740-вы дзень вайны: Напад на Украіну абыходзіцца Расіі ў вялікія грошы
Расія ўрэшце паставіла ў войска танкі «Армата», але яны не будуць выкарыстоўвацца ва Украіне, бо занадта дорага каштуюць. У той жа час за два тыдні супрацьпаветраная абарона Украіны знішчыла 15 самалётаў ВКС РФ, якія таксама каштуюць нятанна. З-за гэтага авіяўдары пастаўленыя «на паўзу».
![Фота з pravda.com.ua Фота з pravda.com.ua](/img/v1/images/ffc9f2e_zsu1300_690x387.avif?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з pravda.com.ua
За мінулыя суткі адбылося 78 баявых сутыкненняў, паведамляе Генеральны штаб УСУ раніцай 4 сакавіка.
Цяжкая сітуацыя на Аўдзееўскім напрамку. Там адбіта 20 нападаў праціўніка. На Новапаўлаўскім напрамку сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць ворага ў раёнах Краснагораўкі, Георгіеўкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе расійцы спрабавалі прарваць абарону больш за 30 разоў.
На Купянскім напрамку расійцы здзейснілі 11 атак у раёнах Сінькоўкі і Табаеўкі Харкаўскай вобласці, беспаспяхова спрабуючы палепшыць сваё тактычнае становішча.
На Ліманскім напрамку абаронцамі Украіны адбітыя 5 атак праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці, Церны і Верхнекаменскага Данецкай вобласці.
На Бахмуцкім напрамку сіламі абароны адбітыя 5 атак праціўніка ў раёнах Багданаўкі, Іванаўскага і Андрэеўкі Данецкай вобласці.
Начальнік прэс-службы Усходняй групоўкі войскаў Ілля Еўлаш паведаміў, што расійскія войскі працягваюць атакаваць населены пункт Іванаўскае. «Ідуць жорсткія баі ўжо ў межах горада», — сказаў ён.
«Таксама вораг спрабуе атакаваць і ў населеным пункце Багданаўка, што на поўнач ад населенага пункта Часаў Яр. Туды перакідваюцца дэсантныя падраздзяленні, мотастралковыя палкі і баявы армейскі рэзерв», — сказаў Еўлаш. Паводле яго, расійцы ставяць мэтай захапіць Часаў Яр, але пакуль безвынікова.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што 3 сакавіка пазіцыйныя баі працягнуліся на лініі Купянск — Крамянная. Вядомы расійскі вайсковы блогер заявіў, што ўкраінскія сілы вярнулі некалькі неўстаноўленых пазіцый у раёне Табаеўкі (на паўднёвы ўсход ад Купянска).
3 сакавіка працягнуліся пазіцыйныя баі ў раёне Бахмута, аднак пацверджаных змяненняў лініі фронту не адбылося. Таксама працягнуліся пазіцыйныя баі пад Аўдзееўкай, і ISW таксама не зафіксаваў пацверджаных змяненняў лініі фронту.
Камандуючы АСГВ «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі 3 сакавіка заявіў, што расійскія вайскоўцы скінулі з беспілотнікаў дзевяць боепрыпасаў з хімічнымі рэчывамі на ўкраінскія пазіцыі на Таўрыйскім напрамку — відавочнае парушэнне Канвенцыі аб хімічнай зброі.
Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец заявіў, што расійскія войскі перакінулі на Аўдзееўскі напрамак некалькі падраздзяленняў Цэнтральнай групоўкі войскаў РФ. Па яго падліках, расійская групоўка на паўднёвым захадзе Украіны, якая, верагодна, мае дачыненне да Аўдзееўкі, налічвае каля 86 332 чалавек асабовага складу.
Пазіцыйныя баі працягваліся ў раёне Рабоціна на захадзе Запарожскай вобласці, але не прывялі да якіх-небудзь зменаў на лініі фронту па стане на 3 сакавіка. Расійскае апазіцыйнае выданне апублікавала відэа, на якім расійскія вайскоўцы скардзяцца на тое, што ім давялося два дні чакаць эвакуацыі з траншэі ў Крынках.
