«Беларусы, родненькія, трымайцеся!»

Айчынныя спартоўцы трапляюць пад раздачу сілавікоў і схіляюцца да пераменаў

pressball.by/hockey.by

pressball.by/hockey.by

 

“Зараз мне трэба актыўна рыхтавацца да “US Open”, трэніравацца, мае думкі павінны быць скіраваныя толькі на гэта. Але ўжо трэція суткі не магу нармальна заснуць, бо перажываю, і маё сэрца разрываецца на часткі праз тое, што адбываецца ў маёй роднай Беларусі. Беларусы, родненькія, трымайцеся…”

Гэтыя словы надрукавала на сваёй старонцы ў Instagram вядомая беларуская тэнісістка Вера Лапко. Яна стала чарговым прадстаўніком айчыннага спорту, хто публічна і эмацыйна выказаў занепакоенасць у сувязі з апошнімі падзеямі ў краіне. Не першай — і не апошняй.

Напэўна, гэта яшчэ не снежны ком, але відавочна: беларускія спартоўцы ўсё больш уключаюцца ў трэнд салідарнасці з народам. З тымі, хто не згодны з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнтскіх выбараў, хто выходзіць на мірныя пратэсты і часцяком атрымоўвае за гэта ад бадзёрых і безлітасных амапаўцаў.

Сітуацыя сапраўды напружаная. Ланцугі салідарнасці з затрыманымі, аўтамабільныя флэшмобы, забастоўкі. Хапун, аўтазакі, стрэлы і выбухі. Знешні свет реагуе — еўрапейскія дзяржавы, Злучаныя Штаты транслююць заклікі да спынення гвалту і цівілізаваных перамоваў. Тэмпература расце, і спорту ўсё цяжэй схавацца за шыльдай, што ён, маўляў, па-за палітыкай. Палітыкай сёння стала ўсё.

Хіба не палітыка, што на працягу ўсёй серады не выходзіў на сувязь футбаліст барысаўскага БАТЭ і зборнай Беларусі Антон Сарока? Пра тое паведаміў “Прэсбол”, выказаўшы меркаванне, што хлопец быў затрыманы вечарам 11 жніўня. Пазней tut.by дадаў, што ў клубе гэтую інфармацыю не падцвердзілі, але і не абверглі. У каментарах фігуруюць здагадкі, што гэта магло адбыцца ў мінскім мікрараёне Уручча, дзе мае жыллё шэраг гульцоў БАТЭ і дзе ў той вечар было надта неспакойна.

Футбол — так бы мовіць, “стратэгічны” від спорта, занятыя ў ім не бягуць наўздагон, каб праявіць грамадзянскую пазіцыю. Але людзі не маўчаць, і літаральна напярэдадні эмацыйна выказаўся варатар “Смалявічаў”, былы гулец маскоўскага “Лакаматыву” і маладзежнай зборная Беларусі Арцём Гамелько.

“Я не палітычны чалавек, але не магу не гаварыць аб тым, што адбываецца. Вельмі маркотна назіраць, як азвярэўшы АМАП выбягае і лупцуе звычайных людзей, нібыта жывёл. На госканалах паказваюць адно трызненне. Людзі рознага ўзросту спрабуюць мірна выходзіць у розных гарадах краін, хочуць справядлівых выбараў. Няма аніякіх каардынатараў.

Бывае, што людзі просто гуляюць па горадзе, а іх забіраюць як злачынцаў. Самае сумнае, што забіраюць нават дзяцей, бьюць проста так. Нейкі генацыд! Беларусы выходзяць, нікога не абражаюць, не збіраюцца рабаваць. Давялі народ… У форме ужо нават не звяры, а сапраўдныя бандыты,” — цытуе Арцёма Гамелько расійскае выданне “Чэмпіянат”.

Хіба не палітыка, што ў замес патрапілі нават хакеісты — прадстаўнікі самага “праўладнага” віду спорта Беларусі? Не пашчасціла нападаючаму маладзечанскага “Дынама” Іллі Літвінаву. Кажуць, у тую ж сераду ён вяртаўся з шэраговай трэніроўкі падчас мітынгу ў Маладзечне і, на сваю бяду, папаўся на вока супрацоўнікам сілавых структур. Так ці не — падрабязнасці другасныя. Першасны факт: спартоўна моцна збілі, што відаць на фотаздымку. Праўда, у хуткім часе асвабадзілі.

