Чаму Расія прызнала «тэрарыстамі» полк «Азоў»?

Украінская выведка патлумачыла, навошта Расія прызнала полк «Азоў» тэрарыстычнай арганізацыяй

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images

Расія наўмысна спрабуе зрабіць «Азоў» «неанацысцкім палком» у вачах замежных СМІ — і дзеля гэтага карыстаецца ўласным наратывам і прапагандай. Такім чынам Крэмль хавае ваенныя злачынствы сваіх салдат. Пра гэта піша ўкраінская РБК са спасылкай на Telegram-канал Галоўнага ўпраўлення выведкі.
«Для гэтага (Расія — Рэд.) пастаянна прыдумляе і распаўсюджвае розныя жудасныя гісторыі пра яго дзейнасць, стварае крывавы вобраз яго воінаў дзеля запалохвання людзей у Расіі і свеце, а яго знішчэнне з'яўляецца адной з мэтаў распачатай вайны», — піша прэс-служба ўкраінскай выведкі.
У той жа час пасля забойства ўкраінскіх ваеннапалонных у калоніі Аленаўцы, Расія шукае разнастайныя падставы і апраўданні для сваіх ваенных злачынстваў.
Прычым ініцыятары прыняцця законаў ў РФ кіраваліся вобразам «Азова» ва ўласных СМІ і нават не ведалі, што гаворка ідзе менавіта пра атрад спецпрызначэння дзяржаўнай украінскай структуры, а не пра нефармальную парамілітарную групу.
«Афіцыйна паведамляем, што асобны атрад спецыяльнага прызначэння «Азоў» уваходзіць у склад 12-й брыгады аператыўнага прызначэння Нацыянальнай гвардыі Украіны», — дадае ўкраінская выведка. «Азоў» — гэта структурнае падраздзяленне ў складзе нацыянальнай гвардыі Украіны — ваеннага фарміравання ў падпарадкаванні Міністэрства ўнутраных спраў.
Нагадаем, днямі Вярхоўны суд Расіі прызнаў полк «Азоў» нібыта тэрарыстычнай арганізацыяй». Расія забараніла яго дзейнасць на сваёй тэрыторыі. Такое рашэнне Вярхоўнага суда РФ з'яўляецца прававым нонсэнсам, заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк.