Хапугі ад дзяржавы, ці падатак на паветра
“Мясніковіч энд компані” ужо пераблыталі паняцці здзек і рэальная эканоміка. Каб залатаць дзіркі ў бюджэце, а апошнім часам яшчэ і ў золатавалютных рэзервах, на іх думку, усе сродкі добрыя. Тым больш што з дубінаю над іх галовамі стаіць бяззменны кіраўнік дзяржавы і адначасна патэнцыйны кандыдат (на думку некаторых асабліва адданых падначаленых) на Нобелеўскую прэмію ў галіне эканомікі. Якому, адрозна ад аднаго з герояў “Вяселля ў Малінаўцы” не гаркнеш, узяўшы за каўнер: “Бацька, грошы!” Бо той сам галаву адарве.
Удар па аўтамабілістах
Урад прапануе збіраць з кожнага аўтамабіліста пошліну за допуск аўтамабіля да дарожнага руху. Прапановы ўрада аб падатковай палітыцы на 2014 год прадугледжваюць магчымасць увядзення пошліны за допуск аўтамабіля да дарожнага руху. Паводле словаў намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі міністэрства фінансаў Алега Селіверстава, плацёж будзе разавым і сплачвацца як з грузавікоў, так і з легкавікоў.
Урад мяркуе, што пошліна будзе складаць 3-5 базавых велічыняў на год. Гэта 390-650 тысяч рублёў. На пачатак года ў краіне было зарэгістравана 3 817 792 транспартных сродкаў, і калі б уласнікі кожнага з іх сплацілі па 500 тысяч рублёў, дзяржава б атрымала каля 200 мільёнаў долараў.
Фінансавы капец “туняядцам”
Апроч таго, у Беларусі ўсё ж распрацаваны праект указу аб увядзенні падатку з непрацуючых грамадзянаў, якія не ўдзельнічаюць у прыбытковай частцы бюджэта шляхам выплаты падаткаў, але пры гэтым з’яўляюцца спажыўцамі сацыяльных паслугаў, паведамляе БелТА.
Пра гэта заявіла начальніца галоўнага ўпраўлення фінансавання сацыяльнае сферы і навукі міністэрства фінансаў Святлана Крэтава. Паводле яе словаў, праект прадугледжвае ўвядзенне штогадовага плацяжа ў памеры 2,6 мільёна беларускіх рублёў. Гэтыя сродкі плануецца накіраваць на фінансаванне сацыяльнае сферы, кажа Крэтава.
Банкруты ад улады
Ясна, што дзяржава банкрутуе наўпрост на вачах. Грошай няма, але без іх уладзе не абысціся. Крэдытаў не даюць ні Масква, ні Міжнародны валютны фонд ды іншыя міжнародныя значныя фінансавыя ўстановы. Дзе выйсце? Натуральна, “падаіць” уласны “народзец”, як ахрысціў нядаўна беларусаў афіцыйны тутэйшы бяззменны правадыр.
Цікава, да чаго яшчэ дадумаюцца “геніі” з лагеру чынавенства? Мо, увесці падатак на паветра: “Не заплаціш да 1 студзеня — перакрыем кісларод шляхам адкручвання башкі”?
Што да аўтамабілістаў, то машына – даўно ўжо не прадмет раскошы, а сродак для перасоўвання. Пастаянна даражэе паліва, растуць іншыя выдаткі. Тым больш, пра гэта мусяць ведаць “уладнікі”, якія з гэтых самых машын не вылазяць. Вось толькі сумнеў узнікае, што менавіта яны самі з уласнае кішэні будуць плаціць гэтыя паўсотні баксаў “за допуск аўтамабіля да дарожнага руху”.
Пра “туняядцаў” ужо проста смешна казаць. Падавалася, што гэта быў кепскі жарт з боку Мясніковіча і кампаніі. А вось бачыце – не. Усё тут сур’ёзна. Вось толькі як уладатрымцы будуць вызначаць тых самых “туняядцаў”? Як яны збіраюцца спаганяць з іх грошы, якіх патэнцыйна можа і не быць? І як яны збіраюца караць тых, хто будзе не ў стане выплаціць чарговую “баршчыну” ў больш як 200 долараў?
Самастваральнікі самапраблемаў
Чулі мы нядаўна і пра магчымыя “сто баксаў з носа” за выезд за межы Беларусі, і пра нейкія дурныя ідэі адной з дзяржаўных газет накшталт забароны карыстацца замежнай валютай. Пакуль гніе маёмасць на дрэваперапрацоўчых прадпрыемствах з прычыны поўнай безгаспадарчасці, а “галоўны” грыміць ва ўсё горла на падначаленых, урадоўцы вышукваюць, якім чынам “дзень пражыць ды ноч пратрымацца”. І гатовыя садраць з электарата апошнюю кашулю, каб задаволіць апетыты дзяржавы і канктэтных яе прадстаўнікоў.
Але калі насамрэч увядуць тыя паўмільёны за карыстанне дарогамі? Калі абкладуць “туняядцаў” мільёнамі падатку? Калі забароняць валюту? Няўжо чыноўнікі вераць, што беларус можа трымаць любыя здзекі бясконца? Любому цярпенню калісьці прыходзіць канец. Можа гэта здарыцца і з беларусамі, і тады камусьці, як той казаў, будзе “мала месца”. Бедны той урад, які, ператварыўшыся ў сапраўднага хапугу, гэтага не разумее. Але потым папраўляць штосьці будзе позна.