Канец бяз’ядзернай Беларусі
Ужо 5 лістапада афіцыйна пачалося будаўніцтва першага энэргаблоку так званай “Беларускай атамнай электрастанцыі”.
Крыху раней, 2 лістапада тутэйшы правадыр падпісаў указ № 499 “Аб збудаванні Беларускай атамнай электрастанцыі”. І яшчэ крыху раней, 29 кастрычніка, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выдала ліцэнзію на выкарыстанне ядравага абсталявання першага энергаблоку патэнцыйнай АЭС. Усе высілкі дэмакратычнай супольнасці, якая імкнулася абараніць краіну ад будучага ядравага монстра, падаецца, выйшлі ў пшык.
Фактычна, будаўніцтва лукашэнкавай атамнай станцыі пачалося значна раней. Яшчэ не былі зацверджаныя бюджэты, яшчэ не былі выдаткаваныя расійскія грошы, не было генеральнага плана, а ў раёне Астраўца на Гарадзеншчыне ўжо “кіпела” праца. Некалькі гадоў таму мне з калегамі — сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў — давялося праехаць па тых мясцінах, дзе, паводле планаў маскоўскіх ядравікоў і іх беларускіх памагатых, мусіць з’явіцца новы атамны монстр. Ужо тады дзясяткі грузавікоў і іншых тэхнічных махінаў займаліся “зачысткай” тэрыторыі, будаваліся новыя дарогі, рыліся нейкія яміны ды зносіліся курганы. Хоць не існавала яшчэ ніякага афіцыйнага дакумента, не было канчатковага фармальнага рашэння ўрада наконт будаўніцтва БелАЭС. Гэта сведчыць пра тое, што ў краіне такія пытанні вырашаюцца нават не па тэлефоне, а проста жаданнем ці агаворкаю той самай асобы, якая прымае ўсе без выключэння больш-менш важныя рашэнні ў гэтым аскабялку савецкай імперыі.
Грамадства не было самрэчна ўключана ў прыняцце рашэння наконт будаўніцтва атамнай станцыі. Прычым у амаль што самым экалагічна чыстым рэгіёне Беларусі. Дарэчы, менавіта на Астравеччыне, амаль там, дзе пачалася будоўля АЭС, на пачатку мінулага стагоддзя адбыўся землятрус такой моцы, што пакінуў пасля сябе сляды на вельмі доўгі час, бадай, навечна. А калі нашта падобнае паўторыцца пасля таго, як гэтая тэхнічная пачвара паўстане на нашай зямлі? Куды будуць уцякаць тысячы і тысячы беларусаў, калі, крый Божа, адбудзецца выбух ці нават самая проста ўцечка радыяцыі?
Штучка да таго ж такая ёсць, што вятры ў асноўным дзьмуць з заходняга кірунку, таму ўся радыяцыя пойдзе на тэрыторыю астатняй Беларусі, у тым ліку і на двухмільённы Мінск.
І не толькі. Будаўніцтвам БелАЭС вельмі сур’ёзна занепакоенае і кіраўніцтва суседняй Літвы. Бо да сталіцы гэтай краіны ад будучай новай крыніцы атамнай небяспекі — рукою падаць, усяго толькі некалькі дзясяткаў кіламетраў, а да беларуска-літоўскае мяжы — яшчэ бліжэй. На прынцыповыя пытанні літоўскага кіраўніцтва, як і неабыякавай да атамнай праблематыкі беларускай грамадскасці, нашыя чынушы адказаў не далі, не вельмі ўдала імітуючы так званыя грамадскія слуханні з прывозам не зусім дасведчаных месцічаў ды, у некаторых выпадках, абыякавых да згаданай праблематыкі суседзяў-літувісаў.
Тыя, хто прымаў рашэнне аб будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі, забыліся на тое, што наша краіна абвешчаная бяз’ядзернай зонай. Гэтая бяз’ядзернасць мае на ўвазе не толькі ненаяўнасць атамнай зброі на яе тэрыторыі, але і любых іншых ядравых аб’ектаў. Яны забыліся і на наступствы самай буйной у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году, яд якой пацярпелі мільёны людзей і трагічныя наступствы якой па вялікім рахунку і ў поўнай меры пачынаюць праяўляцца толькі цяпер. Памятаю, як адзін японскі навуковец на пачатку 90-х гадоў падчас ладжанага Беларускім дабрачынным фондам “Дзецям Чарнобыля” міжнароднага кангрэсу “Свет пасля Чарнобыля” казаў, што беларусам давядзецца зведаць усе “даброты” мірнага атама гадоў праз 20–25 пасля выбуху. Так і атрымліваецца. Мы бачым, што сёння анкалогія літаральна косіць нацыю.
Уладатрымцы “кляпаюць” нам мазгі, што наяўнасць уласнай АЭС вызваліць нас ад энэргетычнай залежнасці ад Расіі. Яны што, нас усіх за дурняў трымаюць? Хто будуе АЭС? Расія. Каму мы будзем вяртаць мільярды і мільярды долараў атамных крэдытаў? Расіі. Хто будзе пастаўляць на тутэйшую АЭС ядравае паліва? Расія. Дык пра якую энэрганезалежнасць нам далдоняць тыя, хто і так ужо, без той самай АЭС, давёў краіну “да ручкі”? Хто будзе разлічвацца за гэтыя самыя крэдыты? Асацыяцыя “Л. энд Компані”? Не. Нашыя нашчадкі і, магчыма, мы ўсе. Калі выжывем. І нам гэта трэба?
Дарэчы, складваецца ўражанне, што для “вяршыцеля лёсаў людзей і краіны” гэтая АЭС — такая ж цацка, як раней лядовыя палацы ды аграгарадкі, а сёння —
палац Незалежнасці ды Плошча дзяржаўнага сцяга. Новы дзень — новая песня. Якая, на жаль, для пакукль яшчэ незалежнай краіны пад назвай Беларусь можа ператварыцца ў пахавальны марш.