Крэмль ужо прыпякае?

Паводле паведамлення прэсавай службы Крамля, “22 ліпеня пад старшыняваннем прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна адбудзецца пасяджэнне Савета бяспекі Расійскай Федэрацыі, на якім плануецца разгледзець комплекс пытанняў, звязаных з забеспячэннем тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэта Расійскай Федэрацыі”. Тэмачка — што трэба!

Што ж такое здарылася, што менавіта тэма расійскай незалежнасці і суверэнітэту будзе абмяркоўвацца на самым вышэйшым узроўні? Можна меркаваць, што Пуцін прымярае на сябе лёс Януковіча, палітыка якога прывяла да рэвалюцыі і ў выніку да грамадзянскай вайны. Кіраванне двойчы крымінальніка пры падтрымцы крамлёўскага правадыра пацягнула за сабою анэксію ўкраінскага Крыма ды трагедыі на паўднёвым усходзе незалежнай Украіны. Для ўсіх нармальных людзей зразумела, хто стаў фундатарам і натхняльнікам, спонсарам гэтай вайны. Расійскія ногі на Данбасе растуць з усіх шчылінаў. Унёсак Масквы ў дзейнасць і паводзіны бандытаў-сепаратыстаў стаміліся адмаўляць ужо нават у самой сталіцы імперыі.

Збіццё ракетай цывільнага самалёта над Данеччынай, якое пацягнула за сабою 298 ахвяраў, у тым ліку дзясяткаў ні ў чым не павінных дзетак, ужо асудзілі кіраўнікі, палітыкі і грамадскія дзеячы многіх краінаў свету, якія ў сваіх заявах непрыхавана робяць вінаватымі ў гэтым злачынстве маскоўскіх фюрэраў ды іх памагатых — так званых “паўстанцаў”.

Расія ўжо апынулася ў міжнароднай ізаляцыі, і зараз гэтая ізаляцыя будзе толькі ўзмацняцца. Гульня ў дурня, якую дэманструе Пуцін, робячы закіды ў бок Украіны ў звязку з трагедыяй авіялайнера, у цывілізаваным свеце ўжо не праходзяць. І цяпер Крэмль, разумеючы, што сляды гэтага страшэннага злачынства ва ўмовах сённяшняга тэхнічнага і тэхналагічнага прагрэсу, не схаваць, сапраўды спалоханы.     

Не памятаю, калі апошнім разам на ўзроўні расійскага прэзідэнта абмяркоўваліся менавіта пытанні тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту РФ. Але высокапастаўлены чэкіст (былымі яны не бываюць) са сваім атачэннем, відаць, прыгадалі прымаўку: як аукнецца, гэтак і адгукнецца. Ададраў ад суседкі вялікі кавалак — праз пэўны час аддасі і яго, і сваё.

А “сваё” у Расіі амаль усё вельмі адноснае. І можна сабе ўявіць, што яшчэ не затухла прага да свабоды ад Расіі ў тых, з кім яна абыходзілася не па-людску і стагоддзі таму, і зусім нядаўна. Можна пералічваць і пералічваць тыя суб’екты “вялікай і магутнай”, якія бачаць яе ў белых тапках у драўляным вырабе спецкамбінату камунальнага абслугоўвання і з нецярплівасцю чакаюць, калі яна настойліва загадае ім доўга жыць. 

Вось разуменне гэтага, страх перад непазбежнасцю і вымушаюць склікаць пасяджэнне рады бяспекі па такіх вось пытаннях. Але ці дапамогуць такія пасяджэнні? Наўрад ці. Бо зробленага ўжо не вернеш. Амбіцыі аднаго ашалелага ад улады і беспакаранасці дзеяча ўжо каштуюць соцень, мажліва, ужо і тысяч жыццяў. А даравання такому няма. Гаагу яшчэ ніхто не адмяняў. Як і гісторыі пра распад імперыяў, у тым ліку імперыяў зла.