506-ты дзень вайны ва Украіне: начная атака дронаў

У ноч на 14 ліпеня Украіну зноў атакавалі дроны: 16 з 17 беспілотнікаў збілі, толькі ў Крывым Рогу БПЛА патрапіў у камунальнае прадпрыемства.

photo_2023_07_11_10_46_24.jpg

Навіны вайны

Ноччу сілы СПА знішчылі 16 з 17 ударных дронаў, паведаміла камандаванне паветраных сіл. Расія атакавала Украіну ўдарнымі беспілотнікамі «Shahed-136/131» з паўднёва-ўсходняга напрамку (Прыморск-Ахтарск). 

Таксама ноччу быў збіты адзін выведвальны БПЛА, яшчэ шэсць беспілотнікаў аператыўна-тактычнага ўзроўню супрацьпаветраная абарона знішчыла на працягу мінулых сутак.

Ноччу Днепрапятроўскую вобласць атакавалі расійскія беспілотнікі, сілы СПА збілі шэсць ударных дронаў, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак

У Крывым Рогу БПЛА трапіў у камунальнае прадпрыемства — на яго тэрыторыі адзін адміністрацыйны будынак знішчаны. Пацярпелі транспартнае прадпрыемства і два двухпавярховыя жылыя дамы, адзін чалавек паранены. 

«Пашкоджана камунальнае прадпрыемства. На яго тэрыторыі адміністрацыйны будынак знішчаны, яшчэ тры пашкоджаны, а таксама спецтэхніка. Зачапіла [яшчэ адно] транспартнае прадпрыемства і два двухпавярховыя жылыя дамы. Пацярпеў 56-гадовы мужчына. Ён будзе лячыцца дома», — напісаў днепрапятроўскі губернатар Сяргей Лысак у сваім тэлеграм-канале.

  • У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек (у Першамайскім), яшчэ чацвёра атрымалі раненні. 
  • У Херсонскай вобласці адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін паранены.
  • У Запарожскай вобласці адзін чалавек загінуў, чацвёра атрымалі раненні, паводле даных АВА.

Расіяне выкарыстоўваюць пагаршэнне ўмоў надвор'я для паветраных нападаў на тэрыторыю Украіны, распавёў спікер паветраных сіл Юрый Ігнат. Ён удакладніў, што цёмны час сутак, а таксама воблачнасць абцяжарваюць працу мабільных агнявых груп. Таксама надвор'е ўплывае на любыя аб'екты, якія знаходзяцца ў небе, на працу пілатуемай авіяцыі.

У той жа час Ігнат дадаў, што на крылатыя ракеты і «Шахеды» надвор'е не моцна ўплывае, таму што яны ляцяць па зададзеным маршруце: «Магчыма, калі будзе моцны бакавы вецер, абмярзанне з перападам тэмператур, гэта можа ўплываць на «Шахеды», якія запускаюць праз Азоўскае мора... цяпер, як мы бачым, праціўнік прымяняе іх нават у такое надвор'е, калі і воблачна, і ліўні».

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 14 ліпеня: асабовага складу — каля 236 590 (+550 за мінулыя суткі) чалавек.

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

За мінулыя суткі сілы абароны знішчылі тры расійскія ДРГ у вусці Дняпра, распавяла спікер Сіл абароны поўдня Наталля Гумянюк: «Яны спрабуюць час ад часу там манеўраваць, збіраючы інфармацыю аб руху Сіл абароны Украіны, спрабуючы ратаваць свой асабовы склад. І за мінулыя суткі намі былі выяўлены тры такія групы на трох лодках. Усе знішчаны: 11 акупантаў і тры лодкі».

Украінскія войскі працягваюць наступ на поўнач і на поўдзень ад Бахмута, у напрамку Белая Гара — Андрэеўка мелі поспех, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, паведаміў спікер Генштаба Андрэй Кавалёў. Таксама сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ расіян на купянскім, ліманскім, аўдзееўскім і мар'інскім кірунках. Ідуць цяжкія баі. На працягу сутак адбылося каля 30 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

Вайна ў РФ

Губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў заявіў, што тры беспілотнікі былі збіты СПА за некалькі кіламетраў ад Варонежа, пацярпелых і разбурэнняў няма. Гусеў не ўдакладніў тып беспілотнікаў.

«Учора за некалькі кіламетраў ад Варонежа сродкі СПА выявілі і знішчылі тры БПЛА. Ахвяр, пацярпелых, разбурэнняў няма», — напісаў раніцай у пятніцу губернатар у сваім тэлеграм-канале. Адметна, што роўна тыдзень таму Гусеў заяўляў, што на падлёце да Варонежа было збіта два беспілотнікі.

Курскі губернатар Раман Старавойт паведаміў аб падзенні беспілотніка ноччу ў Курчатаве, пацярпелых няма, «крытычна важныя аб'екты не пашкоджаны». 

Пазней у расійскіх экстранных службах заявілі, што беспілотнік упаў у Курчатаве за некалькі кіламетраў ад Курскай АЭС, пацярпеў жылы дом. 

