
Цяпер чарга дайшла да міністаркі, якая па сутнасці сваёй пасады мусіла б абараняць працоўны люд. Таму яе заявы патыхаюць сапраўдным цынізмам. Гаворка ідзе пра міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Марыяну Шчоткіну. Падчас наведвання Гродзенскай фабрыкі “Нёман” спадарыня высокая чыноўніца абурылася тым фактам, што 93 % беларусаў працуюць на адной працы.
“Мы паглядзелі, што амаль 93 % беларусаў працуюць толькі на адной працы, але гэта і мужчыны. Але калі мама займаецца дома дзецьмі, дык няхай тата “пакруціцца”,
— параіла Шчоткіна.
Замест таго, каб дабівацца ад ураду годных заробкаў для працоўных ва ўмовах крызісу, міністарка раіць ім працаваць болей. Складваецца ўражанне, што седзячы ў мяккай міністэрскай фатэлі, чыноўніца не
ў курсе, што робіцца на беларускім працоўным рынку.
Колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у святле новапрынятага дзяржаўнага акта “аб лайдаках” павялічылася ў разы. Прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку “флагманы эканомікі”, пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень. На некаторых фабрыках і заводах працоўных адпраўляюь у адпачынкі за ўласны кошт. На многіх прадпрыемствах затрымліваюць заробкі альбо ўвогуле месяцамі іх не плацяць. Прадпрымальнікаў заціснулі так, што яны самі не ведаюць, як жыць далей, і шмат дзе зварочваюць свой бізнэс. І дзе, пані Шчоткіна, вы параіце дадаткова працаўладкавацца паспалітаму люду?
Часам лепш маўчаць, чым гаварыць. Гэта тычыцца і высокапастаўленых асобаў, як бы высока па ўладнай лесвіцы яны не заскочылі. Бо такія парады з вуснаў міністаркі САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЫ могуць выклікаць у шараговых працоўных непадробнае абурэнне. Шмат знаёмцаў аўтара гэтых радкоў і так працуюць у двух-трох месцах, і грошай усё роўна ледзь хапае на больш-менш бязбеднае жыццё.
Афіцыйная статыстыка даводзіць, што сяродні заробак па Мінску складае цяпер больш за 9 мільёнаў тутэйшых рублёў. Але я б параіў той самай чыноўніцы праехацца па сталічных прадпрыемствах і запытацца, хто з рабочых атрымлівае такія суммы. Мяркую, такая сума складаецца і з заробкаў дэпутатаў, банкіраў, дырэктарату, тых жа ўрадоўцаў, уключаючы Шчоткіну. Таму гэта зноўку атрымліваецца “сярэдняя тэмпература па шпіталі”.
Пасадзіць бы Шчоткіну на рэальны сярэдні заробак у беларускіх установах з васьмігадзінным працоўным днём, а потым яшчэ і прымусіць знайсці дадатковую працу і пакруціцца там яшчэ некалькі гадзінаў на дзень. Думаю, “песня” гэтай урадавай дзяячкі была б сузім іншай.