* * *
![417471023_750763897236691_7049536771749572132_n.jpg 417471023_750763897236691_7049536771749572132_n.jpg](/img/v1/images/417471023_750763897236691_7049536771749572132_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
* * *
Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што Крэмль маніпулюе перамоўнымі прапановамі для падрыву міжнароднай падтрымкі Украіны. У ISW звярнулі ўвагу, што Кітай і Турцыя працягваюць ствараць уласныя перамоўныя платформы нібыта для ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, якімі Крэмль карыстаецца для прасоўвання ўласных інфармацыйных аперацый, накіраваных на тое, каб перашкаджаць далейшай міжнароднай падтрымцы Украіны.
Так у Маскве сустрэліся намеснік міністра замежных спраў Расіі Міхаіл Галузін і спецыяльны прадстаўнік Кітая па пытаннях Еўразіі Лі Ху. Яны абмеркавалі жаданне Кітая спрыяць мірным перамовам паміж Расіяй і Украінай. Галузін і Лі адзначылі, што «немагчыма» абмяркоўваць урэгуляванне ва Украіне без удзелу Расіі і без «уліку інтарэсаў Расіі ў сферы бяспекі».
Міністр замежных спраў Турцыі Хакан Фідан заявіў, што Турцыя спадзяецца, што перамовы аб спыненні агню ва Украіне «пачнуцца найбліжэйшым часам». Турцыя мяркуе, што «абодва бакі дасягнулі мяжы» таго, чаго яны могуць дасягнуць вайсковымі сродкамі.
Раней прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган сказаў, што яго краіна гатовая даць яшчэ адну пляцоўку для перамоваў паміж Расіяй і Украінай, Але міністар замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў публічна адхіліў гэта 1 сакавіка.
Такім чынам, расійскія афіцыйныя асобы працягваюць беспадстаўна вінаваціць Украіну і Захад у адсутнасці мірных перамоваў паміж Расіяй і Украінай, нягледзячы на шматлікія публічныя расійскія заявы, якія сведчаць аб тым, што Расія не зацікаўленая ў добрасумленных мірных перамовах з Украінай.
* * *
Расія паставіла на ўзбраенне свайго войска новы танк Т-14 «Армата», але на фронт яго не адправяць, заявіў генеральны дырэктар «Растэха» Сяргей Чэмезаў. Паводле яго, гэты танк нібыта нашмат пераўзыходзіць іншыя расійскія і савецкія танкі па сваіх характарыстыках. «Але (падчас вайны) гэтыя танкі наўрад ці будуць выкарыстоўвацца праз свой высокі кошт. Арміі прасцей набыць больш танныя танкі Т-90», — заявіў ён.
Раней у Мінабароны Вялікабрытаніі заявілі, што Расіі сапраўды не выгадна ўжываць на поле бою свой танк Т-14 Армата, і калі гэта адбудзецца, то ў першую чаргу з прапагандысцкай мэтай.
* * *
Паводле звестак ВПС УСУ, увечары 2 сакавіка актыўнасць расійскай авіяцыі на ўсходзе Украіны цалкам спынілася пасля таго, як украінцы збілі два расійскія самалёты Су-34. Афіцыйны прадстаўнік ВПС Украіны палкоўнік Юрый Ігнат таксама адзначыў, што зніжэнне актыўнасці расійскай авіяцыі працягвалася 3 сакавіка.
Войскі РФ з 17 лютага страцілі 15 самалётаў. Па даных аналітыкаў ISW, расійская армія, верагодна, мае каля 300 розных знішчальнікаў КБ Сухога. Папярэднія страты самалётаў заахвоцілі расійскія войскі часова знізіць актыўнасць авіяцыі на ўсёй тэрыторыі Украіны на значныя перыяды часу, хоць застаецца незразумелым, як доўга працягнецца цяперашняя «паўза».
Эксперты ISW мяркуюць, што расійскія войскі могуць у далейшым змірыцца з узрослымі стратамі ў авіяцыі і далей спрабаваць наносіць удары кіраванымі авіябомбамі для падтрымкі расійскіх наступальных аперацый. У такім выпадку расійскае камандаванне, імаверна, свядома возьме на сябе рызыку працягваць страчваць авіяцыю ў пагоні за далейшымі тактычнымі поспехамі ў вайне ва Украіне.