Нацыянальная валюта ў д...

Вы можаце сабе ўявіць, каб палякі замест сурвэткі ці туалетнай паперы ў «нужніках» выкарыстоўвалі златуўкі, літоўцы — літы, украінцы — грыўні, амерыканцы — доларавыя купюры, а еўрапейцы — еўра? Я не магу. А вось беларусы выкарыстоўваюць для падцірання ў прыбіральнях уласныя грошы.



100_5933.jpg

Тое, што ў сметніцах грамадскіх прыбіральняў прынамсі ў нашай сталіцы не так ужо рэдка можна заўважыць скарыстаныя не па прамым прызначэнні купюры Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь — не сакрэт. Абывацель скажа: ну, надарылася такое, што ў прыбіральні не аказалася туалетнай паперы — а гэта вельмі частая з’ява ў Беларусі ХХІ стагоддзя — таму, што ж, не пальцам жа ж падцірацца? І тады аблегчаны ад натуральнага цяжару грамадзянін лезе ва ўласны кашалёк і вымае адтуль папяровыя грашовыя адзінкі, балазе манетаў у Беларусі няма. З аблягчэнніцам, пан або паненка!

Але тут узнікаюць пытанні іншага плану. Гэта ж, з аднаго боку, як трэба не паважаць уласныя грошы, каб засунуць іх у літаральным сэнсе ў азадак?! З іншага боку, да чаго давялі людзей эканамічныя і палітычныя ўлады, калі насельнікі не лічаць за ганьбу скарыстацца беларускімі рублямі не ў якасці плацежнага сродку ці сродку эканоміі, але ў якасці гігіенічнай прылады.

100_5931.jpg

Калісьці вядомы беларускі эканаміст Леанід Заіка ў маёй гутарцы з ім заўважыў: а чаму мы дагэтуль называем беларускую валюту рублём? Што, у нас ёсць купюры ў адзін рубель? Мы што, можам купіць нешта за адзін рубель? “Дык давайце называць нашыя купюры і, адпаведна, валюту чырвонцамі (тады яшчэ хадзілі ў абарачэнні паперкі наміналам у 10 беларускіх рублёў)”, — ці то жартам, ці то сур’ёзна прапаноўваў суразмоўца. Але не пра фармальную назву дзяржаўнай валюты гаворка, хоць гэта таксама важна.   

Цяпер ужо няма купюраў у 10 і 20 рублёў, самая малая намінальная паперчына намінаваная ў 50 рублёў. Магчыма, у хуткім часе і такіх не будзе, бо за 50 рублёў сёння ў Беларусі набыць нешта абсалютна немагчыма. Да прыкладу, самы танны поліэтыленавы пакецік у крамах каштуе 150 беларускіх рублёў, а карабок запалак — 250. Дык пра што гаворка?

Гаворка пра нацыянальны гонар. Няхай гэта і гучыць, магчыма, высакапарна. Нацыянальная валюта — гэта сімвал, атрыбут дзяржаўнасці. Як сцяг і герб.

Калі ў 1995 годзе пасля сумнеўнага плебісцыту новая ўлада зняважыла і знішчыла нацыянальныя, яны ж дзяржаўныя сімвалы — бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню”, то падсвядома ў народа “ляснула” адчуванне гонару і за іншыя дзяржаўныя атрыбуты. У тым ліку і да валюты. Дэнамінацыі і дэвальвацыі не спрыялі і не спрыяюць росту даверу і павагі да сваіх грошай. Таму так актыўна электарат пазбаўляецца ад нашчадкаў зайцоў і вавёрак, пераводзячы назапашванні і “працоўныя капейкі” ў тыя грашовыя знакі, якімі падціраць уласны зад ніхто нават не дадумаецца.

А што да тутэйшага рубля, то мне падаецца, сваім стаўленнем (праз дупу) айчынны абывацель-шараговец дэманструе ўласнае стаўленне да дзяржавы, у якой жыве і якая напампоўвае яго купюрамі-пустышкамі. І наср…, пардон, пляваць, што на іх, як на беларускай сторублёўцы, якой падцёрся нехта ў прыбіральні на сталічным рынку “Максімус”, выяўлены Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балету Рэспублікі Беларусь.

Віват, культура, віват, дзяржава! Але толькі многія бачаць і успрымаюць іх праз прызму канкрэтнай фізіялагічнай кропкі гома-сапіенса. Ну, можа і не зусім сапіенса.