636-ты дзень вайны. РФ ударыла па бальніцы ў Данецкай вобласці, ёсць ахвяры
На працягу сутак расійскія акупанты не пакідалі спроб акружыць Аўдзееўку і вялі штурмавыя дзеянні на чатырох кірунках. Як адзначае Генеральны штаб УСУ, за мінулыя суткі адбылося 70 баявых сутыкненняў. Акупанты нанеслі пяць ракетных і 10 авіяцыйных удараў, здзейснілі 20 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Авіяцыйныя ўдары былі
нанесены па Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай,
Запарожскай, Днепрапятроўскай і Херсонскай абласцях.
«На купянскім кірунку вораг вёў штурмавыя дзеянні ў раёнах Сінькоўкі і на ўсход ад Петрапаўлаўкі Харкаўскай вобласці, дзе сіламі абароны адбіта 10 нападаў», — гаворыцца ў паведамленні Генштаба УСУ і адзначаецца, што на ліманскім кірунку акупанты наступальных дзеянняў не вялі.
На бахмуцкім напрамку УСУ адбілі 20 нападаў праціўніка ў раёнах Кляшчыеўкі, Андрэеўкі і на ўсход ад Южнага Данецкай вобласці. Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, наносяць ворагу страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
«На аўдзееўскім кірунку захопнікі не пакідаюць спроб акружыць Аўдзееўку. Нашы воіны стойка трымаюць абарону і наносяць ворагу значныя страты. Беспаспяховымі былі наступальныя дзеянні праціўніка на ўсход ад Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі і Першамайскага Данецкай вобласці, дзе сіламі абароны адбіта 10 нападаў», — паведамілі ў Генштабе.
Акрамя таго, на мар'інскім кірунку расійцы вялі беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёнах Мар'інкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе сіламі абароны адбіта 12 нападаў.
На шахцёрскім кірунку акупанты вялі беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёне Старамаёрскага Данецкай вобласці, дзе ўкраінскія абаронцы адбілі дзве атакі.
«На запарожскім кірунку праціўнік вёў штурмавыя дзеянні паблізу Рабоціна і на паўночны захад ад Вербавага Запарожскай вобласці, поспеху не меў», — гаворыцца ў паведамленні.
У Генштабе нагадалі, што Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на мелітопальскім кірунку.
«На херсонскім кірунку Сілы абароны ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра, вядуць контрбатарэйную барацьбу і наносяць агнявое паражэнне па тылах праціўніка», — адзначылі ў Генштабе.
У ноч на 21 лістапада расійскія акупанты атакавалі з паўднёва-ўсходняга кірунку (Прыморска-Ахтарск Расіі) 10-цю ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed». Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Паветраных сіл УСУ. Таксама захопнікі выпусцілі чатыры зенітныя кіраваныя ракеты С-300 на данецкам кірунку і адну крылатую ракету наземнага базіравання «Іскандэр-К» з раёна Джанкоя ў акупаваным Крыме.
«У выніку баявой працы сіламі і сродкамі Паветраных сіл знішчана дзевяць варожых беспілотнікаў «Shahed-131/136» і адна крылатая ракета «Іскандэр-К», — удакладняецца ў паведамленні.
У Паветраных сілах дадалі, што былі задзейнічаны падраздзяленні мабільных агнявых груп, знішчальная авіяцыя, зенітныя ракетныя падраздзяленні.
Пры гэтым у выніку начной атакі па тэрыторыі Данецкай вобласці ёсць параненыя і загінулы. Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка.
«Данеччына: уначы расійскія вайскоўцы нанеслі чатыры ракетныя ўдары, ёсць параненыя і загінулы», — напісаў ён.
Кліменка распавёў, што першыя дзве ракеты каля 23:30 патрапілі па тэрыторыі бальніцы горада Селідава. «Пашкоджаны два будынкі медустановы, шэсць грамадзянскіх людзей атрымалі раненні. Пад заваламі могуць быць пацярпелыя, таму пошукавыя работы працягваюцца», — адзначыў міністр.
Украінскія вайскоўцы прасоўваюцца далей на левым беразе Херсонскай вобласці. Зараз баі працягваюцца каля вёскі Крынкі. Як паведамляюць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), прасоўванне УСУ на Херсоншчыне пацвердзілі расійскія ваенныя блогеры. Паводле іх слоў, украінскія вайскоўцы змаглі пашырыць зону кантролю каля заходняй часткі Крынак.
Аналітыкі адзначаюць, што акупацыйныя войскі працягваюць наносіць удары па ўкраінскіх пазіцыях тэрмабарычнымі боепрыпасамі з цяжкай агнямётнай сістэмы ТГС-1а «Санцапёк».
Акрамя таго, паводле звестак расійскіх крыніц, украінскія сілы таксама правялі атакі ў бок Поймы (12 км на ўсход ад Херсона і 4 км ад ракі Днепр) і Пясчанаўкі (13 км на ўсход ад Херсона і 3 км ад ракі Днепр).
У адной з папярэдніх справаздач ISW гаварылася, што УСУ занялі пазіцыі ў раёне паўночна-ўсходняй часткі Крынак і цяпер кантралююць прыкладна 10 квадратных кіламетраў на левабярэжжы.
Як распавёў спікер Украінскай добраахвотніцкай арміі «Поўдзень», цяпер такога населенага пункта, як Крынкі, фактычна не існуе, таму што РФ спрабуе знішчыць плацдармы, якія ўтрымліваюць нашы марскія пехацінцы.
Украінскія дзеці, якіх вывезлі з акупаваных тэрыторый у Беларусь, застаюцца вельмі ўразлівымі да гандлю людзьмі. Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер заявіў на брыфінгу, што Штаты сочаць за развіццём падзей. Цяпер Вашынгтону невядома, ці будуць дзеці эксплуатавацца далей, таму ўрад працягвае адсочваць сітуацыю.
«Беларусь з'яўляецца саўдзельніцай расійскай вайсковай
агрэсіі. Гэта не бескарыслівая трэцяя краіна, якая дае прытулак дзецям падчас
канфлікту. Падобныя аперацыі непрапарцыйна нацэлены на ўразлівых дзяцей, у
прыватнасці, верагодна, на сірот, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, дзяцей з
малазабяспечаных сем'яў і дзяцей украінскіх вайскоўцаў», — распавёў
Мілер.