Метроўскія чэргі ды незадалая восень

Апошні дзень першага месяца восені — 2013 вызначыўся нейкімі міні-катаклізмамі. Асаблівую ўвагу аўтара гэтых радкоў прыцягнулі даўжэзныя чэргі ў касы сталічнага метрапалітэна. Прычым, як надвячоркам, гэтак і амаль апоўначы.

Справа ў тым, што ў беларускай сталіцы, як, дарэчы, і па ўсёй краіне, з 1-га кастрычніка адразу на 25% падаражаў праезд у грамадскім транспарце. Напярэдадні разавыя квіткі ды метроўскія жэтоны, а таксама дэкадныя, паўмесячныя ды месячныя праязныя можна было набыць яшчэ па старых расцэнках. А вось ужо на наступны дзень давялося б плаціці напоўніцу. “Народзец”, як цяпер называе ўсіх нас Лукашэнка, гэта ведаў, таму вырашыў хоць у апошні момант зэканоміць на непазбежных будучых выдатках.

 

Чэргі-чэргі

Прыкладна ў 19.40 паводле тутэйшага часу набліжаюся да станцыі метро”Акадэмія навук”, заходжу ў пераход і бачу чаргу, нібы апынуўся ля гастраному на пачатку 90-х, калі электарат ахвяраваў многія хвіліны і нават часы ў стойбішчах за туалетнай паперай, тытунем ці за сіняскурай курыцаю-пакутніцаю.

З прычыны незвычайнай колькасці наведнікаў-пасажыраў нават некаторыя магутныя дзверы ў метро першага пакалення (а станцыя “Акадэмія навук” адчынілася яшчэ ў ліпені 1984 года, калі была запушчаная першая лінія мінскага метрапалітэна), кімсьці разумным з супрацоўнікаў-гуманістаў былі “засталбёныя” такім чынам, каб не нанесці непатрэбных траўмаў шыбуючым да касаў суграмадзянам.То бок, безрухома адчыненыя нараспашку без нават намёкаў на жаданне нанесці табе фізічную траўму.

Справа ў тым, што, відаць, канструкцыі тых жа дзвярэй у нашынскім метро нехта ў тыя замшэлыя савецкія часы распрацаваў так, каб у выпадку скразняку неплацяжаздольных і бюджэтазнішчальных бабульку ці дзядульку, якія не былі надта пільныя, у выпадку частага моцнага скразняку ў паздемцы гэтыя самыя дзверы так бы апрыходвалі, што тыя небаракі ўплішчыліся б у гранітную сцяну насупраць з такой сілай і гарантыяй, што іх было б прасцей зафарбаваць, чымся аддзёрці ад той сцяны. Няма чалавека, няма праблемы, як той казаў.

 

Новыя кошты

Але не пра гэта гаворка, хоць праблема дзвярэй-траўманосцаў у мінскім метрапалітэне застаецца актуальнай. Дык вось. Кошты на ўсе тыя памянёныя праязныя дакументы заставаліся ранейшымі толькі да канца працоўнага дня грамадскіх транспартных сродкаў 30 верасня. Новы дзень, новы месяц — новыя кошты. Напрыклад, месячны праязны білет на ўсе віды транспарту шыбануў у цане адразу на 71 тысячу эрбээлаў (цяпер каштуе больш за 202 тысячы рублёў), на аўтобус-тралейбус-метро — амаль 180 тысячаў.  

Ну, думаю, праязны з прычыны велічэзных чэргаў трэ’ купіць не цяпер (але ўсё ж сёння), таму пачакаю да бліжэй ночы, мо, электарат раз’едзецца па хатах, і ўсё будзе прасцей. Балазе, наперадзе была яшчэ дзелавая сустрэча. Ужо пасля 22-й гадзіны 30 вересня спускаюся ў метро (не да ночы ўзгадана) “Плошча Леніна” з боку чыгуначнага вакзала. А-ёй! Тамака ў касы (працавалі толькі дзве!) чарга, нібыта за савецкім часам у маўзалей таго, чыім імём “асабліва адораныя” назвалі тую самую станцыю метро.

Уявіце, што адчувалі пасажыры цягнікоў блізкага і далёкага следвання, якія хацелі набыць толькі адзін жэтончык на “падземку!” Бо прапускаць іх “папярод бацькі” ніхто не збіраўся.     

Карацей, шляхі давялі мяне да станцыі метро “Інстытут культуры”. Амаль апоўначы, але і тут чарга, праўда, невялікая і больш жвавая. Набываю праязны тралейбус-аўтобус-метро. Здаю картку (на метро), якая каштуе 2 тысячы (заклад). Мне гэтыя тысячы прадавачка вяртае, але ўжо з агульнай сумы вылічвае новыя 10 тысяч? “За что, Герасим?!”

Аказваецца, цяпер ажыцыяўляецца пераход на радыёкарткі на парезд у метрапалітэне, заклад за якія ўжо складае 10 тысяч айчынных грашзнакаў. Ну, што ж, дзякуй Богу, сёння, 1 красавіка, мяне навучылі карыстацца гэтай карткай супрацоўнікі кантролю на ўваходзе на станцыю метро, інакш, па старой завядзёнцы, тыркнуўшы карткай у адпаведную дзірку і, як заўжды, хутка паляцеўшы далей, атрымаў бы ад той жа тэхнікі “па самае не магу”.

Восеньскія ўражанні

1 кастрычніка наведнікі адмысловых кіёскаў, дзе прадаюцца праязныя дакументы, ужо клялі і ўлады, і сябе, што надоячы не паклапаціліся ахвяраваць часам і прыдбаць гэтыя самыя праязныя танней. А цяпер — разлічвайся.

Увогуле, неяк цяперашняя восень не задалася. Надвор’е халоднае, тэмпература на сем градусаў ніжэй за кліматычную норму гэтага часу. Кошты растуць. Прычым на ўсё. Нашыя футбалісты, ды і не толькі яны, прайграюць на міжнароднай арэне. Хакейнае мінскае “Дынама” паказвае найгоршыя вынікі за ўсю сваю найноўшую гісторыю, скаціўшыся на ўдонне КХЛ. Нават наша слынная тэністістка (№ 2 у сусветным рэйтынгу) Віка Азаранка “прадула” дзве стартавыя гульні на турнірах у Токіа і Пекіне. Аднак у Віку я веру. А вось у айчынны хакей ды ў беларускую эканоміку… Ну-ну.