Смачна, хутка, проста. Абед для вегана і не толькі
Вы яшчэ не веган? Добрая нагода паспрабаваць. Сёння, 1 лістапада, Сусветны дзень вегана — свята, якое адзначаецца з 1994-га ў гадавіну стварэння Веганскага таварыства, заснаванага ў Вялікабрытаніі ў 1944 годзе.
Напэўна, хтосьці думае, што веган — гэта той, хто не ўжывае мяса ды іншых прадуктаў жывёльнага паходжання. Але на самай справе веганства — гэта не толькі ежа.
Распавядзём крыху пра гісторыю і асноўныя прынцыпы веганства, яго адрозненне ад вегетарыянства.
У 1830-х, калі слова «вегетарыянства» толькі з'явілася, вегетарыянцамі называлі людзей, якія цалкам выключылі жывёльныя прадукты са свайго рацыёну; тыя ж правілы распаўсюджваліся на адзенне і іншыя аспекты жыцця. Ранняе вегетарыянства і было веганствам.
З 1847 года, з моманту заснавання Вегетарыянскага таварыства, пад вегетарыянствам сталі разумець дыету з выключэннем з ежы плоці жывёл, і толькі. Членам вегетарыянскай супольнасці дазвалялася ўжываць усе астатнія жывёльныя прадукты. Для людзей, якія бачылі мэтай вегетарыянства вызваленне жывёл ад эксплуатацыі чалавекам, падобная палітыка была непрымальнай.
Найбольш дакладнае вызначэнне веганства было ўведзена ў 1949 годзе, калі Лэслі Дэй Крос прапанаваў «шлях вызвалення жывёл ад эксплуатацыі чалавекам». Сам тэрмін «веган» быў прыдуманы Дональдам Уотсанам. Пазней сэнс яго заявы раскрылі падрабязней як «імкненне да спынення выкарыстання чалавекам ежы, тавараў, працы, палявання і ўсіх іншых відаў прадукцыі і дзейнасці, звязаных з жывёламі».
Калі ў 1979 годзе Веганскае таварыства стала зарэгістраванай дабрачыннай арганізацыяй, абнавілі і вызначэнне. У іх разуменні веганства — гэта філасофія і лад жыцця, пры якіх імкнуцца выключыць, наколькі гэта магчыма і практычна здзяйсняльна, усе формы эксплуатацыі і жорсткасці ў адносінах да жывёл, не дапушчаючы іх выкарыстання ў якасці ежы, матэрыялаў для адзення і ў іншых мэтах.
Такім чынам, веганства — гэта не толькі адмысловая дыета, якая выключае пэўныя віды прадуктаў, але стыль жыцця, асаблівая філасофія, якая ахоплівае ўсе сферы. Веганы не толькі не ядуць жывёл, але не дазваляюць сабе эксплуатаваць іх у сваіх патрэбах, а таксама купляць вопратку, сумкі, абутак і іншыя прадметы, вырабленыя з матэрыялаў жывёльнага паходжання (скуры, воўны і да т.п.).
Дарэчы, добра збалансаваныя веганскі дыеты, у большасці сваёй, адпавядаюць практыкам здаровага харчавання і ўтрымліваюць неабходныя арганізму рэчывы. Брытанская асацыяцыя дыетолагаў і Амерыканская акадэмія харчавання прызнаюць, што яны падыходзяць для людзей усіх узростаў.
Веганы мяркуюць, што адмова ад прадуктаў жывёльнага паходжання — адна з самых эфектыўных рэчаў, якія чалавек можа зрабіць, каб знізіць свой уклад у разбурэнне азонавага пласта, паколькі вытворчасць мяса, рыбы і малочных прадуктаў цяжка адбіваецца на навакольным асяроддзі.
А вы ведаеце, якія прадукты забаронены пры веганстве?
