“Палітычны прызыў” як новая форма рэпрэсій

Днямі ў аўральным парадку на службу ў войска накіраваны вядомыя актывісты дэмакратычнага моладзевага руху Беларусі. Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці і незалежныя юрысты расцэньваюць масавы забор у войска лідэраў апазіцыйных моладзевых арганізацый як новую форму рэпрэсій у дачыненні да моладзевых актывістаў.

Днямі ў аўральным парадку на службу ў войска накіраваны вядомыя актывісты дэмакратычнага моладзевага руху Беларусі. Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці і незалежныя юрысты расцэньваюць масавы забор у войска лідэраў апазіцыйных моладзевых арганізацый як новую форму рэпрэсій у дачыненні да моладзевых актывістаў.
Моладзевае крыло Партыі БНФ за апошнія паўгода пазбавілася двух кіраўнікоў: улетку ў войска ў тэрміновым парадку забралі тагачаснага старшыню “Моладзі БНФ Алеся Каліту, нягледзячы на анеўрызму сэрца, а зараз гвалтоўна ў вайсковай частцы ў Баранавічах апынуўся цяперашні лідэр арганізацыі Франак Вячорка.
28 студзеня людзі ў цывільным затрымалі старшыню “Моладзі БНФ Франка Вячорку, збілі яго і ў кайданках адвезлі ў 8-ю вайсковую радыётэхнічную брыгаду, якая месціцца ў градзе Баранавічы Брэсцкай вобласці. Маладзён змог паведаміць пра гэта свайму бацьку, першаму намесніку старшыні Партыі БНФ Вінцуку Вячорку праз мабільны тэлефон толькі ўвечары таго ж дня. Варта адзначыць, што моладзевы актывіст яшчэ як мінімум на тыдзень меў адтэрміноўку ад прызыву. Як заявіў Вінцук Вячорка, зараз па факце адбытага рыхтуецца скарга ў Генеральную пракуратуру Беларусі. “Такога нахабства пры парушэнні правоў маладога чалавека я, прызнацца, нават не мог сабе ўявіць, - адзначыў палітык.
Двух лідэраў гэтымі днямі пазбавіўся і “Малады фронт. Сілаю ў вайсковую частку дастаўлены намеснік старшыні арганізацыі Іван Шыла, а адзін з лідэраў сталічных маладафронтаўцаў Зміцер Федарук, які днямі быў арыштаваны на дзесяць сутак, ужо пасля арышту дастаўляўся на прызыўную камісію. І гэта нягледзячы на тое, што пазалетась маладзён быў асуджаны паводле артыкула 193 Крымінальнага кодэкса Беларусі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паводле беларускага заканадаўства, асобы, асуджаныя па крымінальных артыкулах, не могуць быць прызваныя ў войска, аднак для Федарука, навучэнца дзённага аддзялення багаслоўскага каледжа, відаць, будзе зроблена выключэнне. 
Пры ўзніклых абставінах дэмакратычныя моладзевыя структуры абвесцілі кампанію “За прафесійнае войска. Як адзначыў пад час прэс-канферэнцыі ў пятніцу намеснік старшыні “Моладзі БНФ Антон Каліноўскі, у рамках гэтай кампаніі яго арганізацыя “будзе змагацца за кожнага актывіста, які патрапіў пад гэты палітычны прызыў. Паводле Антона Каліноўскага, актывісты маюць намер звяртацца ва ўсе магчымыя інстанцыі, каб ім патлумачылі, чаму не дзейнічае палажэнне Канстытуцыі пра магчымасць альтэрнатыўнай службы, чаму фальсіфікуюцца дыягназы. “Мы пратэстуем супраць парушэння Клятвы Гіпакрата, якую даюць дактары, пасля адпраўляючы людзей з цяжкамі хваробамі, з аперацыямі ў войска, - заявіў намеснік старшыні “Моладзі БНФ.
Адзін з лідэраў моладзевага крыла Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Пашкевіч паведаміў, што ў планах “Моладзі БНФ, “Маладых дэмакратаў, у планах Франака Вячоркі, Івана Шылы была шчыльная супраца па стварэнні платформы маладых кандыдатаў на мясцовыя выбары, якія маюць адбыцца пры канцы наступнага года. “Гэтым планам, дзякуючы таму, што зараз адбываецца, відаць, не наканавана збыцца, - падсумаваў Міхаіл Пашкевіч.
Па словах юрыста і праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, прызывы моладзевых актывістаў праходзілі з непасрэдным умяшальніцтвам супрацоўнікаў спецслужб, а медычныя абследаванні не выклікаюць даверу, бо яны адбываліся ў поўнай інфармацыйнай блакадзе, а іх вынікі не даводзіліся ні тым, хто абследаваўся, ні іх прадстаўнікам.
Як падксрэсліў Валянцін Стэфановіч, прызыў Франака Вячоркі і Зміцера Федарука суправаджаўся прамым парушэннем дзеючага заканадаўства. “Так, суд па скарзе Франака Вячоркі прайшоў фактычна завочна, не быў праінфармаваны належным чынам, што прадугледжвае Грамадзянска-працэсуальны кодэкс, ні сам Франак, ні яго адвакат, таму гэта з’яўляецца грубым парушэннем ГПК і падставай для адмены гэтага рашэння ў касацыйнай інстанцыі, - кажа праваабаронца. – Акрамя таго, паводле закона аб вайсковым абавязку, калі падаецца скарга ў суд, то мерапрыемства па прызыву прыпыняецца да ўступлення рашэння ў законную сілу. У дадзеным выпадку Франак Вячорка быў затрыманы, дастаўлены ў вайсковую частку да таго, як рашэнне суда ўступіла ў законную сілу. Такім чынам, можна сцвярджаць, што ён незаконна ўтрымліваецца ў вайсковай частцы.

Што датычыцца Зміцера Федарука, то ён таксама быў ізаляваны ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, па словах Валянціна Стэфановіча, па абсалютна надуманых незаконных прычынах, што нібыта не адбыў адміністратыўны арышт, які яму быў вынесены за ўдзел у акцыі “Беларусь - у Еўропу 1 траўня мінулага года. “Гэта парушае арт. 13 прым 6 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, які адназначна гаворыць, што не падлягае выкананню пастанова суда, калі яна не была выканана напрацягу трох месяцаў з моманту ўступлення яе ў законную сілу, - заявіў юрыст. - Такім чынам, усе тэрміны тут ужо прайшлі, і на якой падставе Федарук утрымліваецца ў ЦІП, нам незразумела. 29 студзеня былі пададзены скаргі ў пракуратуры адпаведна Маскоўскага і Першамайскага раёнаў Мінска, дзе было ўказана на тое, што Федарук знаходзіцца ў ЦІП незаконна, і зараз мы чакаем рэакцыі пракуратуры. Усё гэта ў сукупнасці дае нам падставаы сцвярджаць: тое, што адбылося з Франакам Вячоркам, Зміцерам Федаруком, Іванам Шылам, раней з Салаўём, Калітом і Жалезнічэнкам з’яўляецца новай формай палітычных рэпрэсій, скіраванай на ізаляцыю моладзевых актывістаў, пры чым усё гэта адбываецца з яўным парушэннем дзеючага беларускага заканадаўства, - адзначыў Валянцін Стэфановіч.