Коштавыя жарсці

Нацбанк, ці то ўрад, усё ж вырашылі адпусціць тутэйшы рубель ў свабоднае плаванне. І тут адразу стала відавочна, чаго рэальна каштуе нацыянальная грашовая адзінка. І справа нават не ў курсе, па якім “белым ці “чорным чынам можна набыць іншаземныя валюты. Справа ў цэнніках, якія мы сёння бачым у нашых крамах і ад якіх у людзей са слабым здароўем здараецца нешта кшталту гістэрычных прыпадкаў.

Нацбанк, ці то ўрад, усё ж вырашылі адпусціць тутэйшы рубель ў свабоднае плаванне. І тут адразу стала відавочна, чаго рэальна каштуе нацыянальная грашовая адзінка. І справа нават не ў курсе, па якім “белым ці “чорным чынам можна набыць іншаземныя валюты. Справа ў цэнніках, якія мы сёння бачым у нашых крамах і ад якіх у людзей са слабым здароўем здараецца нешта кшталту гістэрычных прыпадкаў.
Тым, у каго кепска з сэрцам ці нервамі, увогуле раю не наведваць гандлёвыя ўстановы. І патлумачу, чаму. Прыходзіць мая знаёмая і  кажа: купіла сёння маленечкі батон, які каштаваў менш за тысячу яшчэ пару дзён таму, а сёння ўжо выклала за яго тысячу васямсот! А памідоркі айчынныя нядаўна брала па дзевяць тысяч, а сёння яны ўжо шаснаццаць цягнуць! Пра гуркі ўвогуле маўчу – яны яшчэ больш дарагія, чымся тыя таматы, каб на іх ліха!...
І я вельмі добра разумею гэтую кабету. Вось у адным з буйных універсамаў убачыў вяленага шчупачка. Яшчэ пару тыдняў таму плаціў за рыбіну вагою грамаў 300 каля 9 тысяч рублёў, бо каштавала кіло гэтага тавару 27-29 тысяч. Цяпер убачыў – такая ж рыбка цягне амаль на сорак тысяч. Яшчэ не бачачы вытворцу, падумаў было, што нейкі чарговы імпарт па шалёным курсе завезлі. Дык вось не!!! Аказалася, што шчупачок той коштам амаль 118 000 (!) за кіло мае тутэйшае паходжанне – з Фаніпалю ён! Я ажно аслупянеў. Хай бы мне хтосці патлумачыў, з якой столі ўзяты такі кошт на айчынную прадукцыю.
У суботу, 14 мая, з’явілася інфармацыя, што міністэрства эканомікі зняло абмежаванне па гандлёвым надбаўкам на фарш, пяльмені, субпрадукты, вараныя каўбасы, а таксама рыбу, сыры, соль, бананы, памаранчы і цытрыны. Дык кошты на іх апошнім часам і так былі о-го-го! Тыя ж бананы, якія напачатку году можна было набыць за 3,5 – 4 тысячы “белраблаў, ужо да вызвалення цаны ўзляцелі да 9-12 тысяч. Колькі яны будуць каштаваць пасля апошняга рашэння мінэканомікі, нават уявіць цяжка. Тая ж вараная каўбаса некаторых айчынных вытворцаў ужо сягала за 18-19 тысяч за кілаграм, зараз, відавочна, будзе каштаваць яшчэ болей. А таму, хто жадаў бы паласавацца чырвонай ікрой, я адразу параіў бы валіць у суседнюю Літву, дзе бляшаначка ў 140 грамаў гэтага дэлікатэсу каштуе ад 10 да 15 літаў. Бо ў нас сёння я такую ж самую (140 грамаў) бачыў за 50 тысяч з гакам.
Пра бульбу. Завезлі ў суседнія з маім домам крамы бульбачку. Ды не прастую, а залатую ў прамым сэнсе – кіло гэтага прадукта, вырашчанага ў Францыі (!), Галандыі (!!) і Марока (!!!), каштуе 5830 – 6500 рублёў. Даводзілася днямі бачыць бульбу і па 7 тысяч і нават па 12 за кіло. Смешна? Не! Плакаць хочацца з таго, што зрабілі з адным з беларускіх брэндаў. А салодкі перац па 35-50 тысяч за кіло? А грэчка па 24 тысячы? А, а, а…?
Проста дзіўна, як выжываюць сёння беларусы. Як той казаў, а вы іх дустам не спрабавалі?...