18 краін далучаецца да працэсу мірных перамоваў і магчымай міратворчай місіі ва Украіне
Пакуль Еўропа збірае сілы для міратворчай місіі ва Украіне, Дональд Трамп па-ранейшаму знаходзіцца ў палоне сваіх уяўленняў пра «добрага Пуціна». Нягледзячы на тое, што ўсе эксперты яго папярэджваюць — «добрага Пуціна» няма.

Фота: Генштаб УСУ
Ідзе 1101-шы дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, пры падтрымцы і саўдзеле ў гэтай агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У цэлым за мінулыя суткі на франтах ва Украіне зафіксавана 128 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 лютага.
Па-ранейшаму застаецца напружаным Пакроўскі кірунак: там абаронцы Украіны спынілі 49 штурмавых дзеянняў расіян.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атаку раёнах Канстанцінопаля, Новадараўкі, Бурлацкага. На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 11 атак у раёнах Крымскага і Тарэцка.
Па шэсць штурмаў адбіта на Харкаўскім, Ліманскім, і Гуляйпольском кірунках. На Арэхаўскім кірунку расіяне дзевяць разоў штурмавалі пазіцыі Сіл абароны Украіны ў раёнах Стэпавага, Пяціхатак і Каменскага.
УСУ працягваюць аперацыю ў Курскай вобласці Расіі, дзе адбілі 11 штурмавых захадаў расіян. За мінулыя суткі авіацыя РФ нанесла 16 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы пры 28 КАБ.
* * *
Паводле ацэнак Інстытута вывучэння вайны (ISW), заявы кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна і афіцыйных асоб Крамля сігналізуюць, што РФ захоўвае «максімалісцкія тэрытарыяльныя амбіцыі і не жадае ісці на тэрытарыяльныя саступкі». Пуцін і расійскія чыноўнікі працягваюць адкідваць умовы перамоваў, прапанаваныя ЗША, і патрабаваць ад Украіны адмовіцца ад тэрыторый, якія Расія нават не акупуе.
У сваім звароце да Калегіі Федэральнай службы бяспекі 27 лютага Пуцін заявіў, што Расія працягне ўзмацняць аперацыі ФСБ на Данбасе і ў так званай «Наваросіі». А спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў у гэты ж дзень заявіў, што Данбас і «Наваросія» з'яўляюцца «неад'емнай» часткай Расіі.
У аглядзе паказваюць, што Пуцін і іншыя расійскія чыноўнікі раней вызначалі так званую «Наваросію» як усю ўсходнюю і паўднёвую Украіну (уключаючы Харкаўскую, Днепрапятроўскую, Адэскую і Мікалаеўскую вобласці), хоць яе дакладныя межы выклікаюць спрэчкі нават сярод расійскіх ультранацыяналістаў.
Пуцін раней патрабаваў, каб Украіна здала Данецкую, Луганскую, Херсонскую і Запарожскую вобласці, хоць расійскія войскі не акупавалі значную частку Данецкай, Херсонскай і Запарожскай абласцей.
«Новыя афіцыйныя заявы Расіі пра тое, што выдуманы рэгіён “Наваросія” з'яўляецца часткай Расіі, паказваюць, што Пуцін захоўвае свае максімалісцкія тэрытарыяльныя амбіцыі і не жадае ісці на тэрытарыяльныя саступкі», — піша ISW.
«ISW працягвае ацэньваць, што Пуцін застаецца незацікаўленым у добрасумленных перамовах, якія патрабуюць кампрамісаў, і лічыць, што зможа дасягнуць сваіх ваенных мэтаў у сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве» — рэзюмуюць эксперты.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў 26 лютага, што калі Расія «выстаўляе максімалісцкія патрабаванні, яна ведае, што яны не могуць быць выкананыя», то Злучаныя Штаты будуць ведаць, што Пуцін не «сур'ёзна» ставіцца да ўдзелу ў перамовах.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не верыць у тое, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін парушыць «мірнае пагадненне», якое можа быць укладзенае для заканчэння вайны ва Украіне. Пра гэта ён сказаў падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам.
На пытанне, ці верыць Трамп у тое, што Пуцін «будзе прытрымлівацца пагаднення», якое можа быць укладзенае для заканчэння вайны ва Украіне, прэзідэнт ЗША адказаў: «Я яго (Пуціна) ужо доўгі час ведаю і не веру, што ён плануе парушыць сваё слова. Калі мы заключым пагадненне, я думаю, што пагадненне будзе выконвацца».
* * *
Лідары еўрапейскага Саюза на сустрэчы 6 сакавіка абмяркуюць прызначэнне спецыяльнага пасланніка, які будзе прадстаўляць ЕС на магчымых перамовах па «спыненні вайны» Расіі супраць Украіны. Пра гэта агенцтва Bloomberg даведалася ад інфармаваных крыніц.
Спецыяльны саміт ЕС, аб скліканні якога раней абвясціў старшыня Еўрапейскага савета Антоніу Кошта, будзе прысвечаны пытанням еўрапейскай абароны. На сустрэчу запрошаны і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паводле інфармацыі Bloomberg, дыскусіі на саміце будуць накіраваныя на выпрацоўку адзінай пазіцыі ў абароне – як для пераўзбраення еўрапейскага кантынента, так і ў дачыненні да Украіны. Абмеркаванне закране і прызначэнне спецпрадстаўніка для ўдзелу ў будучых мірных перамовах аб Украіне, піша агенцтва.
* * *
18 краін далучаецца да працэсу мірных перамоваў і магчымай міратворчай місіі ва Украіне. 2 сакавіка Вялікабрытанія прыме іх для далейшых перамоваў па Украіне, заявіў брытанскі прэм'ер-міністр Кір Стармер пасля перамоваў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Белым доме.
«Я цесна супрацоўнічаю з еўрапейскімі лідэрамі і я выразна заяўляю, што Вялікабрытанія гатовая адправіць сухапутныя войскі і падняць самалёты ў паветра, каб падтрымаць пагадненне, працуючы разам з нашымі саюзнікамі, таму што гэта адзіны спосаб, каб мір працягваўся», — адзначыў ён.
Стармер таксама падкрэсліў, што нельга дасягнуць такога міру, які «ўзнагароджвае агрэсара» і дадаў, што Вялікабрытанія гатовая ўзмацніць сваю вайсковую дапамогу Украіне так, «як ніколі раней». «Сапраўды важна, каб Пуцін ведаў, што мы ў стане справіцца з любым яго жаданнем зноў пайсці ў наступ», — рэзюмаваў кіраўнік брытанскага ўрада.
* * *
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ пасля размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам заявіў, што чальцы Альянсу працягнуць падтрымку Украіны. «Для Украіны чальцы Альянсу рыхтуюць дадатковыя мільярды дапамогі і ўнёскі ў гарантыі бяспекі», — напісаў генеральны сакратар NATO у сацсетцы X.
Таксама паводле вынікаў размовы Рутэ заявіў, што «ЗША і NATO становяцца мацнейшымі», а чальцы Альянсу «хутка павялічваюць інвестыцыі ў абарону».