У NATO ёсць план, як дапамагаць Украіне, калі здарыцца перамога Трампа на выбарах у ЗША
NATO падрыхтавалі меры доўгатэрміновай дапамогі Украіне на выпадак перамогі Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, піша газета The Wall Street Journal. Што прадугледжвае гэты план пад назвай «NATO — дапамога ў сферы бяспекі і навучання для Украіны»?
На фоне ўмацавання пазіцый правых партый у Еўропе і магчымай перамогі Дональда Трампа на выбарах прэзідэнта ЗША краіны NATO падрыхтавалі шэраг захадаў, накіраваных на доўгатэрміновую падтрымку Украіны, паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы.
У прыватнасці, Альянс мае намер накіраваць ва Украіну высокапастаўленага грамадзянскага чыноўніка, які будзе адказваць за каардынацыю ваенных паставак. Акрамя таго, NATO плануе заснаваць у нямецкім горадзе Вісбадэн новае камандаванне для каардынацыі паставак вайсковай тэхнікі і зброі, а таксама навучання вайскоўцаў УСУ.
Як піша газета WSJ, уаперацыі пад назвай «NATO — дапамога ў сферы бяспекі і навучання для Украіны» будуць задзейнічаныя прыкладна 700 вайскоўцаў ЗША і іншых краін Альянсу. Яны возьмуць на сябе большую частку працы, якую выконвалі амерыканскія вайскоўцы пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.
Былы пастаянны прадстаўнік ЗША пры NATO Іва Даалдэр растлумачыў, што цяпер сам Альянс будзе адказваць за прадастаўленне Украіне дапамогі. «Таму нават калі ЗША скароцяць або спыняць падтрымку гэтых намаганняў, яны не знікнуць», — дадаў Даалдэр.
Распрацоўваць такія меры пачалі яшчэ некалькі месяцаў таму, аднак, як адзначае газета, яны набылі асаблівую актуальнасць пасля слабога выступу прэзідэнта Джо Байдэна на тэледэбатах з Трампам.
Як чакаецца, пра новыя меры падтрымкі Украіны будзе абвешчана на маючым адбыцца саміце Альянсу, які пройдзе ў Вашынгтоне 9-11 ліпеня.
- Нагадаем, у ЗША 27 чэрвеня прайшлі першыя дэбаты Джо Байдэна і Дональда Трампа, якія дзейны прэзідэнт праваліў. Пасля гэтага некаторыя прыхільнікі Байдэна дапусцілі, што яму давядзецца зняцца з выбараў, аднак у штабе прэзідэнта паведамілі, што ён не будзе выходзіць з перадвыбарнай гонкі.
- Перад дэбатамі агенцтва Reuters паведаміла, што два ключавыя дарадцы былога прэзідэнта прадставілі яму план спынення вайны ва Украіне, на які Трамп «адрэагаваў станоўча». Гэта план прадугледжвае, што Кіеў пазбавяць вайсковай дапамогі Вашынгтона, калі ён не пачне мірныя перамовы з Масквой.
- ЗША папярэдзілі Расію, што адмова ад перамоваў з яе боку прывядзе да павелічэння амерыканкай падтрымкі Украіны. Згодна з планам, падчас мірных перамоваў бакі павінны дамовіцца аб спыненні агню на аснове «наяўнай лініі фронту».
- Сам Трамп неаднаразова заяўляў, што ў выпадку абрання прэзідэнтам скончыць вайну ва Украіне «за 24 гадзіны».
Пра што гаварылі Орбан і Зяленскі?
Сёння, у аўторак, 2 ліпеня, з неабвешчаным візітам у Кіеў прыбыў прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Ён заклікаў Украіну спыніць агонь на лініі фронту, а пасля гэтага працягваць перамовы аб міры, піша ўкраінская служба ВВС.
Тое, што пра візіт не было папярэдне абвешчана, гэта нармальная практыка для Украіны ў часы вайны. Але гэта першая паездка самага прарасійскага лідара ЕС ва Украіну з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
Орбан, які паслядоўна крытыкаваў ваенную дапамогу ЕС і NATO Кіеву, наведаў Украіну на наступны дзень пасля таго, як яго краіна пачала старшынства ў Радзе ЕС.
Прэм'ер-міністр Венгрыі асабіста сустрэўся з Уладзімірам Зяленскім, пасля перамоваў яны правялі сумесны брыфінг.
Паводле ВВС, meduza.io, www.wsj.com