530-ты дзень вайны. Страты Расіі ва Украіне перавысілі 250 тысяч чалавек, значную лепту ўнеслі самі расіяне

Падобна на тое, што расійскія войскі спрабуюць стрымаць контрнаступленне УСУ «сустрэчнымі штурмамі». Гэта непазбежна вядзе да вялікіх страт. Але ў гэтыя выходныя значную частку страт забяспечылі самі расіяне.

_viyskovi_gaubitsya_caesar__zima_gettyimages_1245850289__1__3_650x410.jpg

Зводка Генштаба УСУ

Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы паведамляе, што за мінулыя суткі на франтах адбылося 50 баявых сутыкненняў.

Адзначаецца, што ўкраінскае войска трымае абарону на купянскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар'інскім кірунках. Расійскія войскі спрабавалі наступаць у Запарожжы, у раёне Рабацінага, поспеху не мелі.

«Вораг працягвае несці вялікія страты, якія ўсімі спосабамі спрабуе схаваць. Так, у часова захопленым населеным пункце Чаплінка Херсонскай вобласці, на тэрыторыю морга з херсонскага кірунку прыбылі два грузавыя аўтамабілі з целамі вайскоўцаў арміі РФ. Яны былі пахаваны ў двух лакацыях», — паведамілі ў Генштабе.

Паводле звестак Генштаба УСУ, страты расійскіх войскаў з пачатку вайны перавысілі 250 тысяч чалавек.

Зрэшты, гэта не толькі заслуга УСУ. На запарожскім кірунку недалёка ад вышэй згаданага Рабацінага расійская артылерыя «сяброўскім агнём» накрыла сваё ж падраздзяленне. Былі забіты 32 салдаты.

Пасля ўдару УСУ выявілі пазіцыі расійскай артылерыі і «адпомсцілі» — накрылі яе ўжо касетнымі снарадамі. Загінулі яшчэ 19 чалавек, шмат параненых, у тым ліку цяжка, пішуць расійскія «ваенкары».

На валынскім і палескім кірунках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен.

Абстрэлы Украіны

Уначы 7 жніўня войскі РФ ударылі ракетай па Сінельнікаўскім раёне Днепрапятроўскай вобласці. Абышлося без пацярпелых.

Гэтай ноччу расійскія войскі тройчы атакавалі жылыя дамы ў цэнтры Херсона. У выніку абстрэлу ёсць пацярпелыя, адна жанчына загінула.

На працягу мінулага дня вораг здзейсніў 21 абстрэл Сумскай вобласці, зафіксавана 139 выбухаў, ёсць пашкоджанні, але пацярпелых няма.

Улады Расіі заявілі аб збіцці беспілотніка над Калужскай вобласцю. Наступстваў для людзей і інфраструктуры няма.

2872753.jpg

Навошта УСУ ўзрываюць масты?

Удары Сіл абароны Украіны па крытычных расійскіх аб'ектах наземных камунікацый, у прыватнасці, па мастах у акупаваным Крыме, з'яўляюцца часткай кампаніі УСУ, накіраванай на стварэнне ўмоў для будучых рашучых контрнаступальных аперацый, лічаць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны.

Украінскія вайскоўцы 6 жніўня нанеслі ўдар па двух ключавых аўтадарожных мастах праз Чангар і Генічэск уздоўж найважнейшых наземных камунікацый расійскіх захопнікаў (GLOC), якія злучаюць акупаваныя Крым і частку Херсонскай вобласці, у выніку чаго войскі РФ перанакіравалі дарожны рух з больш кароткіх усходніх маршрутаў на больш доўгія заходнія.

Вядомы расійскі блогер, звязаны з ПВК «Вагнер», сцвярджае, што ўдары УСУ 6 жніўня паказваюць, што ўкраінскія сілы метадычна спрабуюць адрэзаць расійскую групоўку на поўдні Украіны і парушыць яе лагістыку, падобна ўкраінскай кампаніі перахопу падчас херсонскага контрнаступлення.

Таксама «ваенкар» адзначаў, што расійская абарона на заходнім (правым) беразе Херсонскай вобласці была разбурана ў лічаныя дні пасля некалькіх месяцаў удараў УСУ па лагістыцы акупантаў, і выказаў асцярогу, што сітуацыя можа паўтарыцца.

Аналітыкі мяркуюць, што ўкраінскія ўдары па ўсходніх кантрольна-прапускных пунктах, хутчэй за ўсё, перапыняць перакідку расійскага асабовага складу, тэхнікі і абсталявання з акупаванага Крыма для правядзення найважнейшых абарончых аперацый РФ у заходняй частцы Запарожскай вобласці і ў раёне мяжы паміж Запарожскай і Данецкай абласцямі на нявызначаны тэрмін.

ААН супраць «ляскання ядзернай зброяй»

Генеральны сакратар ААН Антоніа Гутэрыш, звяртаючыся з мемарыяла міру ў Хірасіме (Японія), заявіў, што ў свеце ўзмацніліся ядзерныя рызыкі і «барабаны ядзернай вайны б'юць зноў». «Некаторыя краіны зноў без роздумаў ляскаюць ядзернай зброяй, пагражаючы выкарыстоўваць гэтыя інструменты знішчэння», — заявіў Гутэрэш.

Ён заклікаў сусветную супольнасць выступіць як адзінае цэлае ў пытанні аб поўнай ліквідацыі ўсёй ядзернай зброі.

У сакавіку Пуцін заявіў пра намер размясціць ядзерную зброю ў Беларусі.

Глядзіце таксама