Падтрымка Шольца сярод немцаў упала да гістарычнага мінімуму
Рэйтынгі канцлера Германіі Олафа Шольца і ўрадавай кааліцыі ўпалі да самага нізкага ўзроўню з моманту выбараў 2021 года.
Сацыял-дэмакраты ў жорсткім крызісе.
Пра гэта сведчаць даныя апытання сацыялагічнага інстытута Insa, паведамляе DW.
Паводле іх слоў, амаль дзве траціны немцаў — 62% — не задаволеныя працай Шольца. Яе вынікамі задаволена толькі чвэрць насельніцтва Германіі. Гэта амаль удвая менш за сакавіцкія лічбы, калі 46% немцаў станоўча ацанілі дзеянні канцлера.
Рэкордна знізіўся і рэйтынг урадавай кааліцыі. Працай федэральнага ўрада незадаволеныя 65% апытаных. Станоўча яго ацанілі 27%, што на 17% менш, чым у сакавіку.
DW падлічыла, што калі б наўпроставыя выбары канцлера адбыліся цяпер, то ён заняў бы толькі трэцяе месца. Першае дасталася б міністру эканомікі ад «зялёных» Роберту Хабэку, другое — кіраўніку Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Фрыдрыху Мерцу.
Пра Шольца
Ён быў абраны федэральным канцлерам у снежні 2021 года. За гэта прагаласавалі 395 дэпутатаў бундэстага. Ён змяніў на гэтай пасадзе Ангелу Меркель, якая ўзначальвала ўрад 16 гадоў.
Да 24 лютага ён, як і яго папярэднік, выступаў за запуск расійскага «Паўночнага патоку-2». Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну гэты праект быў зачынены. Таксама пасля 24 лютага ў Германіі, як і ва ўсёй Еўропе, істотна выраслі цэны на энерганосьбіты.
Зараз Шольц выступае за працяг перамоваў з РФ, але адзначыў, што яны павінны праходзіць на ўмовах Украіны. Пры гэтым нядаўна ён заявіў, што выступае супраць забароны ЕС на выдачу турыстычных віз расійцам і лічыць, што ва ўварванні вінаваты толькі Пуцін.
Згодна з апошнімі апытаннямі, на бліжэйшых меркаваных выбарах у парламент першае месца ўпэўнена займае Хрысціянска-Дэмакратычны Саюз (партыя былой канцлеркі Меркель), за іх гатовыя прагаласаваць 27%, за партыю «Зялёныя» 23%, за Сацыял-Дэмакратаў толькі 19%. Чацвёртай ідзе «Альтэрнатыва для Германіі» з 12%.