«Праз імглу апошняй ночы, крочыць Белы Легіён…» (фота, відэа)
У сталічнай
кнігарні Логвінаў прайшоў інтэлектуальны марафон салідарнасці з усімі
затрыманымі ды пацярпеўшымі ад рэпрэсіяў цягам сакавіцкіх падзеяў. Удзел
прынялі вядомыя паэты, празаікі, філосафы ды музыкі.

Паэт Андрэй Хадановіч, які выступіў у якасці нефармальнага вядучага імпрэзы, абвесціў, што арганізатарамі з’яўляюцца ўсе тыя, хто ані хвіліны не думаючы пагадзіўся ўдзельнічаць у марафоне. Склад удзельнікаў атрымаўся сапраўды зорны: ад Уладзіміра Мацкевіча да Лявона Вольскага, вяршкі беларускай інтэлектуальнай ды творчай эліты.

Сам Хадановіч пасля чытання вершаў Чэслава Мілаша ўзяў гітару ды праспяваў “Муры” Яцэка Качмарскага — легендарную песню з часоў супрацьстаяння з прасавецкім рэжымам у Польшчы. Выступоўцы яшчэ неаднаразова на працягу вечару будуць звяртацца да класікаў мінулых гадоў (Коласа, Гавэла, Сыса…), якія супрацьстаялі аўтарытарызмам рознага кшталту: у Беларусі, нажаль, ізноў гэта актуальна.

“Я ведаў шмат каго з тых, хто зараз праходзіць па “Справе патрыётаў”, — кажа кіраўнік Саюза пісьменнікаў Барыс Пятровіч, — Гэта сапраўдныя патрыёты, на такіх людзях трымаецца Беларусь. Зараз іх трэба ўсялякім чынам падтрымліваць. Патрыёт не злачынца!”

Алесь Мікус і Ніна Шыдлоўская
Нечаканасцю для некаторых стаў выступ Алеся Мікуса, які на дудзе зайграў гімн “Белага легіёну”. Прысутным раздалі раздрукаваныя словы, таму падпявалі нават маладзёны, якія ў часы дзейнасці арганізацыі яшчэ хадзілі ў дзіцячы садок ці школу: “Праз імглу апошняй ночы, крочыць Белы легіён…”, — з кожным куплетам гучала ўсё больш упэўнена.

Да месца аказаліся і песні Лявона Вольскага, які заўжды спалучаў тэму кахання і гумару з патрыятызмам і геройкай: “Роля героя” ды “Ламай сцэнар” прайшлі на “ура”.



Агулам у марафоне прынялі ўдзел дзесяткі творцаў: Валянціна Аксак, Альгерд Бахарэвіч, Віктар Жыбуль, Андрусь Такінданг, Аксана Шэлест, Вера Бурлак, Сабіна Брыло ды шмат хто іншы.
Фота Уладзіслава Рубанава
Відэа Уладзіслава Рубанава
Відэа Анатоля Мяльгуя