Пачатак году з нафтавым прысмакам

Трэба ўжо было б прызвычаіцца, што ў новым тысячагоддзі з надыходам кожнага Новага году Беларусь чакае чарговы непрыемны сюрпрыз: то спыненне паставак расійскага газу, то падпісанне пагаднення пра яго пастаўкі за пяць хвілін да бою Курантаў, то дэвальвацыя, нягледзячы на слёзныя абяцанні з самага верху аб яе немагчымасці. Цяперашняя “нафтавая вайна, а інакш тое, што зараз адбываецца паміж дзвюма краінамі, і не назавеш, прадказвалася многімі незалежнымі экспертамі яшчэ некалькі месяцаў таму. 

Трэба ўжо было б прызвычаіцца, што ў новым тысячагоддзі з надыходам кожнага Новага году Беларусь чакае чарговы непрыемны сюрпрыз: то спыненне паставак расійскага газу, то падпісанне пагаднення пра яго пастаўкі за пяць хвілін да бою Курантаў, то дэвальвацыя, нягледзячы на слёзныя абяцанні з самага верху аб яе немагчымасці. Цяперашняя “нафтавая вайна, а інакш тое, што зараз адбываецца паміж дзвюма краінамі, і не назавеш, прадказвалася многімі незалежнымі экспертамі яшчэ некалькі месяцаў таму. 
Пасля заявы расійскага віцэ-прэм’ера Ігара Сечіна пры  канцы мінулага года пра тое, што Беларусь на ўласныя патрэбы атрымае бяспошлінна 5–6 мільёнаў тон сырой нафты (крыху раней называлася лічба 9 мільёнаў тон), а ўся астатняя сыравіна мусіць пастаўляцца з 100-працэнтрым экспартным мытам, можна было сабе ясна ўявіць, што сёлета на саступкі Масква не пойдзе. Калі за справу бярэцца “правая рука Уладзіміра Пуціна, неаднойчы пакрыўджанага летась афіцыйным беларускім лідэрам, нічога добрага Мінску чакаць не даводзіцца. 
Толькі ў панядзелак зранку прэс-сакратар “Белнафтахіму Марыя Касцючэнка абвергла чуткі, якія цыркулявалі ў свеце цэлыя  тры дні,  пра спыненне ад 1 студзеня паставак расійскае нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Выпадкова была вытрымана такая паўза ці не, але тым часам кошт на нафту на сусветным рынку падскочыў, пераадолеўшы 4 студзеня адзнаку ў 80 даляраў за барэль WTI, і адбылося гэта не ў апошнюю чаргу дзякуючы беларуска-расійскаму нафтаваму канфлікту. 
Нягледзячы на абяцанні кіраўніцтва расійскай кампаніі “Транснафта — манапаліста паставак расійскай нафты ў замежжа — пра гарантаванасць транзіту нафты праз Беларусь і няспыннасць паставак сыравіны, заходнія трэйдэры апасаюцца перабояў з тымі самымі пастаўкамі. Каму выгадны рост коштаў на гэту сыравіну? Адказ відавочны. 
Пры канцы тыдня  многія інтэрнэт-рэсурсы са спасылкаю  на нейкага беларускага чыноўніка, блізкага да перамоўнага працэсу  па пастаўках расійскай нафты  ў 2010 годзе, паведамілі, што ў выпадку, калі Расія не адменіць экспартную пошліну на нафту для Беларусі, наша краіна можа выйсці з Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана, які яшчэ только-толькі нараджаецца. Некаторыя незалежныя эксперты мяркуюць, што скід такой інфармацыі ёсць, па-першае, шантажом у дадзеным выпадку ў дачыненні да расійскага боку, а па-другое, праяваю нежадання беларускага кіраўніцтва ўдзельнічаць у гэтым Мытным саюзе, які, гаворачы словамі Аляксандра Лукашэнкі, выгадны найперш Расіі, а ўжо пасля астатнім яе партнёрам. Апроч таго, распаўсюджваецца інфармацыя і пра магчымае падвышэнне ў 3,5 разы кошту транзіту расійскай нафты праз тэрыторыю Беларусі, а гэта 70 мільёнаў тон за год. Карацей, год пачаўся “ўдала і па-братэрску.
4 студзеня расійска-беларускія “нафтавыя перамовы мусяць працягвацца, хаця мала хто верыць у тое, што Беларусь здолее выгандляваць для сябе выгадны і задавальняючы варыянт. Відавочна, што Чырвонаму дому давядзецца пайсці на саступкі, але якімі яны будуць у год, калі ў Беларусі пачынаюцца найважныя палітычныя кампаніі? Ніхто з упэўненасцю на сто адсоткаў не можа сказаць, што канкрэтна патрабуе Расія ад Беларусі (мяркую, Абхазія з Паўднёвай Асеціяй тут ні пры чым), але тое, што адным з патрабаваннем Масквы з’яўляецца фактычна перадача ёй за бясцэнак беларускіх НПЗ, ясна як Божы дзень. Што яшчэ — ведае, відаць, толькі беларускі прэзідэнт.
З упэўненасцю можна сцвярджаць толькі адно: так званай саюзнай дзяржаве праз дзесяць год ад дня яе абвяшчэння прыйшоў канец, Расія больш не збіраецца субсідзіраваць нязмоўнага беларускага партнёра, а размовы пра “братэрства двух народаў і дзвюх дзяржаў можна спыняць за непатрэбнасцю. Зараз не да пафаснай рыторыкі!