Самы восеньскі суп — «Гарбузнік». СМАЧНА З «НОВЫМ ЧАСАМ»
Давайце прыгатуем самы восеньскі суп, які нашы бабулі называлі проста — «Гарбузнік». Ведаеце, адкуль на тэрыторыю Беларусі прыйшлі рэцэпты гарбузовага супу? А якія гарбузы самыя смачныя і як іх захаваць да новага ўраджаю?
На беларускіх
землях дзякуючы прадпрымальным гандлярам гарбузы пачалі вырошчваць раней,
чым бульбу, — напрыканцы XV стагоддзя. Нашы продкі елі гарбузы самі і кармілі
скаціну. А сок, алей і семкі былі
эфектыўнымі лекамі ў народнай медыцыне. Сучасныя медыкі таксама зазначаюць, што
стравы з гарбуза сапраўды пазітыўна ўплываюць на абмен рэчываў і ўмацоўваюць
імунітэт. А яшчэ ў даўнія часы нават посуд і адмысловыя бочачкі для віна ці для
пасолу агуркоў выраблялі з суушаных
гарбузоў.
Сёння гатаваць мы будзем суп з духмянага гатунку «Батэрнат» (гарбуз, падобны да колбы альбо да вялікай ігрушы.) Гэты гарбуз — самы салодкі, з арэхавым пры́смакам.
Наогул супы-пюрэ пачалі гатаваць ў Беларусі толькі ў XIX стагоддзі. Першыя рэцэпты прыйшлі з Францыі пасля вайны 1812 года. Да таго часу з гарбуза гатавалі ў асноўным толькі кашы.
З «Батэрната» і «Муската» атрымліваюцца смачныя цукаты, салаты, дэсерты і нават квас.
Каб выбраць сакавіты гарбуз, трэба звярнуць увагу на яго памер. Найлепш, калі вага плода — ад трох да пяці кілаграмаў. А пладаножка абавязкова павінна быць сухой. Такія гарбузы ў памяшканні з сухім, цёмным, з добрым праветрываннем і тэмпературай ад 2-х да 15-ці градусаў цяпла могуць захоўвацца да новага ўраджаю.
У гарбузе можна есці ўсё, нават хвосцік (пладаножку). Трэба толькі высушыць, перамалоць і дадаваць да страў з гародніны, напрыклад, бульбачку. Перамолаты хвосцік надасць страве такі смак, як быццам яе гатавалі ў печы.
Гарбуз — гародніна, якую любяць ва ўсім свеце. У Аўстраліі ёсць нават кава з гарбуза. У Індыіі – халва. У Італіі — гарбузовыя ньёкі. У Арменіі на вяселлі падаюць хапаму (фаршырава́ны гарбуз). У Тайландзе любяць дэсэрт з гарбуза — санкайя. У Паўднёвай Карэі гатуюць традыцыйную кашу з гарбуза — хобакджук. Пералічваць можна бясконца.
А ў гэтым годзе гарбуз, які вырасцілі ў Злучаных Штатах Амерыкі, стаў рэкардсменам кнігі Гінэса. Яго вага — 1246 кілаграмаў. У Беларусі таксама ёсць свой рэкардсмен. Гэтай восенню пад Брэстам у вёсцы Рэчкі вырас гарбуз вагой паўтоны.
Каб прыгатаваць наш “Гарбузнік” спатрэбіцца:
мякаць гарбуза 1 кг;
морква 2шт.;
цыбуля 1 шт.;
бульба 2 шт.;
груша 1 шт.;
вяршкі 33% 200 г;
курыны булён 1,5 л;
алей для смажэння;
соль і перац на смак.
Для падачы:
чорны хлеб 2 кавалкі;
чоснак (часнок) адзін зубчык;
семечкі гарбуза 10 г;
пятрушка 10 г.
Гарбуз, моркву, цыбулю, бульбу крыху абсмажыць і адправіць у рондаль з курыным булёнам тушыцца 10 хвілін (паўтара літра булёну). Дадаем крыху солі і і перцу.
А цяпер увага! Сакрэтны інгрэдыент, які дадасць пікантнасці нашай страве, — груша. Зразаем лупі́ну і таксама пакрышым кубікамі. Дадаём да нашай гародніны. Варым 15 хвілін.
Цяпер з простага супу зробім вытанчаны суп-пюрэ. Узбіваем і дадаём тлустыя вяршкі. Вяршкі абавязкова павінны быць цёплымі. І даводзім страву да кіпення.
Падамо страву з грэнкамі. Так будзе і смачней, і прыгажэй. Чорны хлеб загаддзя абсмажце на сухой патэльні і і не забудзьце нацерці яго часнаком. І яшчэ маленькі штрых: семечкі гарбуза і крыху пятрушкі.
Традыцыйны беларускі «Гарбузнік» варты меню самых лепшых рэстаўрацый сучаснасці.
Гатуйце разам з намі! З «Новым Часам» заўжды смачна!