Ніл Сымонавіч ніколі не хаваў свайго стаўлення да кіарўніка Беларусі. Бадай, да апошняга Народны паэт Беларусі пісаў вершы і публіцыстычныя творы, у якіх крытыкаваў тутэйшы рэжым, уладу, якая фактычна знішчыла дэмакратыю за дваццаць два гады свайго панавання ў Беларусі. І ўлада адказвала Нілу Гілевічу, як і многім і многім творцам, якія не прынялі “лукашызм”, сіметрычна.
Можна ўзгадаць, што Лукашэнка і Гілевіч былі дэпутатамі легендарнага Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання. Але светапогляды гэтых народных абраннікаў былі зусім розныя. Гілевіч быў па пакліканні абаронцам беларускай ідэі, беларускай культуры і беларускага слова, нашай гісторыі. А для дырэктара шараговага саўгаса з Магілёўскае вобласці, як высветлілася пазней, гісторыя краіны пачыналася ў лепшым выпадку ад кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту, а ў горшым — ад 1994 года. Таму гэтыя дзве асобы былі маральнымі ды інтэлектуальнымі антаганістамі.
Дарэчы, я не магу прыгадаць, што афіцыйны лідар хоць неяк адрэагаваў на смерць перадапошняга Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. А вось з сыходам Ніла Гілевіча нешта ў высокіх уладаў пераклініла. Бо не заўважыць смерць беларускага літаратурнага волата ў той час, калі першая асоба дзяржавы раскідваецца дзяржаўнымі ўзнагародамі (агідна, што гэта медалі і ордэны Францыска Скарыны) расійскім нізкапробным папсовым дзеячам, было б ужо непрыкрытым маветонам. Хаця, ці ведаюць тутэйшыя ўладатрымцы такое слова?
Ну, спачуванні выказаў, і на тым дзякуй. Хоць Нілу Сымонавічу, падаецца, гэтыя спачуванні зусім не патрэбныя. Бо не дачакаўся Паэт дапамогі ад дзяржавы ў выданні свайго поўнага збору твораў, які надрукаваў за ўласны кошт. Як і не дачакаўся пры жыцці ніводнага слова ўдзячнасці ад новых уладатрымцаў за сваю выбітную літаратурную і грамадскую дзейнасць.
Упэўнены, што падчас развітання 1 красавіка Народны паэт пачуе насамрэч шчырыя словы тых, хто яго любіў і цаніў. Ці то на паніхідзе, ці то проста ў душы. А гэта сотні, тысячы людзей. Кветкі, вянкі, словы і слёзы ў гэты дзень будуць насамрэч шчырыя. А не паказушныя і змушаныя, як афіцыйныя некралогі.