Мяса і птушка: ялавічына, бараніна, свініна, цяляціна, субпрадукты, курыца, індычка, качка, перапёлка і інш. Рыба і морапрадукты: усе віды рыбы, анчоўсы, крэветкі, кальмары, грабеньчыкі, мідыі, крабы, амары і інш. Малочныя прадукты: малако, ёгурт, сыр, сметанковае масла, вяршкі, марозіва і г.д. Яйкі. «Пчаліныя» прадукты: мёд, матачнае малачко і інш. Інгрэдыенты жывёльнага паходжання: казеін, лактоза, жэлацін, кармін, вітамін D3, амега-3, атрыманыя з рыбы, шэлак і г. д.
І што ж тады есці? А давайце паспрабуем сёння прыгатаваць паўнавартасны веганскі абед. Прычым выкарыстаем сезонныя прадукты, па магчымасці, мясцовыя з некаторымі выключэннямі.
Такім чынам, на абед сёння ў вас будзе салат з фасоляй і авакада, гарбузовы суп, рагу з агродніны і сачавіцы, а на дэсерт — печаныя яблыкі з малінавым варэннем.
Для салата нам спатрэбяцца: адварная белая фасоля — адзін стакан ці адна банка кансерваванай, авакада — адна штука, памідоры чэры — 6-7 штук.
Для запраўкі: 2 сталовыя лыжкі аліўкавага алею, 3 сталовыя лыжкі цытрынавага соку, 1 зубок часнаку, 1 чайная лыжка гарчыцы, сушаны або свежы базілік, соль і перац.
Стакан варанай фасолі (папярэдне замочанай у халоднай вадзе на некалькі гадзін) ці лепш банку кансерваванай змяшаць з нарэзанам авакада, памідоркамі чэры. Алей, цытрынавы сок, соль, перац і гарчыцу добра перамяшаць і паліць салат. Дадаць базілік. Ставім у лядоўню не менш чым на 30 хвілін, каб водары «пасябравалі» адзін з адным.
А тым часам прыгатуем гарбузовы суп.
Інгрэдыенты: 300-400 грамаў гарбуза, 1-2 бульбіны, адна цыбуліна, 1 зубчык часнаку, свежы імбір, сушаны чабор, аліўкавы алей — 2 сталовыя лыжкі, соль, перац, свежая пятрушка, стакан какосавага малака.
Гарбуз і бульбу пачысціць, парэзаць на невялікія кавалкі, дадаць 100-150 мл вады (каб вада толькі крыху пакрыла гародніну) і паставіць на маленькі агонь на 15-20 хвілін. Тым часам лёгка абсмажыць цыбуліну і часнок на аліўкавым алеі і дадаць да гародніны. Зняць з агня і перабіць блэндарам. Дадаць трохі надзёртага імбіру, сушанага чабору, соль, перац. І стакан какосавага малака. Пасыпаць зверху свежай зелянінай.
Праўда смачна? А цяпер аноўнае блюда — рагу з гародніны. Інгрэдыенты: баклажан — 1 штука, кабачок невялічкі — 1 штука, морква — 1 штука, цыбуліна, памідоры — 2-3 штукі, перац балгарскі — 1 штука, стакан чырвонай сачавіцы, соль, перац, базілік, арэгана, алей — 100 мл.
Садавіну мыем, чысцім, рэжым кубікамі. У глыбокі рондаль ці сатэйнік наліваем алей, ставім на сярэдні агонь і дадаём па чарзе цыбулю, моркву, баклажан, кабачок, балгарскі перац, памідоры. Лёгка абсмажваем, дадаём соль, ваду (каб пакрыла гародніну) і праз 5 хвілін высыпаем сачавіцу. Праз 10-15 хвілін здымаем з агню, дадаём спецыі па смаку.
Пакуль гатавалася рагу, вы ж паспелі запячы яблыкі? Не. То яшчэ не позна. 4-5 сярэднія яблыкі памыць, акуратна выразаць сарцавіну і пакласці ў кожную лунку па адной лыжцы малінавага варэння. На невялічкай блясе паставіць у духоўку на 10-15 хвілін пры тэмпературы 150-180 градусаў.
Смачна есці!