Проста няёмка

Цэлыя суткі думаў, пісаць гэтую нататку ці не. І ўсё ж вырашыўся. Бо тое, што адбываецца з нашай апазіцыяй, у тым ліку і з вулічнымі акцыямі,  — гэта проста бяда. Пра народную мудрасць, што з бядою (ці з праблемаю) трэба пераспаць, я ведаю, таму ёю і скарыстаўся. Але лягчэй адтэрміноўка не стала. 

Апошні Чарнобыльскі шлях стаўся самай заганнай у палітычным фармаце акцыяй нашых дэмакратычных сілаў, бадай, за ўвесь час іх існавання. Па вялікім рахунку, нейкая ўзвышанасць у настроях прысутных людзей назіралася толькі падчас збору каля кінатэатра “Кастрычнік”. Потым — як заўсёды.

Як сталася традыцыяй, пэўная, і далёка не апошняя колькасць прыходжага да месца збору на апазіцыйныя акцыі люду з’яўляецца там выключна дзеля таго, каб крыху патусавацца, засвяціцца, паручкацца з такімі ж, як самі, альбо з палітычнымі прамінэнтамі, а потым ціхай сапай зваліць. Разам з тымі самымі прамінэнтамі, хіба што ў розных накірунках, і то не факт.

Магу дараваць выключэнне тым, хто па стане здароўя не можа зноў паліраваць тратуары ад “Кастрычніка” да Бангалора — шлях, які сам ужо, відаць, стогне ад поступу “агалцелай апазіцыі — пятай калоны”, як той самы казаў. 

Але што астатнія? Бальшыня апазіцыі ўвогуле вырашыла, што ўдзел у такіх акцыях неабавязковы. Дык навошта вы іх тады абвяшчаеце ды ладзіце? На якую халеру? Дзеля “галачкі”?!

Ладна, чарговым разам журналісты стапталі падэшвы ды абцасы ў кірунку парку Дружбы народаў. А што там? Зноў прыніжальны кантроль ад сілавікоў праз металашукальнікі, зноў чаканне чагосьці. Але чаго? А нічога, практычна нічога. Большасць дэманстрантаў, якая ўсё ж дашкандыбала да турнікетаў у памянёным парку, адмовілася падвяргацца міліцэйскаму дагляду і спынілася, не пажадаўшы рушыць да подыюма, дзе арганізатары ўжо павывешвалі ўсю належную атрыбутыку.

І што далей? Як быццам  бы не было Дня Волі 25 сакавіка, калі сітуацыя была такая ж самая. Арганізатары зноў разгубіліся, бы дзеці малыя. 

Была імітацыя мітынгу, а іначай не назавеш тую дзею, што мела месца і што выматала нервы ў журналістаў канчаткова. Перад гэтым было патрачана амаль паўгадзіны, пакуль арганізатары — і не старыя, і не зусім ужо маладыя палітыкі, мітусіліся туды-сюды, вырашаючы, што рабіць далей. Вырашылі спрацаваць на журналістаў (я так, прынамсі зразумеў). Некалькі дзясяткаў чалавек слухалі выступы, некалькі соцень стаялі па-за агароджаю гэтага абрыдлага ўжо парка, не чуючы ані слова і паступова разыходзячыся ў расчараванні.  

Ведаеце, мне падаецца, што гэта была апошняя “масавая” акцыя апазіцыі. Бо пасля яе нават у журналістаў, для якіх падобныя мерапрыемствы, як кажуць, “хлеб надзённы”, адпадае ўсялякае жаданне прысутнічаць на нечым падобным. Каб не было сорамна перад сабою і перад іншымі за тых, хто ўжо многія гады вяшчае нам пра лепшае жыццё ў будучым пры іх прыходзе да ўлады. Лепшае жыццё пастаянна абяцае нам і іншы бок — палітычныя арганізатары турнікетаў з металашукальнікамі. Толькі вось адрозненне паміж гэтымі вяшчальнікамі з двух бакоў паволі сціраецца. На вялікі жаль. І проста болей і болей няёмка неяк робіцца робіцца з кожным разам.