607-мы дзень вайны. Расійскі наступ на Аўдзееўку сутыкнуўся з тымі ж цяжкасцямі, што ўкраінскі пад Запарожжам

На франтах вайны ва Украіне адбылася актывізацыя перад зімовым перыядам. Расійскія войскі сутыкаюцца з такой жа магутнай лініяй абароны, з якой сутыкнуліся ўкраінцы падчас летняга контрнаступлення ў Запарожжы. А ўкраінскія сілы працягваюць займаць новыя пазіцыі і тэрыторыі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі на фронце адбылося больш за 90 баявых сутыкненняў, паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 кастрычніка.

У зоне адказнасці аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў (АСГВ) «Хорціца» на купянскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі больш за 15 нападаў ворага ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Іванаўка Харкаўскай вобласці, на Ліманскім – каля дзесяці нападаў у раёнах Надзеі і Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці.

На бахмуцкім напрамку УСУ адбілі ўсе атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Багданаўка, Хромава, Іванаўскае, Андрэеўка, Дружба Данецкай вобласці. «Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, наносяць ворагу страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах», — дадалі ў Генштабе.

У зоне адказнасці АСГВ «Таўрыя» на аўдзееўскім кірунку расійцы не пакідаюць спроб ачапіць Аўдзееўку, але ўкраінская армія трымае абарону, наносячы ворагу значныя страты. «Беспаспяховымі былі наступальныя дзеянні праціўніка ў раёнах Стэпавага, Аўдзееўкі, Тоненькага, Невельскага Данецкай вобласці, дзе сіламі абароны адбіта больш за 20 нападаў ворага», — адзначыла ваеннае камандаванне.

На мар'інскім кірунку расійцы вялі штурмавыя дзеянні ў раёнах Мар'інкі, Перамогі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, поспеху не мелі. УСУ адбілі 24 атакі.

На шахцёрскім і запарожскім кірунках украінскія абаронцы адбілі ўсе атакі расійцаў у раёнах Прачыстоўкі, Залатой Нівы Данецкай вобласці, Вербавага і Рабоціна Запарожскай вобласці.

«У той жа час Сілы абароны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на мелітопальскім кірунку, наносяць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту», — падкрэслілі ў Генштабе.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійцы для падтрымкі наступальных намаганняў перакідваюць пад Аўдзееўку Данецкай вобласці новыя сілы, нягледзячы на вялікія страты і складанасці са штурмам украінскіх пазіцый. Пра гэта заяўляюць і ўкраінскія крыніцы. 

Звязаны з Крамлём вайсковы блогер абмеркаваў цяжкасці, якія могуць спрыяць «пазіцыйнаму тупіку» наступальных аперацый РФ на аўдзееўскім кірунку. Ён сцвярджаў, што на статычнай лініі фронту з вялікай колькасцю асабовага складу і ўмацаванымі раёнамі па абодва бакі цяжка весці манеўраную вайну.

Ён таксама адзначыў, што ўкраінскія беспілотнікі і іншая высокадакладная зброя зрабілі бранятэхніку больш паражальнай і ўскладнілі наземныя атакі. Акрамя таго, расійскія войскі маюць цяжкасці з пераадоленнем украінскіх мінных палёў паблізу Аўдзееўкі і не могуць цалкам знішчыць украінскую матэрыяльна-тэхнічную базу, дазваляючы ўкраінскаму камандаванню хутка перакідваць асабовы склад у крытычныя раёны.


Расійскія крыніцы раней сцвярджалі, што ўкраінскія абаронныя ўмацаванні ўяўляюць сур'ёзную праблему для прасоўвання расійцаў вакол Аўдзееўкі. Гэтыя выклікі вельмі падобныя на тыя, з якімі сутыкнуліся ўкраінскія сілы на поўдні Украіны ў першыя тыдні ўкраінскага контрнаступлення, якое працягваецца з чэрвеня 2023 года. Аднак яшчэ трэба паглядзець, ці будуць у расійскіх сіл магчымасці і гнуткасць, каб пэўным чынам адаптавацца, як гэта зрабілі ўкраінскія сілы пасля першых няўдач у чэрвені 2023 года.

