403-ці дзень вайны. Тэмп наступу Расіі пад Бахмутам зменшыўся
Генеральны штаб УСУ распавёў, дзе працягваюцца самыя гарачыя баі з расійцамі. Адзначаецца, што за мінулыя суткі акупанты дзясяткі разоў спрабавалі атакаваць абаронцаў Украіны, але не мелі поспехаў.
На працягу мінулых сутак, 1 красавіка, расійскія акупанты
працягнулі весці наступ на Аўдзееўскім, Бахмуцкім, Мар'інскім і Ліманскім
кірунках, там украінскія воіны адбілі больш за 70 варожых нападаў.
Самыя гарачыя баі працягваліся за раёны такіх населеных пунктаў — Аўдзееўка, Бахмут і Мар'інка. У Генштабе дадалі, што абаронцы Украіны адбілі больш за 25 нападаў праціўніка на Бахмут.
«Вораг працягвае штурмаваць горад Бахмут, спрабуе ўзяць яго пад поўны кантроль. Таксама за мінулыя суткі нашы абаронцы адбілі атакі праціўніка ў раёне населеных пунктаў Багданаўка і Прадцечына», — гаворыцца ў зводцы.
На Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках расійцы беспаспяхова спрабавалі наступаць у раёнах населеных пунктаў Вадзяное, Паўночнае, Першамайскае, Навакалінава, Мар'інка і Аўдзееўка. Толькі каля Аўдзееўкі і Мар'інкі абаронцы Украіны адбілі больш за 20 нападаў з боку праціўніка.
У суботу, 1 красавіка, расійцы нанеслі па
тэрыторыі Украіны 30 авіяцыйных удараў і два ракетных, а таксама здзейснілі
больш за 40 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Акупанты, у прыватнасці, нанеслі ўдары балістычнымі ракетамі па двух гарадах, якія знаходзяцца на Данбасе, гаворыцца ў зводцы Генштаба Украіны. Пагроза таго, што РФ нанясе авіяцыйныя або ракетныя ўдары, застаецца высокай на ўсёй тэрыторыі Украіны.
«Не маючы жаданых вынікаў на полі бою, вораг працягвае цынічна весці вайну супраць мірных грамадзян. Расійская Федэрацыя нанесла чарговыя ракетныя ўдары па грамадзянскіх аб'ектах горада Дружкоўка і Аўдзееўка Данецкай вобласці, ужыўшы балістычныя ракеты. Ёсць загінулыя і параненыя сярод грамадзянскага насельніцтва», — адзначаецца ў паведамленні.
Нагадаем, 1 красавіка стала вядома, што расійцыі нанеслі ракетны ўдар па Аўдзееўцы — першая ракета трапіла ў адмінбудынак, а другая таксама трапіла ў аб'ект інфраструктуры.
За мінулыя суткі расійскія войскі не дасягнулі ніякіх
пацверджаных поспехаў у Бахмуце і яго ваколіцах. Тэмпы наступаў значна
знізіліся. Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Як адзначаюць аналітыкі, нядаўна ў раёне Бахмута выпаў моцны снег, і ўмовы надвор'я маглі запаволіць прасоўванне расійцаў у горадзе.
Спікер Усходняй групоўкі войскаў Украіны палкоўнік Сяргей Чараваты паведаміў, што ў раёне Бахмута адбылося 25 баявых сутыкненняў, а тэмпы расійскага штурму працягваюць зніжацца ў параўнанні з двухтыднёвай даўнасцю. Чараваты таксама заявіў, што акупанты працягваюць перагрупоўку ў раёне Бахмута, у ISW лічаць, што расійскія сілы могуць павялічыць тэмп наступу ў Бахмуце і вакол яго, прыцягваючы больш сіл.
У той жа час расейскія «ваенкары» сцвярджалі, што баевікі ПВК Вагнера вялі штурмавыя дзеянні ў паўднёвай і паўночнай частках Бахмута і паступова прарываюць украінскую абарону ў паўднёвай і паўднёва-заходняй частках горада. Паводле версіі расійцаў, найміты ПВК Вагнера працягваюць прасоўвацца да цэнтра Бахмута і займаюць пазіцыі ў 200-250 метрах ад будынка Бахмуцкай гарадской адміністрацыі. Адзін з расійскіх «ваенкараў» заявіў, што расійскія сілы, якія дзейнічаюць у Бахмуце, сталі абыякавымі да смерці сваіх таварышаў.
1 красавіка ўкраінскія, заходнія і расійскія
крыніцы адзначалі, што зімовы наступ РФ ва Украіне не прывёў да ўвасаблення ў
жыццё мэтаў, пастаўленых Крамлём, — захопу да 31 сакавіка ўсёй тэрыторыі
Данецкай і Луганскай абласцей.
Праз правальны наступ у Расіі хутка магчымыя кадравыя змены ў вышэйшым вайсковым кіраўніцтве, лічаць эксперты ISW.
«Спекуляцыі з нагоды змяненняў у расійскім вайсковым камандаванні, якія павялічваюцца ў Расіі, імаверна, паказваюць на тое, што РФ неўзабаве можа зрабіць перастаноўкі ў сваім вышэйшым вайсковым кіраўніцтве праз няўдалы зімовы наступ», — падзяліліся аналітыкі.
У суботу расійскія акупацыйныя
войскі ў чарговы раз атакавалі Херсонскую вобласць. Расійцы ўдарылі па Берыслаўшчыне.
«У каторы раз у Берыславе пад варожым агнём апынуліся жылыя дамы. Таксама акупанты пашкодзілі аб'ект крытычнай інфраструктуры, праз што некалькі населеных пунктаў часова засталіся без святла. Адпаведныя службы ўжо працуюць на месцы здарэння», — адзначыў старшыня Берыслаўскай РВА Уладзімір Літвінаў у Telegram.
З-за абстрэлаў Берыслава раненні атрымаў адзін чалавек. Адзначаецца, што акупанты атакавалі яшчэ адзін населены пункт.
Паводле украінскіх СМІ