Такое адчуванне, што час ад часу ў галаве расійскага правадыра пачынае панаваць плюралізм (а гэта, як кажуць псіхіятры, рэч вельмі небяспечная). Узгадаем: то ён запэўнівае, што ў Крыме не было аніводнага расійскага жаўнера, то пасля фактычнай анексіі ўкраінскага паўвострава пачынае сотнямі раздаваць дзяржаўныя ўзнагароды сваім жа вайскоўцам за “далучэнне Крыма”.
Цяперака, пасля няўцямных перамоваў у рамках Мытнае тройкі, Украіны і Еўрасаюза, што ладзіліся ў Мінску 26 жніўня, уладар Крамля кажа, што вырашаць вайсковые пытанне, альбо, калі глядзець праўдзе ў вочы, пытанне прарасійскіх сепаратыстаў Расія не ў стане, маўляў, гэта ўнутраная права Украіны, а Першапрастольная не мае да гэтай праблемы ніякага дачынення.
Лухта, як мне падаецца. Чаму ж тады сілы ўкраінскай Антытэрарыстычнае аперацыі, як і замежнікі, пастаянна фіксуюць перасоўванні ў прымежных і ваюючых раёнах расійскай вайсковай тэхнікі і дэсантнікаў, наймітаў? Нават у той час, калі адбываліся перамовы ў Мінску.
Ці зацікаўлены быў Пуцін у тых перамовах, у мірнай развязцы канфлікту, які ўжо справядліва можна назваць вайной? Гледзячы па выніках мінскай сустрэчы і па выказваннях расійскага правадыра — не. Паводле ацэнак назіральнікаў, падчас сустрэчы ў Мінску ў прысутнасці Пятра Парашэнкі, трох высокапастаўленых еўракамісараў і сваіх калегаў па будучым Еўразійскім эканамічным саюзе (калі такі ўсё ж адбудзецца), Пуцін толькі каля трох адсоткаў свае прамовы прысвяціў трагічным падзеям, што адбываюцца на паўднёвым захадзе Украіны. Уласна кажучы, дзеля ўладкавання там сітуацыі і ладзілася сустрэча на такім высокім узроўні ў беларускай сталіцы.
Але ў Пуціна — свой пасьянс, свае расклады, свае намеры і свае манеры паводзінаў. “Мы, Расія” і падобныя выказванні нагадваюць пыхлівыя выступы расійскіх імператараў, кшталту “Мы, Ніколай Вторый”. Расійскі кіраўнік, добра ведаючы, дзеля чаго ладзіцца ўвесь гэты кардэбалет у Мінску, спрабаваў перавесці палітычныя і ваенныя пытанні, праблему закладнікаў у чыста эканамічнае рэчышча, зводзячы ўсё да пытання ўкраінска-еўрапейскай інтэграцыі і яе негатыўных наступстваў для расійскага рынку.
Карацей кажучы, імкнуўся задурыць мазгі і “парнёрам па перамовах”, і журналістам. Якія ледзь не звар’яцелі ў той дзень з прычыны і адсутнасці своечасовай інфармацыі, і падзелу на “набліжаных”, што сядзелі ў Палацы Незалежнасці, і “аддаленых”, якіх засунулі ў “Рамашку” (выставачны цэнтр “Экспабел”), і якія былі амаль пазбаўленыя элементарных умоваў для працы, не кажучы ўжо пра абяцаную аўдыё- ды відэатрансляцыю.
Але вернемся да Пуціна. Ягоныя нешматлікія словы пра памкненне палепшыць сітуацыю ва Украіне, спыніць там вайну выглядаюць здзекам на тле паведамленняў пра пераход расійска-украінскай мяжы з боку Расіі тамтэйшымі вайсковымі падраздзяленнямі і тэхнікай. А Пуцін, нават не чырванеючы, заяўляе, што нічога падобнага не адбываецца. А расійскія дэсантнікі, якіх захапілі ў палон украінскія вайскоўцы, нібыта патрулявалі мяжу. Толькі вось з якога боку яны яе патрулявалі?!
Слава імператараў мінулых стагоддзяў. Відаць, не дае супакою цяперашняму расійскаму ўладару. Асабліва слава таленавітага палкаводцы і стратэга, карсіканца Напалеона Першага Банапарта. Расія імкнеццам аднавіць “рускі свет”, не разумеючы, што на дварэ — ХХІ стагоддзе. І тое, што ў свой час рабіў Банапарт або нават тыя ж Пётр ці Кацярына, сёння ўжо немагчыма. І нават думкі пра нешта падобнае ўжо з’яўляюцца маветонам. Напалеон у свой час і вызначаўся тым, што мог пралічыць многія падзеі наперад і добра імі скарыстацца. Таму і быў прызнаны вялікім гістарычным дзеячом. Хоць і ён вядома як скончыў.
Чым запомніцца Пуцін? Захопам Крыма? Спрыяннем развязвання вайны ва Украіне? “Шэрым кардынальствам” падчас расійска-грузінскай вайны 2008 года? Удушэннем дэмакратыі ва ўласным цартве? Калі б толькі гэтым. Незалежныя эксперты не выключаюць, што палітыка Пуціна можа прывесці да развалу і самой Расіі. І лёс у абодвух імператараў можа быць падобным, хоць і не аднолькавым. Бо Пуцін — не Напалеон. І памяць пра іх будез розная. І нават росту ніжэйшага за французскага імператара будзе імператар расійскі. Паводле некаторых звестак, Банапарт меў 176 сантыметраў росту, што някепска нават для цяперашніх часоў. А расійскі Недабанапарт ледзь сягае 170 сантыметраў. Затое амбіцыяў!