Блатата на найвышэйшым узроўні

Беларускі правадыр не перастае здзіўляць грамадства сваёй непасрэднасцю. А таксама ўзроўнем выхавання і слоўнікавым запасам. Афіцыйны лідар не цураецца нічога, калі хоча выказаць нейкую сваю думку як мага больш дасціпна і зразумела. І часцяком карыстаецца тымі словамі і выразамі, якія ўжываюць асобы пэўных катэгорыяў, у шэрагу якіх не пажадаў бы аказацца, бадай, ніводзін нармальны чалавек.

У першы дзень вясны кіраўнік дзржавы, як кажуць, “даў джазу”. Падчас нарады з урадам па выніках працы беларускай эканомікі ў 2012 годзе Аляксандр Лукашэнка паставіў вельмі дзіўную і запамінальную задачу перад віцэ-прэм’ерам ураду Пятром Пракаповічам: “Хачу адразу расставіць акцэнты. За гэтую працу (па мадэрнізацыі вытворчасці) адказваюць чальцы ўраду, кіраўнікі мясцовых органаў улады і дырэктары прадпрыемстваў. А Пётар Пятровіч Пракаповіч накіраваны ва ўрад (прабачце за гэтае слова) як “сматрашчы” ад імя прэзідэнта за рэалізацыяй гэтых праблемаў. Так, ён непасрэдна кантралюе, выпрацоўвае сістэму кантролю і першым ва ўрадзе арганізоўвае гэтую дзейнасць”, — цытуе галоўную асобу краіны БЕЛТА.

“Сматрашчы” — тыпова “зэкаўскае” слова, якое ўжываецца ў месцах, трапіць куды не пажадаеш нікому. “Блатняк”, аднак, не ўпершыню выскоквае з вуснаў афіцыйнага кіраўніка дзяржавы. Такія словы і выразы як “нахіліць”, “даць у морду”, “адмарозкі”, “казлы” ды многія іншыя даўно звыкла ўжывае першая асоба краіны. Прычым, у самых розных сітуацыях. І калі ў дачыненні да Героя Беларусі, былога кіраўніка Нацыянальнага банка, а цяпер намесніка старшыні ўрада галоўны чыноўнік на поўным сур’ёзе кажа “сматрашчы”, то робіцца нават ніякавата. Магу сабе ўявіць, як будзе пачувацца “сматрашчым” ва ўрадзе чалавек, якому пайшоў восьмы дзясятак.

А калі сур’ёзна, то ўсё гэта вельмі сумна. Пра якую культуру можна казаць у краіне, дзе яе кіраўнік нават на пасяджэннях ураду карыстаецца “зонаўскай”, табуяванай лексікай? І якія заўвагі цяпер можна рабіць падлеткам, якія імкнуцца рабіць і казаць тое самае, што робяць і кажуць “паважаныя” асобы з найвышэйшага эшалону ўлады?

Нешта не тое робіцца ў тутэйшым каралеўстве.