500-ты дзень вайны. Зяленскі прыбыў на востраў Змяіны
Уладзімір Зяленскі ў 500-ты дзень поўнамаштабнай вайны наведаў востраў Змяіны. Як паведаміў прэзідэнт Украіны ў тэлеграме, ён ушанаваў памяць герояў, якія аддалі сваё жыццё ў бітве за востраў.
«500 дзён поўнамаштабнай вайны. Змяіны. Свабодны востраў свабоднай Украіны. Удзячны
ўсім, хто змагаўся тут супраць акупантаў. Ушанавалі памяць герояў, якія аддалі
сваё жыццё ў гэтай бітве — адной з самых важных за час поўнамаштабнай вайны.
Слава кожнаму і кожнай, хто ваюе дзеля бяспекі ў нашым Чорным моры! Гонар!», —
напісаў Уладзімір Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны прыбыў на Змяіны лодкай у суправаджэнні кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Ермака. Зяленскі разам з Ермаком і ўкраінскімі ваярамі ўсклалі кветкі да мемарыяла загінулым воінам.
«Я хачу падзякаваць з гэтага месца перамогі кожнаму нашаму воіну за гэтыя 500 сутак. Нашы ўзброеныя сілы, наша разведка, Нацгвардыя, нашы пагранічнікі, Служба бяспекі Украіны, Нацпаліцыя, нашы сувязісты, наш народ. Я дзякую ўсім, хто б'ецца дзеля Украіны. І хай свабода, якой для Украіны хацелі ўсе нашы героі, і якую трэба будзе заваяваць менавіта цяпер, будзе пашанай, хто аддаў жыццё дзеля Украіны. Мы абавязкова пераможам. Слава Украіне», — сказаў Зяленскі.
Востраў Змяіны — адзін з найважнейшых стратэгічных аб'ектаў акваторыі Чорнага мора, які расійцы акупавалі ў лютым 2022 года. Яго ўдалося вызваліць 30 чэрвеня 2022 года.
Гэтаму папярэднічала ліквідацыя вядомага расійскага флагмана Чарнаморскага флоту крэйсера «Масква» ў красавіку. Тады Мінабароны РФ назвала сваё адступленне «жэстам добрай волі».
Кіраўнік Аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк распавяла, што расійскія акупанты вельмі істотна прыціснутыя на Запарожскім кірунку.
Пра гэта яна сказала ў эфіры тэлемарафона. «Цяпер на нашым кірунку намаганні ворага сканцэнтраваны менавіта на недапушчэнні нашага прасоўвання. Таму што яны вельмі істотна прыціснутыя на Запарожскім кірунку, яны вельмі істотна збянтэжаныя і напалоханыя на Дняпроўскім кірунку: тое, што тычыцца ракі Днепр і ўздоўж ўзбярэжжа левага, — там, дзе яны не могуць прывесці ў парадак свае пазіцыі, гэта значыць вярнуцца паўнавартасна», — адзначыла Гумянюк.
Аднак захопнікі ўсё ж спрабуюць уладкоўвацца там, дзе адышла вада.
«Але гэта абцяжарана, таму што сапраўды і гуманітарная сітуацыя на гэтых тэрыторыях проста крытычная: там квітнеюць кішачныя інфекцыі, вельмі складаная сітуацыя з водазабеспячэннем і наогул з лагістыкай», — адзначыла прэс-сакратарка.
Гумянюк дадала, што тыя падраздзяленні ворага, якія могуць там разгортвацца і выстаўляць свае агнявыя пазіцыі, маюць вельмі нізкі маральна-псіхалагічны дух.
«Ім вельмі складана заставацца на тых пазіцыях. Яны ўвесь час спрабуюць вярнуцца на тыя рубяжы абароны, якія ўжо аблюбавалі падчас высокай вады, і ўсвядомілі, і змірыліся з тым, што ім ужо пара выкарыстоўваць наступны рубеж абароны», — сказала Гумянюк.
Паводле яе слоў, акупанты спрабуюць максімальна абстрэльваць правы бераг і дэакупаваныя населеныя пункты. Гумянюк таксама адзначыла, што ў населеных пунктах, якія яшчэ пакутуюць ад затаплення, захопнікі спрабуюць усталёўваць мінамёты на верхніх паверхах будынкаў, але такія кропкі «адпрацоўваюцца».
Сур'ёзныя поспехі абаронцаў Украіны можна ўбачыць на кадрах з геалакацыяй, якія былі апублікаваныя ў чацвер, 6 ліпеня, паведаміў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваёй свежай справаздачы.
«Кадры паказваюць, што ўкраінскія войскі дасягнулі тактычна значных поспехаў каля Ягаднага (2 км на поўнач ад Бахмута)», — падзяліліся аналітыкі.
Варта адзначыць, што Ягаднае — гэта пасёлак, які размешчаны ў цэнтры Бахмуцкага раёна. У раёне населенага пункта ішлі жорсткія баі.
Пасля захопу Бахмута ў траўні расійцамі зараз ужо УСУ перайшлі ў контрнаступленне, якое пагражае акупантам стратай гэтага горада. Пра гэта паведамляе Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, спасылаючыся на звесткі выведкі.
«Пасля зацішша ў чэрвені 2023 года, цягам апошніх сямі дзён Бахмут зноў стаў месцам адных з самых інтэнсіўных баёў на фронце», — гаворыцца ў паведамленні.
«Украінскія сілы здабываюць устойлівы поспех як з паўночнага, так і з паўднёвага боку горада, які ўтрымліваецца Расіяй. Вельмі верагодна, што расійская абарона пакутуе ад нізкага маральнага духу, спалучэння разрозненых падраздзяленняў і абмежаванай здольнасці знаходзіць і паражаць украінскую артылерыю», — адзначаецца ў паведамленні.
«Расійскае кіраўніцтва амаль напэўна бачыць палітычна непрымальнай здачу Бахмута, які мае сімвалічную вагу як адно з нямногіх расійскіх дасягненняў у апошнія 12 месяцаў. Аднак, вельмі верагодна, што ёсць некалькі дадатковых рэзерваў, каб накіраваць у гэты сектар» , — сказана ў паведамленні.