Украіна: Выбух на Крымскім мосце — гэта вынік канфлікту паміж сілавікамі ў Расіі
У Офісе прэзідэнта Украіны патлумачылі выбух на Крымскім мосце канфліктам паміж сілавікамі ў Расіі.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк лічыць выбух на Крымскім мосце праявай канфлікту паміж расійскімі сілавікамі.
Пра гэта ён заявіў у каментары «Украінскай праўдзе»:
— Адносна Керчанскага моста. Гэта канкрэтная матэрыяльная праява канфлікту паміж ФСБ/ПВК з аднаго боку і Мінабароны/Генеральнага штаба РФ з другога.
Безумоўна, мы з'яўляемся сведкамі пачатку ў Расіі маштабных негатыўных працэсаў. Рэзка ўпала кіравальнасць сярод сілавікоў, пачаліся магутныя канфлікты сярод расійскіх спецслужбаў, усе шукаюць вінаватых у вайсковых паразах, хочуць перафарматаваць найбліжэйшае асяроддзе спадара Пуціна і заняць іншыя пасады. Або арыштаваць тых ці іншых генералаў.
Міхаіл Падаляк таксама адзначыў, што фура, якая здэтанавала, паводле ўсіх прыкмет заехала на мост з боку Расіі і праходзіла перад заездам на мост дагляд. Таму адказы, на яго думку, трэба шукаць менавіта ў Расіі. Лагістыка падрыву, сінхранізацыя з паліўным эшалонам, аб'ём знішчанага дарожнага палатна паказваюць на расійскі след, — разважае дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны.
«Цяпер у гэтым яркім інцыдэнце мы бачым абвастрэнне канфлікту паміж вайскоўцамі і сілавымі структурамі Расіі і выхад яго з-пад кантролю Крамля», — заявіў Падаляк.
Ён падазрае, што расійскае кіраўніцтва шукае вінаватых за паразы на фронце, а ФСБ і ўладальнікі ПВК вядуць кампанію за звальненне вайсковага кіраўніцтва — міністра Сяргея Шайгу і кіраўніка Генштаба Валерыя Герасімава.
«Падрыў моста — асабістага праекта Пуціна — не толькі падрывае пазіцыі ФСБ, якая дазволіла гэтаму адбыцца, але і дае алібі вайскоўцам за сістэмныя паразы на поўдні Украіны. Маўляў, праз правал ФСБ зруйнавалася ўся лагістыка тылавога забеспячэння і падвозу рэзерваў», — перакананы Падаляк.
Нагадаем, сёння раніцай, 8 кастрычніка, на Крымскім мосце адбыўся магутны пажар. Прарасійскія ўлады Крыма заявілі, што на Крымскім мосце нібыта выбухнуў грузавы аўтамабіль. Ад яго загарэліся некалькі цыстэрн з палівам на чыгуначнай галіне, абваліліся некалькі пралётаў аўтамабільнага палатна. Рух па мосце быў спынены. У Следчым камітэце РФ агучылі папярэднюю інфармацыю па колькасці загінулых — ахвярамі выбуху сталі тры чалавекі.
Тым часам так званы кіраўнік «парламента Крыма» Канстанцінаў заявіў, што дарожнае палатно на Крымскім мосце пашкодзілі «ўкраінскія вандалы».
Расійскія турысты, якія знаходзіліся на адпачынку ў Крыме, пасля сённяшняга выбуху на мосце праз Керчанскі праліў пачалі шукаць шляхі для эвакуацыі. Узарваны мост быў асноўным шляхам злучэння паўвострава з Расіяй.
Паводле www.pravda.com.ua, korrespondent.net