580-ты дзень вайны. Расійцы ўдарылі па Херсонскай і Адэскай абласцях, ёсць ахвяры
На правым беразе Херсонскай вобласці з-за масіраваных расійскіх удараў ёсць ахвяры — загінулыя і параненыя.
Як паведамляе начальнік Херсонскай абласной ваеннай
адміністрацыі Аляксандр Пракудзін, за мінулыя суткі расійцы здзейснілі 93 абстрэлы, выпусціўшы
больш за 490 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, «Градаў», танкаў, гранатамётаў,
буйнакаліберных кулямётаў, авіяцыі і БПЛА, адзін з іх быў ракетны.
Расійскія вайскоўцы патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў, тэрыторыю і будынкі навучальных устаноў і ЖЭКа ў Берыслаўскім раёне. Таксама нанесены ўдар па адмінбудынку ў Херсонскім раёне, будынку навучальных устаноў, інтэрнату, аптэцы, прадпрыемству харчовай прамысловасці і рынку ў Херсоне.
«Праз расійскую агрэсію шэсць чалавек загінулі, яшчэ 10 атрымалі раненні», — адзначае Пракудзін.
У прыватнасці, каля 21:00 удар прыйшоўся па населеным пункце Кісялёўка, дзе траўмаваныя чатыры чалавекі, сярод іх — двое мужчын 28 і 64 гадоў і дзве жанчыны — 67-гадовая і 68-гадовая, якія дастаўлены ў бальніцу ў стане сярэдняй цяжкасці.
Чыноўнік таксама распавёў, што расійскія вайскоўцы нанеслі ўдар па рынку ў Дняпроўскім раёне Херсона. З-за абстрэлу знішчаныя гандлёвыя кропкі, пашкоджаная аптэка, у навакольных дамах выбітыя вокны. Раненне атрымала 45-гадовая прадавачка. Яе шпіталізавалі ў стане сярэдняй цяжкасці.
Акрамя таго, ужо сёння ў 05:00 РФ ударыла з авіяцыі па Альгоўцы — маштабы разбурэнняў устанаўліваюцца. Праз дзве гадзіны, блізу 07: 00, расійцы абстралялі Херсон і Кісялёўку, дзе, паводле папярэдніх звестак, ёсць пацярпелыя.
Сёння ноччу расійскія акупанты на працягу двух гадзін атакавалі ўдарнымі беспілотнікамі Адэскую вобласць. Як паведаміў старшыня Адэскай АВА Алег Кіпер, у выніку напружанай працы сіл СПА большасць дронаў была збітая.
«На жаль, у Ізмаільскім раёне адбыліся трапленні ў прыпартавую інфраструктуру. Пацярпелі двое мужчын, кіроўцы грузавікоў. Аднаму з іх медыцынскую дапамогу аказалі на месцы, другога з цяжкай траўмай рукі шпіталізавалі», — напісаў кіпер.
Акрамя таго, пашкоджаны будынак пункта пропуску, складскія памяшканні, каля 30 грузавікоў, шэсць фур загарэліся. Пажарныя ліквідавалі пажары.
У Луганскай вобласці захопнікі ўладкавалі чарговы вайсковы шпіталь, дзе на лячэнні знаходзяцца больш за 200 чалавек. Пра гэта паведаміў Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны ў ранішняй зводцы.
«Праціўнік працягвае несці значныя страты. Устаноўлена, што ў 200-й асобнай мотастралковай брыгадзе 14 армейскага корпуса берагавых войскаў Паўночнага флоту РФ, якая ўдзельнічае ў баявых дзеяннях паміж Бахмутам і Саледарам, маюцца высокія баявыя страты асабістага складу, як санітарныя так і беззваротныя», — гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначылі ў Генштабе, шпіталь абсталяваны ў горадзе Першамайск, у цэнтральнай гарадской лякарні.
«У асабістага складу падраздзялення нізкі ўзровень маральна-псіхалагічнага стану і адсутнічае матывацыя адносна далейшага вядзення баявых дзеянняў», — адзначылі ў Генштабе.
За мінулыя суткі расійскія акупанты атакавалі ўкраінскія сілы на некалькіх кірунках
фронту. Як паведаміў Генеральны штаб УСУ, за мінулыя суткі адбылося 25 баявых сутыкненняў.
У прыватнасці, на Бахмуцкім напрамку ўкраінскія вайскоўцы паспяхова адбілі пяць нападаў праціўніка ў раёне Кляшчыеўкі Данецкай вобласці, дзе вораг спрабаваў аднавіць страчанае становішча.
Таксама, як адзначаецца, на Аўдзееўскім кірунку сілы абароны адбілі атакі расійцаў у раёнах населеных пунктаў Аўдзееўкі і Севернага Данецкай вобласці.
«На Мар'інскім напрамку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Мар'інкі Данецкай вобласці, дзе на працягу сутак здзейсніў 10 няўдалых спробаў выцесніць нашы падраздзяленні з займаных пазіцый. Акрамя таго, праціўнік спрабаваў аднавіць страчанае становішча ў раёне Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, але поспеху не меў. У той жа час, на Шахцёрскім і Запарожскім кірунках нашы абаронцы працягваюць трымаць абарону на занятых рубяжах, абараняюць нашу зямлю ад акупантаў», — гаворыцца ў паведамленні.
У той жа час, як праінфармавалі ў Генштабе, на Мелітопальскім напрамку сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю, наносяць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, працягваюць замацоўвацца на занятых рубяжах і знясільваюць ворага.
На Херсонскім кірунку УСУ працягваюць весці контрбатарэйную барацьбу, знішчаюць склады і наносяць паспяховую паразу па тылах праціўніка, дадалі ў Генштабе.
Расейскія войскі працягваюць беспаспяховыя наземныя атакі паблізу Бахмута і на лініі Аўдзееўка—Данецк, у той жа час украінскія сілы працягвалі наступальныя дзеянні на Мелітопальскім і наступальныя штурмы на Бахмуцкім кірунку. Пра гэта паведамляецца ў новай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Адзначаецца, што 25 верасня расійскія войскі працягнулі наземныя атакі каля Бахмута, але не распачалі ніякіх пацверджаных наступаў.
Некалькі расійскіх ваенкараў 24 і 25 верасня заявілі, што войскі РФ выціснулі ўкраінскія сілы з іх пазіцый у Арэхава-Васільеўцы і што расійскія войскі цяпер кантралююць населены пункт, але візуальнага пацверджання гэтых сцвярджэнняў няма.