Ці будуць гэтыя народзіны апошнімі?

17 студзеня споўнілася 26 гадоў віцябляніну Уладзіславу Кавалёву, якога Вярхоўны суд Беларусі пры канцы мінулага года разам з ягоным аднагодкам, таксама віцяблянінам Дзмітрыем Канавалавым
прыгаварыў да смяротнага пакарання. Абодвух маладзёнаў прызналі вінаватымі ў ажыццяўленні тэрарыстычнага акту на станцыі метро “Кастрычніцкая ў Мінску летась 11 красавіка.

17 студзеня споўнілася 26 гадоў віцябляніну Уладзіславу Кавалёву, якога Вярхоўны суд Беларусі пры канцы мінулага года разам з ягоным аднагодкам, таксама віцяблянінам Дзмітрыем Канавалавым прыгаварыў да смяротнага пакарання. Абодвух маладзёнаў прызналі вінаватымі ў ажыццяўленні тэрарыстычнага акту на станцыі метро “Кастрычніцкая ў Мінску летась 11 красавіка.

Вырак Вярхоўнага суда літаральна раскалоў беларускае грамадства. Вельмі вялікая колькасць людзей выказалі сумнеў у тым, што менавіта Канавалаў і Кавалёў спрычыніліся да выбуху ў сталічнай падземцы. Пад петыцыямі не расстрэльваць маладых людзей падпісаліся дзясяткі тысяч чалавек толькі ў Беларусі. Больш за паўтары сотні тысяч подпісаў за адмену смяротнага пакарання ў нашай краіне перадалі тутэйшым уладам прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя.

У Дзень нараджэння Уладзіславу Кавалёву сваякі і сябры перадалі грошы, накіравалі паштоўкі і лісты з віншаваннямі. Сам асуджаны на смерць маладзён, які не прызнае сябе вінаватым і сцвярджае, што не мае ніякага дачынення да таго страшэннага злачынства, трымаецца (ці стараецца трымацца) бадзёра, пра што сведчаць лісты з ізалятару ягоным родзічам. Маці Уладзіслава і ягоны адвакат робяць усё, каб дабіцца справядлівасці і выратаваць хлопцу жыццё. Тое ж робяць і шматлікія прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

Не дай Бог каму-небудзь зведаць, што такое смяротны прысуд, што такое камера смяротнікаў. Ні маладому, ні старому. Вялікая колькасць беларусаў спадзяецца, што 26-ты Дзень нараджэння не станецца апошнім для Уладзіслава Кавалёва. Гэта залежыць, у першую чаргу, ад таго, якое рашэнне прыме галоўны чыноўнік краіны, у руках якога знаходзяцца не толькі ўсе рычагі кіравання дзяржавай, але і чалавечыя жыцці ў самым прамым сэнсе гэтага слова.

Шмат залежыць і ад грамадства, якое не пакідае справу Канавалава-Кавалёва па-за ўвагай. Беларускі Хельсінскі камітэт рашуча настойвае на тым, каб ягоны прадстаўнік прысутнічаў на пасяджэнні камісіі па памілаванні пры прэзідэнце, якая будзе выносіць свой вердыкт адносна лёсу маладзёнаў і даводзіць яго да ведама кіраўніка дзяржавы, які і прыме канчатковае рашэнне, забіваць іх ці не.

Хочацца звярнуцца і да чальцоў камісіі, і да кіраўніка Беларусі — хопіць крыві! Давайце станавіцца цывілізаванай еўрапейскай дзяржавай! Паглядзіце: Беларусь жа пазіцыянуе сябе як паўнапраўны і паўнавартасны член Адзінай эканамічнай прасторы з перспектывай стварэння так званага Еўразійскага саюза з Расіяй і Казахстанам. Дык вось у гэтых краінах, як і ва ўсіх дзяржавах Еўропы і на постсавецкай прасторы ў цэлым, смяротнае пакаранне даўно не прымяняецца, расстрэльныя прысуды не выносяцца. Там фактычна зведзена да нуля магчымасць фатальнай памылкі следчых і судовых структур, калі забітага невінаватага чалавека ўжо не вярнуць. Дык ці не прыспеў час даказаць беларускаму кіраўніцтву, што Сінявокая нічым не горшая за іншых?

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: