вось тры гады ўжо тут. Хацеў паехаць ваяваць, але назапашваю грошы, пакінь чаявых".

То-бок ён нават не выслухаў таго, што я гаварыла, што сама як бы з боку Украіны прыехала і вайну заспела. Карацей, трэба больш расказваць усё ж такі пра тое, колькі ўсяго робяць беларусы».

Нагадаем, што пасля пачатку вайны ва Украіне беларускія эмігранты ў шэрагу краін Еўропы сутыкаюцца з рознага кшталту дыскрымінацыяй як прадстаўнікі краіны-агрэсара.