501-шы дзень вайны. Павялічылася колькасць ахвяр расійскага абстрэлу ў Лімане
Сабралі апошнія звесткі з франтоў вайны, якую летась распачала пуцінская Расія супраць Украіны.
У Лімане
Данецкай вобласці ўзрасла колькасць загінулых і параненых у выніку ўдару
акупантаў па прыватным сектары горада 8 ліпеня.
Як паведаміў кіраўнік Данецкай вобласці Павел Кірыленка, колькасць загінулых узрасла да дзевяці, а параненых — да 13. «За 8 ліпеня расійцы забілі дзесяць жыхароў Данецкай вобласці: дзевяць у Лімане і аднаго ў Аўдзееўцы. Яшчэ 13 чалавек за суткі атрымалі раненні», — паведаміў ён.
У МУС удакладнілі, што ў Аўдзееўцы расійскія войскі забілі жанчыну падчас абстрэлу 7 ліпеня, патрапіўшы ў прыватны дом.
За 500 дзён вайны Расія не змагла дасягнуць ва Украіне ніводнай з пастаўленых мэтаў. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). «500 дзён таму РФ пачала несправакаваную захопніцкую вайну супраць Украіны. Расійскія вайскоўцы мелі намер узяць Кіеў за тры дні, але не змаглі дасягнуць ніводнай з намечаных мэтаў ва Украіне», — канстатавалі ў Інстытуце.
У ISW адзначылі, што рашучы і ўмелы супраціў украінцаў спыніў шматлікія расійскія наступы, у тым ліку на Кіеў, і вызваліў Сумскую і Чарнігаўскую вобласці, а таксама часткі Харкаўскай, Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей, якія былі часова захопленыя акупантамі.
«Украінскія войскі адваявалі ініцыятыву і праводзяць контрнаступныя аперацыі ўздоўж большай часткі фронту тады, як расійскія войскі амаль цалкам сканцэнтраваныя на спробах утрымаць украінскія землі, якія яны ўсё яшчэ кантралююць», — адзначылі аналітыкі.
Акрамя таго, у ISW дадалі, што дзякуючы дапамозе заходніх партнёраў Украіна забяспечыла сваю незалежнасць, аднак перад ёй стаіць задача вызвалення стратэгічна важных тэрыторый, якія ўсё яшчэ знаходзяцца пад расійскім кантролем.
Кіраўніца Аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк адзначае, што сітуацыя на поўдні застаецца досыць складанай, а ў некаторых расійскіх акупантаў дыягнастуюць халеру.
«Сітуацыя (на поўдні) застаецца досыць складанай, развіваецца магутна і энергічна. Паколькі вораг, беспаспяхова вышукваючы кірунак, адкуль яму чакаць максімальнага ўдару, спрабуе абстрэльваць населеныя пункты ўздоўж лініі фронту», — адзначыла Гумянюк.
У прыватнасці, дадала яна, захопнікі працягваюць прымяняць і кіраваныя авіябомбы.
У той жа час, адзначыла прэс-сакратар, «трохі паменшылася інтэнсіўнасць абстрэлаў». «Цалкам верагодна, праз тое, што наша праца па складах з боепрыпасамі на мінулым тыдні была выніковай», — сказала Гумянюк.
Так, адзначыла яна, знішчаныя такіх пяць складоў боепрыпасаў у паласе левага берага, пасля чаго за мінулыя суткі колькасць абстрэлаў зменшылася да 70 (раней было ад 90 і болей).
Гаворачы аб спробах акупантаў вярнуцца на пазіцыі, якія яны займалі да падрыву Кахоўскай гідраэлектрастанцыі, прэс-сакратар адзначыла, што гэта ўдаецца ім часткова. «Там, дзе вада адышла досыць моцна, яны вяртаюцца. Але гэтая праца для іх ускладненая сваім жа мініраваннем. Таму што яно праводзілася стыхійна», — сказала яна.
Акрамя таго, падкрэсліла Гумянюк, у расійцаў вельмі складаная гуманітарная сітуацыя. «Яны працягваюць вельмі сур'ёзна пакутаваць ад кішэчных інфекцый, і некаторыя лекары дыягнастуюць гэта як халеру», — сказала прэс-сакратарка.
За мінулыя суткі расійскія захопнікі на Ліманскім напрамку вялі штурмавыя дзеянні і спрабавалі выцесніць украінскіх воінаў з іх пазіцый каля вёскі Вясёлае Данецкай вобласці, але не мелі поспехаў. На Шахцёрскім кірунку акупанты марна спрабавалі рухацца наперад у раёне Благадатнага Данецкай вобласці. Пра гэта паведаміў Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны ў сваёй зводцы, апублікаванай раніцай 9 ліпеня.
Паводле звестак Генштаба, акупанты на Купянскім кірунку спрабавалі наступаць каля Стэльмахоўкі, Бераставога і Навасёлаўскага Луганскай вобласці, але УСУ адбілі ўсе атакі.
На Мар'інскім кірунку расійцы, ужываючы артылерыю, спрабаваў ісці ў атакі ў Мар’інцыі, але не дасягнулі поспехаў.
На Аўдзееўскім кірунку акупанты дарэмна спрабавалі рухацца наперад у раёнах населеных пунктаў Невельскае, Першамайскае, Стэпавае і Новакалінава Данецкай вобласці.
«Праціўнік засяроджвае асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — на працягу сутак адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў», — адзначаецца ў зводцы Генштаба.