Нядоўга спявала “Малінаўка”
Жыхары паўднёва-заходніх частак Мінска зноў зведваюць усе “прэлесці” дарожнага будаўніцтва. Хаця яшчэ некалькі дзён таму падавалася, што рэстаўрацыйна-будаўнічыя нягоды, прынамсі, у гэтай частцы сталіцы зрынулі ў нябыт. Рана радаваліся.
Амаль сем гадоў жыхары сталічнага мікрараёна “Малінаўка” жылі ў напаўваеннай атмасферы, калі дарогі — перарытыя, транспарт ходзіць абы як, бруд і грукат будаўнічай тэхнікі ўраслі ў мазгі дарослых і дзяцей. Увесь гэты час мірныя людзі сціскалі сківіцы, разумеючы, што ідзе будаўніцтва новых станцыяў метро, а таксама рэнавацыя праспекта Дзяржынскага ды прылеглых да яго тэрыторыяў. І вось, падавалася, што перад Чэмпіянатам свету па хакеі гэтая каламудзь скончылася: нарэшце поўнасцю адкрылася ледзь не самая даўжэзная аўтамагістраль горада, а людзі пачалі прызвычайвацца да новых транспартных магчымасцяў. (Станцыю метро “Малінаўка” праўда, адкрылі крыху пазней, але ж адкрылі — і дзякуй Богу!)
І вось — на табе! Ужо некалькі дзён жыхары “Малінаўкі-1” зноўку зведваюць цяжкасці з транспартнай камунікацыяй. Па вуліцы Касманаўтаў ад яе перасячэння з праспектам Дзяржынскага і да скрыжавання з вуліцай Ясеніна не ходзіць аніякі транспарт (у абодва бакі), народ зноўку выкарыстоўвае ў завышанай колькасці нецэнзурную лексіку.
Узнікае пытанне: што такое магло здарыцца, каб узнікла неабходнасць зноўку перакладаць дарожнае пакрыццё, якому не споўніўся яшчэ і год? Бо дзясяткі машын аўтадарожнай тэхнікі, шматлікія грузавікі з гарачым асфальтам, каткі, перакрыццё цэлых дарожных палос — гэта табе не раптоўную дзірку на трасе залатаць. Тым больш, што траса зусім новая.
Тэхналагічная памылка пры пракладцы? Імаверныя скаданасці ў метро (глупства несусветнае — дзе, на якой глыбіні, метро, а дзе дарога)? Невыносная спёка, якая доўжылася некалькі тыдняў? Ці звычайнае раздалбайства праектоўшчыкаў, дарожнікаў і адпаведных чыноўнікаў?
Хутчэй за ўсё, апошняе. Кошт дарожных прац, перакрыццё руху, аб’езды грамадскага транспарту каштуе мільёны і мільярды айчынных рублёў. І незлічоную колькасць нерваў тубыльцам, якія ўжо былі звыкліся з думкаю, што жахі з рамонтамі дарог і навабудамі адышлі ў мінулае.
Не, не так. Улады не могуць спаць без таго, каб не прыдумаць нам сюрпрызаў. Наўмысна ці праз сваю некампетэнтнасць і непрафесійнасць. І хай толькі нам не кажуць пра тое, што ўсё гэта — планавае. Гэта толькі ў нас можна спачатку паўгады рэстаўраваць вуліцу (да прыкладу, Сурганава некалькі гадоў таму), а потым, калі яшчэ не поўнасцю зацвярдзеў новы асфальт, пусціць па ім танкі падчас рэпетыцыяў вайсковага параду.
Народныя (бюджэтныя) грошы для чыноўнікаў — нібы свае ўласныя грошы. А тое, што з гэтай нагоды думае сам народ, гэта яго праблема. Вось так і жывем — ад рамонту да рамонту.