Навіны з фронту. У кіраўніцтва РФ не хапае сіл і спосабаў для стрымлівання наступу УСУ

Сабралі галоўныя навіны з ваюючай Украіны за ноч і ранак 20 верасня.

1660119911_1589.webp

Аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны мяркуюць, што Расія адчайна спрабуе правесці мабілізацыю і набраць баявую моц з усіх патэнцыйных крыніц, бо асноўныя падраздзяленні моцна дэградаваныя і дэмаралізаваныя.

Даследнікі адзначылі, што контрнаступленне УСУ падарвала і без таго нізкі маральны дух ворага, а тэрміновае абмеркаванне неабходнасці неадкладнай анексіі Расіяй Луганскай і Данецкай абласцей кажа пра паніку ў шэрагах праціўніка, у тым ліку і ў тых, хто прымае пастановы ў Крамлі.

Вайскоўцы Узброеных сіл Украіны знішчылі 70% асабовага складу расійскіх акупантаў у Сватава Луганскай вобласці. Аб гэтым паведамляецца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

«У раёне населенага пункта Сватава падраздзяленні сіл абароны нанеслі паражэнне ў раёне засяроджання жывой сілы ворага. Вядома, што 70% асабовага складу, які знаходзіўся на паказаным аб'екце, загінула», — сказана ў зводцы.

Таксама паведамляецца, што ў раёне Новаайдара ўкраінскія ваенныя знішчылі каля 50 адзінак ваеннай тэхнікі і боепрыпасы.

«У раёне населенага пункта Новаайдар Луганскай вобласці пацверджана паспяховае агнявое паражэнне раёна засяроджання ўзбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка 18 верасня бягучага года. Тады было ліквідавана і выведзена са строю каля 50 адзінак ваеннай тэхнікі, знішчаны боепрыпасы», — гаворыцца ў зводцы.

Вайскоўцы Узброеных сіл Украіны адбілі атакі ворага ў раёне чатырох населеных пунктаў.

«За суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Маёрск, Вясёлае, Курдзюмаўка і Новаміхайлаўка», — гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.

Пры гэтым за мінулыя суткі УСУ паспяхова атакавалі 24 раёны засяроджання жывой сілы і ваеннай тэхнікі праціўніка, 4 пазіцыі зенітных ракетных комплексаў і адзін склад боепрыпасаў.

Акрамя таго, украінскія падраздзяленні супрацьпаветранай абароны на розных напрамках знішчылі самалёт Су-25, кіраваную авіяцыйную ракету і тры БПЛА праціўніка.

Як адзначаюць у Генштабе УСУ, расійцы працягваюць засяроджваць намаганні на поўнай акупацыі Данецкай вобласці, арганізацыі абароны і ўтрыманні захопленых тэрыторый, а таксама зрыве актыўных дзеянняў Сіл абароны Украіны на асобных напрамках. Абстрэльваюць пазіцыі ўкраінскіх войскаў уздоўж лініі судакранання, перагрупоўваюць свае войскі, пастаянна вядуць паветраную разведку.

«За мінулыя суткі расійскія акупанты нанеслі 10 ракетных і 15 авіяцыйных удараў, ажыццявілі больш за 56 абстрэлаў з РСЗА па аб'ектах на тэрыторыі Украіны, парушаючы нормы міжнароднага гуманітарнага права, законы і звычаі вядзення вайны», — гаворыцца ў зводцы.

У выніку расійскіх абстрэлаў за мінулыя суткі пацярпела інфраструктура больш за 33 населеных пунктаў.

Тым часам расійскія захопнікі выпусцілі больш за 100 снарадаў па населеных пунктах Нікапальскага раёна.

Па папярэдніх даных, людзі не пацярпелі. Маштабы разбурэнняў удакладняюцца.