* * *

Таксама ISW паведамляе, што на 22 кастрычніка ўкраінскія сілы ўтрымліваюць пазіцыі на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці. Расійскія крыніцы працягваюць сцвярджаць, што ўкраінскія сілы дзейнічаюць у Крынках і што баі працягваюцца ля вёскі.

Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец заявіў, што ўкраінскія сілы пашырылі сваю прысутнасць на ўсходнім беразе і пазіцыі ад берагавой лініі Дняпра да вярхоўяў ракі Конка.

Расійская крыніца сцвярджала, што ўкраінскія войскі прасунуліся на 5 км паміж Алешкамі і Казачымі Лагерамі.

* * *

У зоне адказнасці АСГВ «Поўнач» на валынскім і палескім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная сітуацыя без істотных змен.

2896899.jpg

* * *

У ноч на 23 кастрычніка расійскія войскі атакавалі Украіну дронамі-камікадзэ «Shahed», кіраванай ракетай Х-59 і беспілотнікам неўстаноўленага тыпу. Сілам СПА ўдалося знішчыць усе паветраныя цэлі.

Адзначаецца, што «Шахедамі» расійцы атакавалі з Поўдня (мыс Чауда, Крым). Накіравалі іх у розных напрамках — паўднёвыя, усходнія і цэнтральныя рэгіёны Украіны. Па маршруце руху ўдарных БПЛА працавала супрацьпаветраная абарона.

Ракету Х-59 акупанты выпусцілі з самалёта Су-34 з паветранай прасторы акупаванай часткі Запарожскай вобласці. Беспілотнік неўстаноўленага тыпу, верагодна, быў запушчаны з паўночнай мяжы.

Сіламі і сродкамі СПА былі знішчаны ўсе паветраныя цэлі: 13 БПЛА «Shahed-136/131»; 1 кіраваная авіяцыйная ракета Х-59; 1 ударны БПЛА (тып не ўстаноўлены).

У Адэскай вобласці абломкі збітага расійскага дрона пашкодзілі дах склада партовай інфраструктуры. На месцы ўспыхнуў пажар, яго аператыўна ліквідавалі пажарныя.

РФ скінула бомбы на дзве вёскі ў Харкаўскай вобласці. Кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што па вёсках Курылаўка і Каўшароўка нанесены ўдары кіраванымі авіябомбамі. У Курылаўцы пашкоджаны прыватны дом, два шматкватэрныя дамы, будынак грамадзянскага прадпрыемства і аб'ект інфраструктуры. Паранена 39-гадовая жанчына, яна шпіталізавана ў стане сярэдняй цяжкасці. У Каўшароўцы пашкоджаны будынкі ПТВ і дзіцячага садка, без пацярпелых.

* * *

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў пра небяспеку «пятай калоны» ва Украіне. Паводле яго, Расіі цяжка дасягнуць вайсковай перамогі, таму яна выкарыстоўвае свае рэсурсы для таго, каб знутры падарваць здольнасць Украіны да барацьбы.

«Расійская Федэрацыя не мае магчымасці заваяваць нас ваенным шляхам і таму яна зараз падымае ўсё, што ў іх ёсць у запасніках, для ўнутранай дэстабілізацыі. Гэта вельмі небяспечная сітуацыя. Мы не ўсведамляем узровень небяспекі, якую нясуць гэтыя рэчы, якія сёння гучаць з вуснаў прадстаўнікоў РФ... Калі гаворка ідзе пра тое, што трэба вяртаць рускую мову, трэба размаўляць на рускай, дамаўляцца з расійцамі або адмаўляцца ад меж 1991 года — цяпер усе наратывы вельмі небяспечныя», — падкрэсліў ён.

Данілаў таксама адзначыў, што пасля значнай колькасці ахвяр і дасягнення незалежнасці ўкраінцамі ўкараненне такіх наратываў становіцца вельмі рызыкоўным для ўнутранай стабільнасці краіны.

«Для Украіны гэта выклік. І трэба даваць адказ. Калі не будзем даваць адказ, то майце на ўвазе, я не хачу, каб у нас такое паўтаралася (сітуацыя 2010 і 2013 года, калі даведаліся, што ў нас у органах улады ёсць прадстаўнікі РФ). А ў нас такое можа, на жаль, адбыцца», — падкрэсліў Данілаў.