Пракідон за пракідонам

Апошнім часам адбыўся шэраг мерапрыемстваў міжнароднага ўзроўню з удзелам беларусаў. І амаль ні ў водным нашы суайчыннікі не сшукалі сабе лаўраў, хоць і імкнуліся ледзьве не выскачыць з уласных шкарпэтак. Тым часам і беларускае кіраўніцтва не адмаўляецца ад спробаў каго-небудзь кідануць. Нават уласных грамадзянаў.



1344411912.jpg

Пракідон хакейны

Першым, для многіх нечаканым нядаўнім пракідонам стаўся вылет лукашэнкавай «аматарскай» каманды з другога фестывалю Начной хакейнай лігі (дзякуй адмысловай сціпласці арганізатараў таго турніру, ладжанага ў Сочы, што яны не напоўніцу паўтарылі абрэвіятуру «НХЛ», абмежаваўшыся «НачХЛ»). Усяго толькі: каманда Лукашэнкі парушыла рэгламент, уключыўшы ў склад дружыны прафесійных хакеістаў, хоць правілы дадзенай гульні забараняюць удзел у гэтым каляспартовым шоў тых, хто скончыў свой прафесійны лядовы шлях не пазней 1997 году.

Чакалася, што ў фінале, куды меркавалі выйсці беларусы, возьме ўдзел Галоўны спартовец нашае краіны. І нават не выключалася, што і пацвердзіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта, сустрэча паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. Але такі пракідон у хакеі выклікаў не проста горыч, але сапраўдную крыўду з боку афіцыйнага беларускага кіраўніка. Які не знайшоў нічога лепшага, як кінуць усё і накіравацца ў Арменію з «афіцыйным візітам» фактычна на запрашэнне свайго сябра, тамтэйшага алігарха Гагіка Царукяна, які, калі памятаеце, мае ў Беларусі сваю лінію па разліве армянскага каньяку і нават заклаў у сябе на радзіме 400-літровую бочку «Арарату», якая мае чакаць да паўналецця малодшага Лукашэнкі — Мікалая.

Да, яшчэ Рыгоравіч узяў удзел у адкрыцці царквы, а таксама армяна-беларускага гандлёвага дому, дзе маюцца ўсе сучасныя даброты, у тым ліку і казіно. А калі казаць сур’ёзна, то пры гандлёвым абароце ў 46 мільёнаў долараў наўрад ці можна лічыць Арменію сур’ёзным партнёрам, як можа істотна дапамагчы тымі ж грашыма, актыўным пошукам якіх беларускі кіраўнік займаецца ўсе апошнія месяцы.

 

Пракідон на Еўрабачанні (з боку Расіі)

Таксама не абышлося без беларусаў на «Еўрабачанні–2013». Наша суайчынніца здолела выйсці ў фінал і нават заняць там 16-е месца. Але і тут атрымаўся чарговы пракідон з боку Расіі, якія не дала беларусцы аніводнага балу. Праўда, апошнім часам многа кажуць пра нейкія там фальсіфікацыі з падлікам галасоў, але арганізатары конкурсу ўсе прэтэнзіі адхіляюць. Так што чарговыя заявы таго ж кіраўніка Беларусі пра «фальсіфікаванае» Еўрабачанне можна параўнаць са стралянінай з гарматы па вераб’ях. Маем, што маем. Хоць і ўбухалі спонсары на падрыхтоўку Ланской мільён долараў (калі верыць афіцыйным паведамленням).

 

Пракідон у гандлі з ЕС

Чарговы пракідон звязаны з рэзкім падзеннем тавараабарачэння з краінамі Еўрасаюза. Як паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі, з Еўрапейскім Саюзам ў студзені — сакавіку 2013 году тавараабарачэнне знізілася на 26% і склала 5 627,9 мільёна долараў. Летась жа за гэты самы час тавараабарачэнне вырасла ажно на 60,2%. Як амаль адзінагалосна адзначаюць незалежныя эксперты, гэтае падзенне звязана таксама з чарговым пракідонам, калі Расія вымусіла беларускае кіраўніцтва адмовіцца ад сумніўных шэрых схемаў з разбаўляльнікамі, распушчальнікамі ды змазачнымі матэр’яламі, вырабленымі з давальніцкай (бязмытавай) расійскай нафты на беларускіх НПЗ і потым экспартаванымі на Захад.

На гэтым Беларусь зарабіла мільярды долараў, Расія ж страціла з-за недаатрымання ў бюджэт мытаў ад гэтых здзелак, па розных дадзеных, ад 1,5 да 2,5 мільярда долараў. І як толькі Масква перакрыла гэтую лавачку, станоўчае сальда гандлёвага балансу амаль адразу ж ператварылася ў адмоўнае, што мы і маем на сённяшні дзень. Нават Нацбанк паведаміў, што толькі за студзень-люты бягучага году адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу склала 724,9 мільёна долараў пры 57,8 мільёна долараў за аналагічны перыяд году мінулага.

 

Пракідон у гандлі з Расіяй

Пракідонам можа скончыцца і непасрэдны гандаль з Расійскай Федэрацыяй. Па словах эканамістаў, сёлета ўжо скараціліся пастаўкі ў суседнюю дзяржаву беларускіх грузавікоў, трактараў, сельскагаспадарчай ды іншай тэхнікі, што выклікала істотнае затаварванне складоў МАЗа, МТЗ ды іншых прадпрыемстваў. Напрыклад, экспарт айчынных трактараў за першы квартал бягучага году зменшыўся на 18%, грузавых аўтамабіляў і сядзельных цягачоў — ажно на 47,8% параўнальна з аналагічным леташнім перыядам. На 13,4% скараціліся пастаўкі на экспарт сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку машын і механізмаў для ўборкі ды абмалоту сельскагаспадарчых культур.

