Politico: Трамп вядзе перамовы з Пуціным аб тым, «колькі ўкраінскай тэрыторыі можа пакінуць за сабой Масква»
Да таго ж у рамках плана па Украіне, пра які раней не паведамлялася, экс-прэзідэнт абдумвае здзелку, у рамках якой NATO абавязваецца не пашырацца на ўсход — у прыватнасці, на Украіну і Грузію.
Экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які намагаецца вярнуцца ў Белы дом, вядзе перамовы з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным і разважае аб тым, колькі ўкраінскай тэрыторыі можа сабе пакінуць Расія.
Пра гэта піша «Люстэрка» са спасылкай на сцвярджэнні выдання Politico, якое паразмаўляла з шэрагам былых службовых асоб і экспертаў (як афіцыйна, так і на ўмовах ананімнасці).
Паводле інфармацыі выдання, часткай плана Трампа з'яўляецца двухузроўневая сістэма NATO. Гэтая ідэя, упершыню прапанаваная былым чыноўнікам яго адміністрацыі, адстаўным генерал-лейтэнантам арміі Кітам Келлоггам, азначае, што члены альянсу, якія яшчэ не расходуюць 2% ВУП на абарону, «не будуць карыстацца абароннай шчодрасцю і гарантыямі бяспекі Злучаных Штатаў». Пра гэта выданню на ўмовах ананімнасці расказаў эксперт па нацыянальнай бяспецы.
Гэта можна разглядаць як парушэнне пятага артыкула, які абавязвае кожнага члена NATO прадпрымаць «такія дзеянні, якія ён палічыць неабходнымі», каб дапамагчы таму, хто падвергся нападу.
Але члены мазгавога цэнтра Трампа па знешняй палітыцы адзначылі, што фармулёўка ў гэтым артыкуле з'яўляецца гнуткай і не патрабуе ад любога члена альянсу адказваць ваеннай сілай.
Жаданне хутка вырашыць украінскі канфлікт таксама, верагодна, адыграе ключавую ролю ў планах Трампа адносна NATO, лічыць выданне. У рамках плана па Украіне, пра які раней не паведамлялася, экс-прэзідэнт абдумвае здзелку, у рамках якой NATO абавязваецца не пашырацца на ўсход — у прыватнасці, на Украіну і Грузію. Таксама ён вядзе перамовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным аб тым, якую частку ўкраінскай тэрыторыі Масква можа пакінуць сабе, паведамляюць два іншыя эксперты па нацыянальнай бяспецы, якія падтрымліваюць Трампа.
Кандыдат у прэзідэнты ЗША пакуль ніяк не каментаваў гэтую інфармацыю.
Пазней прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітры Пяскоў абверг інфармацыю, што Пуцін і Трамп вядуць дыялог. «Гэта не так», — коратка сказаў ён журналістам.