Хто паляціць за крэдытамі?

Нацыянальны банк Беларусі адмяніў забарону на крэдытаванне юрыдычных і фізічных асобаў у межах захадаў “па стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку”. Гэтая забарона была ўведзеная яшчэ 19 снежня мінулага году і “ў якасці рэкамендацыі” мусіла дзейнічаць да 1 лютага году бягучага.

У той час банкам “прапанавалася” не дапускаць да 1 лютага 2015 году нарошчвання крэдытнага партфеля ў беларускіх рублях і не ажыццяўляць змянення валюты грашовых абавязальніцтваў заёмшчыкаў па крэдытных дамовах”. Пра гэта паведамляла прэс-служба рэгулятара. Але ж, не дачакаўшыся пачатку апошняга месяца зімы, гэтыя “рэкамендацыі” знялі.
Вось толькі пытанне: хто зараз адважыцца браць крэдыты? Маюцца на ўвазе і фізічныя, і юрыдычныя асобы. Таму што эканамічныя (ці фінансавыя) ўлады давялі да таго, што стаўкі па дэпазітах выраслі да 50% гадавых. Каб выжыць самім банкам, стаўкі па крэдытах павінны перавышаць стаўкі па дэпазітах, каб банк сам мог выплочваць працэнты трымальнікам тых самых дэпазітаў. То бок, крэдытная стаўка хоць на некалькі працэнтаў мусіць перавышаць дэпазітную, а значыць, зараз мае быць больш за 52-54% гадавых. На думку экспертаў, наўрад ці знойдзецца шмат жадаючых браць крэдыты пад такія працэнты. А грошы, асабліва прадпрыемствам, зараз вельмі патрэбныя.
Былы старшыня Нацыянальнага банку, доктар эканамічных навук прафесар Станіслаў Багданкевіч не ведае, што новыя эканамічныя ўлады, у тым ліку і новае кіраўніцтва рэгулятара, збіраюцца рабіць з наступствамі свайго рашэння павысіць дэпазітныя стаўкі да 50%, якія вядуць “да рабаўніцкіх крэдытаў на валютным рынку”.
“На самой справе, такія стаўкі з’яўляюцца непад’ёмнымі для эканомікі, і іх давядзецца нейкім чынам зніжаць. А зрабіць гэта можна толькі праз істотнае зніжэнне інфляцыі. Таму новае кіраўніцтва павінна кінуць усе сілы на падаўленне інфляцыі”, - упэўнены прафесар Багданкевіч.
А тым часам золатавалютныя рэзервы (ЗВР) Беларусі па міжнародным вымярэнні (па метадалогіі Міжнароднага валютнага фонду) на 1 студзеня 2015 году склалі 5 мільярдаў 59 мільёнаў 100 тысяч долараў, скараціўшыся за снежань 2014 года на больш як 760 мільёнаў “зялёных”. Пра гэта паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі. На пачатак мінулага году ЗВР нашай краіны складалі 6 мільярдаў 650 мільёнаў 900 тысяч долараў. Такім чынам, летась ЗВР скараціліся на больш як паўтара мільярда долараў.
Калі ўявіць, што сёлета Беларусі давядзецца выплаціць 4 мільярды долараў зненшяга доўгу, а крыніцаў паступлення валюты амаль не праглядаецца, то сітуацыю можна ахарактарызаваць адным словам – “швах”.