Па некаторых дадзеных, у той час дзесьці побач з Літвінавым знаходзіўся другі хакеіст — яго аднаклубнік Зміцер Амбражэйчык, але яму ўдалося пазбегнуць затрымання.

Хіба не палітыка, што праваахоўны гвалт не застаўся без увагі Міжнароднай федэрацыі хакея? Цяпер усур’ёз абмяркоўваецца пытанне аб адмене ў Мінску чэмпіянату свету, якім улады так ганарацца.

“Заламалі рукі і закінулі ў аўтобус. Абураліся, нашто мне перамены, чаму я ў белай майцы. Яна ў мяне з арнаментам, набыў у дзяржаўнай краме ў дзяржаўнай фабрыкі. Адказаў, што мы жывём у краіне, дзе ты маеш голас і можаш выказваць сваё меркаванне. Білі ўсіх і абураліся: “Якія вам патрэбныя перамены? Вось вам перамены!” Хаця прама зверства ў аўтазаку не было, адзін камандзір нават папрасіў “Памягчэй”. На майцы застаўся след аб берца — аформлю ў рамачку на памяць…” — а гэта гісторыя міні-футбаліста, трохразовага чэмпіёна Беларусі Сяргея Падалінскага. Ён апавядаў tut.by аб затрыманні каля мінскага гатэлю “Юбілейны”. На шчасце, спартоўца ўжо выпусцілі, ён абмежавайся штрафам — за тое, што проста шпацыраваў увечары з жонкай.

Так, усё ў гэтыя дні ёсць палітыка. Класіка: нават калі ты ёй не займаўся, то яна занялася табой. Пераносяцца, ці праводзяцца без гледачоў футбольныя і хакейныя матчы. Спартоўцы ўсё больш і часцей выказваюцца на галоўную надзённую тэму. У апошнія тыдні пра гэта гаварылі-пісалі, акцэнтуючыся на палітычныя перамены, футбалісты Васіль Хамутоўскі і Генадзь Туміловіч, баскетбалісты Мікіта Мяшчэракоў і Алена Леўчанка, гімнасткі Меліціна Станюта і Ганна Глазкова, лёгкаатлетка Надзея Астапчук, фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская, баксёры Іван Баранчык і Кірыл Рэліх, цяжкаатлет Андрэй Арамнаў, трэнеры Алена Клімава, Віктар Дойлидаў… І іншыя — усіх цяжка пералічыць.

lukashenko_domracheva_9_02_2019_1.jpg

president.gov.by 

Зразумела, што гучаць і супрацьлеглыя меркаванні — у падтрымку дзеючага курса, але гэта цалкам нармальна. Тым больш што міліцэйскі гвалт не ўхваляе ніхто, і гэта не дзіўна.

Нарэшце вельмі важка прагучалі і словы біятланісткі Дар’і Домрачавай — бадай, самай славутай і тытулаванай спартоўкі сучаснай Беларусі.

“Люблю мірную, родную Беларусь! І менавіта такую! Прашу ўсіх, ад каго гэта залежыць. Усіх, кто аддае загады, кіраўнікоў атрадаў АМАП. Спыніце гвалт. Не дазвольце гэтаму несправядліваму жаху на вуліцах працягнуцца. Любы канфлікт можна вырашыць мірным шляхам. Любы. Калі ласка, пачуйце,” — напісала ў чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка ў Instagram.

Словы Домрачавай вельмі сімптаматычныя. Яна ледзьве не самая ўлюбёная спартоўка асабіста Лукашэнкі. Не будзе памылкай сказаць, што ў іх амаль сяброўскія адносіны — былі ці застаюцца. Падчас Алімпіяды ў Сочы кіраўнік дзяржавы неяк нават сказаў знакамітыя словы: “Я Дашы ўсю гонку расклаў”.

Трэба адзначыць, што раней Домрачава на палітычныя тэмы выказвалася асцярожна, неканкрэтна і дыпламатычна. Дзяржава для яе не толькі раскладвала гонкі, але ўвогуле зрабіла шмат, і Дар’я працяглы час пазбягала крытыкаваць рэчаіснасць. Але, відаць, дапякло і яе.