Украіна не бачыць падстаў давяраць спісам РФ па ахвярах у Аленаўцы

Ва Украіне адзначылі, што афіцыйных адказаў у рамках міжнароднага права расіяне дагэтуль не далі.

Наступствы выбуху ў калоніі. Скрыншот з расійскага відэа

Наступствы выбуху ў калоніі. Скрыншот з расійскага відэа

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што няма падстаў давяраць апублікаваным расіянамі спісам загінулых і параненых украінскіх палонных у Аленаўцы Данецкай вобласці. Пра гэта паведамляе прэс-служба ГУР.

«Каардынацыйны штаб па абыходжанні з ваеннапалоннымі адразу звярнуўся ў Расію па інфармацыю, спісы загінулых, параненых у выніку гэтага тэракта, а таксама з нагоды вяртання цел загінулых абаронцаў. На жаль, да гэтага часу не атрыманыя афіцыйныя адказы, мы можам аперыраваць толькі тымі данымі, якія расіяне апублікавалі ў інтэрнэце», — адзначыў Юсаў.

Паводле яго слоў, у названых спісах ёсць прозвішчы тых украінскіх воінаў, якія былі параненыя да падзей у Аленаўцы і адносна якіх былі дамоўленасці пра абмен у бліжэйшы час. Яны на момант тэракта павінны былі знаходзіцца ў бальніцы, а не ў бараку ў прамысловай зоне.

«Адпаведна, казаць пра пацвярджэнне спісаў мы не можам, а афіцыйных адказаў у рамках міжнароднага права расіяне дагэтуль не далі», — падкрэсліў прадстаўнік ГУР.

Нагадаем, 30 ліпеня Мінабароны Расіі апублікавала імёны 73 украінскіх палонных вайскоўцаў, якія сталі ахвярамі выбуху ў калоніі, аднак не ўдакладніла, хто з іх загінуў, а хто паранены.

Як пісаў НЧ, раніцай 29 ліпеня па СІЗА, дзе трымалі палонных украінскіх вайскоўцаў, у тым ліку з палка «Азоў», прыцэльна страляла артылерыя. 29 ліпеня ў «ДНР» заявілі, што пры абстрэле калоніі загінулі 47 чалавек, 75 былі параненыя, у тым ліку 8 ахоўнікаў.

Генштаб Украіны выступіў з заявай пра тое, што РФ так замятае сляды злачынстваў: «Узброеныя Сілы РФ здзейснілі прыцэльны наўмысны артылерыйскі абстрэл папраўчай установы ў населеным пункце Аленаўка Данецкай вобласці, дзе ўтрымліваліся ў тым ліку і ўкраінскія палонныя. Расійскія акупанты пераследавалі такім чынам свае злачынныя мэты — абвінаваціць Украіну ў здзяйсненні “ваенных злачынстваў”, а таксама схаваць катаванні над палоннымі і расстрэлы, якія ўчыніліся там па загадах акупацыйнай адміністрацыі і камандавання РФ, на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці».

Пазней прагучала версія, што насамрэч абстрэлу не было. А ў барак са зняволенымі папросту загадзя заклалі выбухоўку.

У сваю чаргу, Генштаб УСУ паведаміў, што ўзброеныя сілы Расіі наўмысна забілі палонных у папраўчай установе ў Аленаўцы, а заявы пра нібыта абстрэлы з украінскага боку з'яўляюцца адкрытай хлуснёй і правакацыяй.


Першы камандзір палка «Азоў» заявіў, што ад імя Азоўскіх падраздзяленняў абвясціў «паляванне на кожнага датычнага да масавага забойства».

31 ліпеня Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа паведаміў, што не атрымаў доступ да калоніі ад расійскіх уладаў, якія кантралююць рэгіён. Чырвоны Крыж не здолеў патрапіць у Аленаўку. Пра гэта напісала арганізацыя ў «Твітары». Такім чынам, Расія парушыла Жэнеўскую канвенцыю. МКЧК абяцае прасіць пра доступ да калоніі і далей. Супрацоўнікі Чырвонага Крыжа таксама хочуць праінспектаваць, ці атрымліваюць параненыя палонныя належную дапамогу.

Паводле korrespondent.net