Як няўмольна ляціць час
Юрась Бушлякоў адышоў у лепшы свет каля 19-й гадзіны 4 чэрвеня 2013 года. Юра пакутваў на цяжкую хваробу — меланому. Гэта, як кажуць адмыслоўцы, амаль невылечна. Тым не менш, Юрась хацеў жыць, ён да апошняга змагаўся за сваё жыцьцё. Не атрымалася.
Згадваю адзін з зімовых дзён таго вельмі нешчаслівага 2013 года. Выходжу з аўтобуса маршрута № 100 і каля падземнага перахода каля “Васількоў” бачу Юрася, які размаўляе з Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным. Падышоў, павітаўся — вельмі рады быў сустрэць Юру, з якім не бачыўся некалькі гадоў, і, натуральна, слыннага беларускага паэта. Бураўкін праз некалькі хвілінаў развітаўся і сышоў, бо некуды спяшаўся, а з Юрам мы яшчэ гутарылі хвілінаў дваццаць.
Ён распавёў мне пра няўдалае лекаванне ў Ізраілі, але сказаў: “Ведаеш, Генусь, падаецца, што хвароба заснула. Няхай бы яна і не прачыналася”. Я адказаў яму: “Юра, а ты пра яе менш думай, мо, яна і не прачнецца”. Пабалакалі яшчэ пра тое-сёе, і Юра, папрасіўшы прабачэнне, пашыбаваў дахаты, сказаўшы, што яго чакае мама.
Каб я ведаў, што гэта будзе наша апошняя сустрэча…
Праз дзень пасля смерці Юры, 5 чэрвеня, быў дзень нараджэння яшчэ ў аднаго майго сябра, гукарэжысёра Радыё Свабода Валодзі Сакульскага. Ён позна ўвечары вярнуўся з адпачынку ў Турцыі. Адкульсьці ён даведаўся пра сыход Юры. Ён спытаўся, ці пахавалі ўжо Бушлякова. Я адказаў, што не, але папрасіў Вову, у якога было вельмі слабое сэрца, не рызыкаваць і не ісці на пахаванне… Валодзі не стала 7 ліпеня… А 5 чэрвеня 2014 года яму б споўнілася 60 гадоў.
Няма Бушлякова, няма Сакульскага, няма Бураўкіна. Няма Рыгора Барадуліна, няма Віці Івашкевіча, няма Зміцера Сідаровіча, няма Генадзя Грушавога, няма яшчэ многіх і многіх слынных людзей, якія сышлі цягам апошняга году. Як хутка ляціць час і як хутка сканчаецца жыццё! Страшна…
Дарэчы, цяперашні палітвязень Алесь Бяляцкі кольвеч сказаў, што на пад’ездзе, у якім жыў Генадзь Бураўкін і знаходзіўся офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”, калісьці абавязкова з’явіцца мемарыяльная шыльда. Але я ўпэўнены, што на гэтай шыльдзе будзе не толькі імя Генадзя Мікалаевіча і назва “Вясны”. На ёй будзе і імя Юрася Бушлякова — цудоўнага журналіста і філолага, які жыў у тым жа пад’ездзе. І які памёр у тамака ж знаходжанай сваёй кватэрцы. Светлая вам памяць, добрыя людзі.