«Прыму свой лёс разам са сваім домам і працамі». Харкаўская мастачка штодня піша карціны ў разбомбленым горадзе
Да вайны Зоя Піліпенка выкладала ў Харкаўскім мастацкім вучылішчы. Зараз у пад’ездзе ў цэнтры горада жанчына засталася адна з улюбёным сабакам, дванаццаццю суседскімі катамі і сваімі выбітнымі працамі. Калі вайна скончыцца, гэтыя карціны будуць распавядаць нашчадкам пра яе жахі з-пад шкла мясцовага музея.
—Зоя Вітальеўна, як вы сябе адчуваеце?
— Да нармальна. Ацяплення няма, сяджу ў ваннай каля награвальніка, дык тут зусім добра. Дома градусаў да дзесяці, неяк саграваемся.
— Вы малявалі сёння?
—Вядома. Я зараз кожны дзень у Facebook выкладваю па адной працы.
— Гэта надае вам моцы?
— Так. Гэта найлепшае суцяшэнне. Інакш давядзецца сядзець тут і трэсціся. Творчасць — найлепшае выратаванне. Для мяне гэта заўсёды было самым дарагім, тым больш цяпер, у бядзе.
Калі такое гора, зусім не да пейзажаў. У мяне ёсць тоўстая кніга з іконамі, кожны дзень адкрываю яе на выпадковай старонцы і гляджу, што мне выпадзе. Потым на аснове гэтага вобраза і малюю. Праз іконы я бачу, што людзі заўсёды пакутавалі, чалавецтву падобнае добра знаёма.
—А дзе вы зараз пішаце карціны?
—У сябе дома. Тут у мяне мальберт, фарбы, усё роднае.Усё жыццё тут працавала — і зараз таксама.
— За час вайны ваш дом змяніўся?
—Мой дом пусты. У сваім пад’ездзе я зусім адна, у суседнім, напэўна, дзве кватэры занятыя.
— Вы думалі з’ехаць з Харкава?
— Не. Хопіць. Мяне ўсе наконт гэтага дзяўбуць, асабліва дачка. А я не жадаю бадзяцца. Прыму свой лёс разам са сваім домам, сваімі працамі.
За два дні да пачатку вайны я вярнулася з Венецыі. Мяне і тады адгаворвалі ехаць. А я ўсёй душой ірвалася дадому, не жадаю нікуды ехаць адсюль.
— Раней
у паветры было прадчуванне вайны?
— Я да апошняга не верыла. Думала, чуткі пра вайну — трызненне і прапаганда. Але самалёт з Венецыі ляцеў ва Украіну пусты.
— Не страшна было вяртацца?
— Не. Я дадому хацела. У мяне ёсць сяброўка, яе дом разбамбілі. Зараз яны з мамай (маці 96 гадоў) у шпіталі. Сяброўка мая яе даглядае, і яны з маці толькі адно заўсёды кажуць — што хочуць дадому. Хоць і дому таго ўжо няма. Вам, напэўна, складана зразумець, але мы ўжо старыя, для нас дом — самае галоўнае.
— Мяркуючы па навінах і апошніх заявах мясцовай адміністрацыі (гутарка адбывалася 10 сакавіка. — Заўв. рэд.), заставацца зараз у цэнтры Харкава максімальна небяспечна. Ці адчуваецца рэальная пагроза жыццю?
— Калі фантазію асабліва не ўключаць, тут увогуле нармальна. Вось сёння раніцай прайшлася каля дома — моцны мароз, завіруха, снегу намяло. Гляджу, вартаўнік рыдлёўкай снег каля школы прыбірае. Школа ж пустая, нікога няма. Спытала, навошта ён гэта робіць, а вартаўнік адказвае: «Я ўсё роўна буду прыбіраць, каб хоць неяк тут было добра».
Сёння раздавалі гуманітарную дапамогу. Строга ў адны рукі адзін батон і два кавалкі курыцы. Усе пастроіліся спакойненька, разабралі без аніякіх скандалаў. Потым яшчэ папрасілі запісаць, каму якія лекі патрэбныя — магчыма, прывязуць.
—Якім для вас быў дзень 24 лютага?
— Жудасным. Прачнулася а 4-й раніцы, пачула выбухі. Адразу думаю: «Не веру, Божа, не трэба, толькі не гэта!» Не ўкладвалася ў галаве, як жа гэта можа быць. Якая страшэнная, ракавая памылка!
Першыя дні я ў асноўным спала. Нічога не магла рабіць, псіхалагічна было вельмі цяжка. А потым, як і казалі, на пяты дзень неяк адаптуешся, на дванаццаты — яшчэ лепш. Калі толькі спадзявацца, што мне на галаву не трапяць снарадам, дык добра ўсё. Карацей, народ прыстасоўваецца. З сабачкамі гуляюць, прадуктамі дзеляцца.
— А як выглядае апошнім часам ваш звычайны дзень?
—Пакуль светла, усё нядрэнна. Як прачынаюся, адразу іду гуляць з сабачкам. Потым анлайн па скайпе гадзінку займаюся цыгунам. Робім зарадку, практыкуем медытацыі. Далей снедаю, пасля іду за гуманітаркай альбо малюю. Калі пачынае цямнець, становіцца складаней. Кожны дзень, калі кладуся спаць, апранаю ўсё самае лепшае: раптам давядзецца бегчы. Я ж дома працую ў запэцканых фарбай штанах, таму вось на ноч упрыгожваюся. У мяне на ўсялякі выпадак сабраны заплечнік, там дакументы, грошы, лекі, самае неабходнае. І вось я ўкладваюся, усе коўдры, футры на сябе нацягваю, сабачку бяру пад бок, так у берлозе і засынаем. Нават спякотна бывае. Кожны раз кладзешся і думаеш: ці праляжыш тут да раніцы?
Яшчэ вельмі дапамагае тэлефон. Я гуляю ва ўсе магчымыя гульні, якія толькі знайду. Гляджу дэтэктывы. Навіны глядзець не магу, адразу выварочвае.
Карацей, каб горш, чым зараз, не было, можна было б неяк прыстасавацца. А так увесь час чакаем, што пачнецца які-небудзь штурм.
— Вы маглі ўявіць, што ў вашым жыцці такое здарыцца?
— Абсалютна не магла. У мяне маці жыла пад акупацыяй, яе дом быў каля вакзала. Яна расказвала, як там увесь час бамбілі, што яны елі — бульбяную лупніну пераціралі і рабілі аладкі. Аказалася, усе гэтыя навыкі так недалёка былі схаваныя. Я нібыта нанова пражываю біяграфію бацькоў.
—А як ваша дачка трымаецца?
—Не ведаю. Яна зараз у жыве ў Галандыі, там валанцёрствам займаецца.
Увесь час «дастае», заклікае з’ехаць. Кажу ёй: «Яшчэ раз прыстанеш — я цябе заблакую». Таму што гэта спакушае, вядома. Але я дакладна ведаю, што там я буду нашмат больш пакутаваць. Ведаеце, дома і сцены кормяць.
—Пра што вы марыце?
—Каб гэта ўсё скончылася. Я б тады так усё шанавала, усе простыя радасці. У цыгуне ёсць такое практыкаванне: трэба ўзгадаць добрае месца і ўявіць сябе там, дыхаць паветрам гэтага месца. І вось я заўсёды думаю: няхай месца будзе тое ж самае — мой Харкаў. Толькі без вайны. Больш нічога і не жадаю.