Фігуранту справы «Белага легіёну» Віктару Марозу падоўжылі арышт
«Сачыце за развіццём падзеяў, будзе цікава, гэта я вам абяцаю», — напісаў у паштоўцы з-за кратаў былы «легіянер».

Віктар Мароз, падазраваны ў справе «Белага легіёну», разам з сынам. Архіўнае фота
Адзін з затрыманых у справе «Белага
легіёну», мінчук Віктар Мароз, даслаў паштоўку супрацоўніцы “Радыё Свабода”.
Зваротны адрас — СІЗА № 1, Валадарскага, 2-88.
Віктар Мароз дзякуе за цёплыя словы і падтрымку. І крыху сумуе, што лета, мяркуючы па ўсім, давядзецца правесці не з жонкай, сынам і бацькамі, а ў камеры ізалятару:
«Застаецца спадзявацца, што дыхаць я буду ўжо марозным паветрам, бо тэрмін майго зняволення падоўжылі да канца верасня, — піша фігурант справы „Белага легіёну“. — Таксама, як і іншым хлопцам. Сачыце за развіццём падзеяў, будзе цікава, гэта я вам абяцаю. Жыве Беларусь!».

Ад адваката Віктара Мароза вядома, што ягоны падабаронны абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 293, ч. 3 («падрыхтоўка да масавых беспарадкаў»), 287 («стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання»).
Справа актывістаў «Белага легіёну», якая ў незалежных СМІ атрымала назву «справы патрыётаў», распачалася перад Днём Волі пасля публічнай заявы Аляксандра Лукашэнкі — маўляў, затрымалі баевікоў, якія трэніраваліся ў лясах пад Бабруйскам ды ў іншых месцах.
Усяго было арыштавана 35 чалавек, на гэты момант у ізалятарах КДБ і МУС утрымліваюцца 16 фігурантаў справы. Некаторым прад’яўленыя абвінавачанні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а былым актывістам «Белага легіёну» дадалі яшчэ і артыкул пра стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання.
Афіцыйных заяваў пра «справу патрыётаў» следчыя органы не рабілі ад моманту арышту падазраваных. Тым часам праваабаронцы звярнуліся ў Генеральную пракуратуру з просьбай праверыць інфармацыю аб катаваннях затрыманых, з якіх нібыта сілай выбіваюць патрэбныя паказанні.