Нягледзячы на гэта, беларускія прамыслоўцы працягваюць “гнаць вал”, яшчэ больш ускладняючы становішча на ўласных прадпрыемстваў, якія і так практычна не маюць абаротных сродкаў. Страшна сабе ўявіць, але сума складкіх запасаў ужо перавышае 33 трыльёны (!) рублеў, альбо больш за 3,8 мільярда долараў. Гэта сума, якая ў таварным выглядзе ляжыць мёртвым грузам, а не працуе на эканоміку. І з кожным днём аб’ёмы затаварвання, нягледзячы на грозныя рыкі першых асобаў дзяржавы, павялічваюцца.

Як адзначае дырэктар па даследваннях Ліберальнага клубу Яўген Прэйгерман, калі гэтая тэндэнцыя (зніжэнне экспарту, рост складскіх запасаў пры адначасовым павышэнні заробкаў адміністрацыйнымі метадамі – улады абяцаюць да канца году сярэдні заробак па краіне ў 700 долараў) захаваецца, то не выключана, што Беларусі праз некаторы час яшчэ раз давядзецца зведаць усе “прыемнасці” не да ночы памянёнага 2011 году: большасць суайчыннікаў памятаюць, як тады за час дэвальвацыі тутэйшага рубля беларусы адразу збяднелі амаль у тры разы. Вось гэта ўжо будзе новым пракідонам, цяпер ужо ўласных грамадзянаў.

 

Спадарожнікава-кандыцыянерны пракідон   

Калі пра новы дэвальвацыйна-крызісны пракідон яшчэ толькі вядуцца гаворкі ды разважанні, то рэальны пракідон простага грамадзяніна ўжо падрыхтаваў наш родны ўрад у выглядзе сваёй пастановы № 384 ад 16 мая 2013 году “Аб умовах і парадку ўсталявання на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў індывідуальных антэн і іншых канструкцыяў”. Згодна гэтага дакумента, напрыклад, спадарожнікавыя антэны ў шматкватэрных дамах можна будзе ўсталёўваць толькі з дазволу гарадскіх выканаўчых камітэтаў.

У прыватнасці, усё ўсталяванне інжынернага абсталявання, да якога належаць індывідуальныя антэны, кандыцыянеры, канструкцыі для сушкі бялізны, на дахах і фасадах шамткварэтных жылых дамоў будзе праводзіцца толькі пасля атрымання дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа ў адпаведнасці з праектнай дакументацыяй. Дзякуй яшчэ нашым клапатліўцам з ураду, што спецыяльнага дазволу не патрабуецца для канструкцыяў для сушкі бялізны, калі яны месцяцца ў межах унутранай прасторы лоджыі.

Вы можаце сабе ўявіць, як гэта будзе выглядаць на практыцы? Дык вось. Для атрымання дазволу фізічнай або юрыдычнай асобе неабходна падаць у гарадскі выканкам адпаведную заяву і пакет (!) дакументаў. Падчас разгляду заявы яе аўтар павінен забяспечыць доступ у памяшканне прадстаўнікам жыльлёва-камунальнае гаспадаркі. Па выніках агляду будзе складзены акт, і вось толькі пасля гэтага на падставе таго ж акту і прадастаўленых дакументаў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган вынясе рашэнне цягам… трох(!) месяцаў. Пасля гэтага адмова можа быць абскарджаная ў судзе.

Складваецца ўражанне, што вертыкальшчыкам на ўсіх узроўнях няма чым заняцца. Вось і выдумляюць розную лухту ў выглядзе барацьбы з антэнамі ды кандыцыянерамі. Толькі вось нешта мне падказвае, што ў выніку такіх клопатаў нашых урадоўцаў на свет нарадзіўся яшчэ адзін карупцыйны складнік.

Прававы пракідон   

Ну, Бог з ёй з антэнай спадарожнікавай, без яе яшчэ як-небудзь можна пражыць. Але лета ўжо амаль наступіла. Ды нават апошнія майскія дні вызначаюцца летняй спёкай, якая асабліва адчуваецца менавіта ў шматпавярховых шпакоўнях, у якіх жывуць сотні тысяч, калі не мільёны беларусаў. Многія людзі не пераносяць духату, і для іх адзіным паратункам можа стаць менавіта кандыцыянер. Тым больш што гэтае лета абяцае быць рэкордным па духацені. А тут ва ўрадавай пастанове гаворка ідзе ажно пра тры месяцы на разгляд заяўкі! Што гэта калі не здзек над шараговым чалавекам?

Да таго ж, з якога пераляку ўрадоўцы вырашылі падзяліць грамадзянаў па прыкмеце месца пражывання? Атрымліваецца, што тым, хто жыве ва ўласным доме ці ў малапавярхоўцы, усе гэтыя даброты цывілізацыі дазваляюцца, а астатнім — не? Дык дзе ж тут выкананне Канстытуцыі, якая гарантуе ўсім грамадзянам роўныя правы? Спытацца пра гэта ў нашага ўраду, відаць, усё роўна, што папрасіць у хворага здароўя.