«Уначы ў горадзе Курчатаве адбылося падзенне БПЛА. На шчасце, ніхто з жыхароў не пацярпеў. Крытычна важныя аб'екты ў выніку падзення беспілотніка і яго наступнай дэтанацыі пашкоджаны не былі», — піша Старавойт у сваім тэлеграм-канале. Паводле ягоных звестак, пашкоджанні атрымаў шматкватэрны дом — «у яго пасечаны фасад і пашкоджана шкленне».

Пуцін: «Вагнера» не існуе

Пуцін асабіста распавёў пра сустрэчу з Прыгожыным пасля бунту. Пуцін заявіў, што ПВК «Вагнер» «не існуе, бо ў Расіі не існуе закона аб прыватных вайсковых арганізацыях». Пры гэтым ён дадаў, што статус прыватных вайсковых кампаній у Расіі «няпросты», ён павінен абмяркоўвацца ва ўрадзе і Дзярждуме.

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін упершыню пракаментаваў сустрэчу з Яўгенам Прыгожыным і наймітамі ягонага ПВК «Вагнер», якая адбылася ў Крамлі праз пяць дзён пасля ўчыненага імі бунту. Фактычна нічога новага Пуцін не сказаў — усе пералічаныя ім дэталі раней паведаміў яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў. Таму навіной стала прызнанне відавочнага факта — ПВК «Вагнер» усе гэтыя гады была па-за законам, бо ў Расіі з юрыдычнага пункту гледжання не могуць існаваць прыватныя ваенныя кампаніі.

«Я на сустрэчы з імі [вагнераўцамі] даў ацэнку таго, што яны зрабілі на полі бою, і таго, што яны зрабілі падчас падзей 24 чэрвеня. Таксама паказаў магчымыя варыянты далейшага праходжання іх службы, у тым ліку і баявога прымянення. Вось і ўсё», — сказаў Пуцін.

У РФ створана сетка турмаў для ўкраінцаў

У Расіі развіваюць цэлую сетку турмаў для ўкраінцаў, гаворыцца ў расследаванні «Associated Press». Журналісты высветлілі, што ўкраінцаў цяпер утрымліваюць у 40 турмах на тэрыторыі РФ і ў 63 турмах у акупаваных рэгіёнах. У гэтых турмах трымаюць і вайскоўцаў, і цывільных грамадзян Украіны — іх катуюць, прымушаюць рыць акопы для расіян, а таксама брацкія магілы. 

Гэту інфармацыю пацвярджаюць спадарожнікавыя здымкі, сацыяльныя сеткі, урадавыя дакументы і копіі лістоў, дастаўленыя Чырвоным Крыжам. Паводле ўкраінскіх улад, каля 10 тысяч украінцаў сёння знаходзяцца ў расійскіх турмах.

Навіны заходніх партнёраў Украіны

Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што агулам задаволены вынікамі саміту NATO ў Вільні і цяпер запрашэнне для Украіны «бліжэйшае, чым здаецца». Міністр адзначыў, што ўкраінскай дэлегацыі ўдалося пераадолець псіхалагічны бар'ер на саміце, і цяпер цалкам відавочна, што краіну рэальна бачаць чальцом Альянсу.

Байдэн упаўнаважыў Пентагон накіраваць каля 3000 вайскоўцаў з рэзерву ў Еўропу на фоне вайны Расіі ва Украіне, паведамляе CNN. Цяпер у Еўропе знаходзяцца больш за 100 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў — колькасць іх вырасла пасля пачатку ўварвання РФ ва Украіну ў лютым 2022 года.

Згодна з новым указам, рэзервісты будуць удзельнічаць у аперацыі «Атлантычная рашучасць» («Atlantic Resolve») — ратацыйным разгортванні, якое ўмацоўвае ўсходні фланг NATO. Чакаецца, што адпраўка рэзервістаў зойме каля шасці месяцаў. Дадатковыя войскі, хутчэй за ўсё, будуць працаваць у сферы лагістыкі і забеспячэння або ў медыцынскай сферы.

У Палаце прадстаўнікоў адхілілі некалькі паправак у абаронны бюджэт ЗША на 2024 год, якія былі небяспечныя для Украіны, паведаміла амбасадарка Украіны ў ЗША Аксана Маркарава.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк і дзяржавы-чальцы ЕС стварылі новы фонд Ukraine Trust Fund з капіталам 400 мільёнаў еўра, грошы з якога будуць накіраваны на аднаўленне Украіны. З 27 краін Еўрасаюза 16 пагадзіліся ўнесці сродкі ў гэты фонд. Найбольшыя ўклады зрабілі Францыя і Італія: яны вылучаюць па 100 мільёнаў еўра, якія будуць накіраваны на рамонт інфраструктуры Украіны, прадастаўленне фінансавання малым і сярэднім прадпрыемствам або камунальным службам.

Пентагон учора пацвердзіў перадачу Украіне касетных боепрыпасаў. «Яны ўжо там», — заявілі ў Мінабароны ЗША, і дадалі, што гаворка ідзе не толькі пра амерыканскія снарады, але і пра боепрыпасы з іншых краін.