824-ты дзень вайны: Расія ў вайне з Украінай страчвае 24 000 чалавек штомесяц
Страты Расіі ў вайне з Украінай, па звестках Генштаба УСУ, перавысілі 500 тысяч чалавек. А канцлер Германіі Шольц ацаніў расійскія страты ў 24 тысячы чалавек на месяц. Баі ідуць вельмі інтэнсіўна, і часцяком інфармацыя з франтоў супярэчлівая.
Напрацягу сутак адбылося 95 баявых сутыкненняў. Самай гарачай застаецца сітуацыя на Купянскім і Пакроўскім кірунках. Там адбылося больш за палову ўсіх учорашніх баёў, паведамляе Генштаб УСУ.
На Пакроўскім кірунку на працягу сутак расійскія акупанты працягнулі спробы ўклініцца ў абарону УСУ з раёна населенага пункта Ачарэціна. Таксама ішлі баі каля Сокала і Уманскага. Усяго на кірунку адбылося 31 баявое сутыкненне. На асобных участках вораг меў частковы поспех.
На Купянскім кірунку праціўнік 22 разы спрабавалі выцесніць падраздзяленні УСУ з займаных пазіцый. Баявыя дзеянні адбываліся ў прыватнасці ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Петрапаўлаўка, Новаегораўка, Дружалюбаўка, Грэкоўка і Неўскае.
На Харкаўскім кірунку адбылося 12 баявых сутыкненняў. Адбіта 10 атак у раёнах вёсак Ліпцы і Цярновая, працягваюцца баі ў раёнах Ваўчанска і Старыцы. Страт пазіцый не дапушчана.
На астатніх кірунках істотных змен сітуацыя не зведала, паведамляе Генштаб УСУ.
* * *
Расійская акупацыйная армія прасунулася наперад паблізу сямі населеных пунктаў Данецкай вобласці і акупавала пасёлак Нетайлава, гаворыцца ў справаздачы аналітыкаў DeepState.
Напярэдадні паведамлялася, што расійскія захопнікі акупавалі Уманскае і прасунуліся ў Іванаўцы Данецкай вобласці.
Інстытут вывучэння вайны (ISW) са спасылкай на геалакацыйныя кадры піша пра тое, што расійцы нязначна прасунуліся на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі ў межах заходніх ваколіц Нетайлавага.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што расійскія вайскоўцы працягваюць наступ на Ваўчанск у Харкаўскай вобласці, але УСУ выцясняюць іх з пазіцый. Нядаўна ўкраінскія сілы аднавілі пазіцыі каля Ліпцаў на поўначы Харкава: украінскія сілы змаглі выцесніць расійскія войскі з пазіцый у кірунку Стрэлка-Глыбокае, але расійскія войскі працягваюць спробы прарвацца ў Ліпцы.
Расійскія войскі працягнулі наступальныя аперацыі ўздоўж лініі Купянск-Сватава. Геалакацыйныя кадры паказваюць, што расійцы прасунуліся ў паўднёва-ўсходнюю Іванаўку, на паўночны захад ад Сватавага.
Таксама расійскія войскі працягнулі наступ на захад ад Данецка ў раёне Георгіеўкі і на паўднёвы захад ад Данецка ў раёне Перамогі, Канстанцінаўкі і Вадзянога. Па паведамленнях, падраздзяленні 110-й мотастралковай брыгады (1-й АК ДНР) дзейнічаюць паблізу Краснагораўкі.
На іншых напрамках пацверджаных змяненняў на лініі фронту не было.
* * *
* * *
Паводле звестак, сабраных і прааналізаваных экспертамі Інстытута вывучэння вайны (ISW), расійцы назапашваюць сілы на мяжы з Харкаўскай і Сумскай абласцямі, каб адцягнуць і замацаваць украінскія войскі ў раёне мяжы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў 26 траўня, што расійскія войскі рыхтуюцца да новых наступальных дзеянняў і канцэнтруюць групоўкі нявызначанага памеру паблізу ўкраінскай мяжы за 90 кіламетраў на паўночны захад ад Харкава.
Аналітыкі мяркуюць, што Зяленскі меў на ўвазе раён Грайворан-Барысаўка-Пралетарскі на захадзе Белгарадскай вобласці, а спадарожнікавыя здымкі гэтага раёна сведчаць аб тым, што за апошнія тыдні расійскія войскі актывізавалі дзейнасць на базах і складах у населеных пунктах гэтага раёна.
Расійскія войскі таксама засяроджваюць абмежаваныя сілы ў Курскай і Бранскай абласцях паблізу мяжы з Сумскай вобласцю, і нават абмежаваная канцэнтрацыя ў гэтых абласцях можа быць накіраваная на адцягванне і замацаванне ўкраінскіх сіл у раёне мяжы.
Расійскія войскі цяпер даводзяць сваю Паўночную групоўку ў раёне мяжы да запланаванай канчатковай колькасці і, верагодна, пачнуць толькі абмежаваныя наступальныя аперацыі ўздоўж лініі Сумы-Харкаў, пакуль Паўночная групоўка не будзе бліжэй да канчатковай колькасці.
Нават абмежаваныя расійскія наступальныя аперацыі ў гэтых раёнах узмоцняць ціск, які расцягне ўкраінскую жывую сілу і тэхніку на больш шырокім фронце і, магчыма, дазволіць расійскім войскам стварыць тактычныя плацдармы для падтрымкі далейшых аперацый альбо на паўночны захад ад Харкава, альбо ў кірунку горада Сумы.
Аднак Паўночнай групоўцы войскаў, нават пры верхняй мяжы яе заяўленай канчатковай колькасці, не будзе хапаць жывой сілы, неабходнай для правядзення паспяховай аперацыі па асяродку або захопу гарадоў Харкаў або Сумы.
* * *
Расійскія акупацыйныя войскі не дасягнулі заяўленай Пуціным мэты стварэння «буфернай зоны» на поўначы Харкаўскай вобласці, гаворыцца ў паведамленні выведкі Міністэрства абароны Вялікабрытаніі за 26 траўня.
Брытанская выведка адзначае, што ў Харкаўскай вобласці армія РФ працягвае наступаць на Ваўчанск, аднак горад застаецца пад кантролем украінскіх сіл, якія адбіваюць большасць расійскіх нападаў.
Выведка нагадвае, што 17 траўня Пуцін заявіў, што расійскія войскі павінны стварыць «буферную зону» бяспекі ў Харкаўскай вобласці. Але пакуль ім гэта не ўдалося, дадалі ў ведамстве.
«Фронт на поўначы Харкаўскай вобласці, верагодна, стабілізаваўся, а расійскі тэрытарыяльны кантроль фрагментаваны і не аб'яднаны. Поспехі Расіі на гэтым кірунку будуць абмежаваныя цягам наступнага тыдня, бо пачатковы імпульс расійскіх войскаў быў стрыманы ўкраінскім супрацівам», – гаворыцца ў аглядзе.
* * *
Расія штомесяц губляе на полі бою ва Украіне па 24 тысячы сваіх жаўнераў, заявіў нямецкі канцлер Олаф Шольц. «Ёсць лічба, якая кажа пра 24 тысячы загінулых або цяжка параненых расійскіх жаўнераў штомесяц. Усё для імперыялістычнай маніі велічы расійскага прэзідэнта», — сказаў Шольц падчас форуму на Фестывалі дэмакратыі.
Паводле апошніх звестак украінскага Генштаба, расійскія страты ў вайне супраць Украіны ўжо перавысілі паказчык у 500 тысяч жаўнераў.