Расчараванне і страх

Вельмі шмат людзей апошнімі месяцамі сачылі за судовым працэсам над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым. Натуральна, хацелася, каб пакаранне за жудасную трагедыю, якая надарылася 11 красавіка на станцыі “Кастрычніцкая ў гадзіну пік (17.56) і якая каштавала жыццяў пятнаццаці чалавек, да таго ж яшчэ і пакутаў сотняў пацярпелых, панеслі тыя, хто здзейсніў выбух. Але ці тыя прыгавораны да расстрэлу?

Вельмі шмат людзей апошнімі месяцамі сачылі за судовым працэсам над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым. Натуральна, хацелася, каб пакаранне за жудасную трагедыю, якая надарылася 11 красавіка на станцыі “Кастрычніцкая ў гадзіну пік (17.56) і якая каштавала жыццяў пятнаццаці чалавек, да таго ж яшчэ і пакутаў сотняў пацярпелых, панеслі тыя, хто здзейсніў выбух. Але ці тыя прыгавораны да расстрэлу?
Пытанне, ці мае права дзяржава замест Бога вырашаць, хто варты смяротнага пакарання, а хто не, пакінем па-за ўвагаю. Адказ на гэтае пытанне відавочны любому чалавеку, хто лічыць сябе адэкватным. Прэзідэнт Беларусі нават у сваім артыкуле, што да будучыні Еўразійскага эканамічнага саюза, спасылаўся на Біблію, што заўважыў нават цяперашні прэм’ер Расіі Уладзімір Пуцін. Дык у Бібліі напісана “Не забі!. У такім выпадку, застаецца спадзявацца, што самы высокапастаўлены палітычны дзеяч, які называў сябе “праваслаўным атэістам, у справе прыняцця рашэння, памілаваць ці расстраляць дваццаціпяцігадовых хлопцаў, будзе кіравацца ўсё ж Бібліяй. А не чымсьці іншым.
Ужо не аднойчы казалася і пісалася пра тое, што падчас судовага разбіральніцтва не была на сто працэнтаў даказана віна як Канавалава, які захоўваў маўчанне цягам усяго працэсу, так і Кавалёва, які адмовіўся ад паказанняў, дадзеных ім на папярэднім следстве, папрасіўшы прабачэння ў свайго сябра Канавалава за тое, што пад уціскам следства агаварыў яго.
У нармальнай цывілізаванай краіне, дзе існуе сапраўдны незалежны суд, дзе не пустымі словамі ёсць прэзумпцыя невінаватасці, любы сумнеў, што да віны абвінавачанага, тлумачыцца на ягоную карысць. У нас нешта не тое. Ёсць сумневы, многія пытанні не знайшлі адказу ў тым ліку ў пацярпелых ад тэракту, а суд выносіць самы жорсткі вердыкт. Куды спяшацца? Куды ляцець? Нават справа нарвежскага маньяка Брэйвіка, віна якога ў сёлетнім забойстве многіх дзясяткаў людзей не выклікае сумненняў ні ў каго, цягнецца не так хуткацечна, як працягнулася справа Канавалава — Кавалёва. Чаму? Яшчэ адно пытанне…
Маці Уладзіслава Кавалёва і яго сястра 1 снежня аднеслі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот з просьбаю памілаваць іх роднага чалавека. Вось тэкст гэтага паслання да кіраўніка дзяржавы. Размешчаны на сайце “Свабоды:
“Я, Любоў Кавалёва, мама асуджанага на смерць Уладзіслава Кавалёва, звяртаюся да Вас як да кіраўніка дзяржавы, гаранта Канстытуцыі і бацькі трох дзяцей, з просьбай аб памілаванні майго адзінага сына.
Аляксандр Рыгоравіч! Я адна выхоўвала сына і дачку, ніхто і ніколі не мог мяне папракнуць у тым, што я недастойна выхавала сваіх дзяцей. Мой сын рос на прыкладзе свайго дзеда — Кавалёва Вячаслава Міхайлавіча, які з 14-ці гадоў пайшоў у партызаны і прайшоў усю вайну.
Улад — звычайны хлопец, любячы сын, верны сябар, сумленны рабочы. Ён не мог здзейсніць тое жахлівае злачынства, за якое яго асудзілі.
Аляксандр Рыгоравіч! Вы як ніхто ведаеце, як цяжка кіраваць краінай і захоўваць спакой у вялікай сям’і. Але мудры бацька не толькі карае, але праяўляе міласэрнасць, дзякуючы чаму сям’я і далей сядзіць за агульным сталом і шануе бацьку.
Аляксандр Рыгоравіч! Я бачу ў Вас абаронцу хрысціянскай маралі, згодна з якой толькі Бог дае жыццё, і толькі ён яго можа адняць. Не ацэньваючы вырак суду ў дачыненні да майго сына, я прашу вас згадаць, што ў гісторыі Беларусі былі выпадкі, калі невінаватых прысуджвалі да расстрэлу, і толькі праз некалькі год знаходзілі сапраўднага злачынцу. Калі ласка, увядзіце мараторый на смяротнае пакаранне ў Рэспубліцы Беларусь, пакажыце, што наша краіна —цывілізаваная краіна.
Малю вас: ратуйце майго сына. Вы — адзіны, хто можа гэта зрабіць.
1 снежня 2011 года.
У гэты ж дзень адзін з высокіх беларускіх чыноўнікаў зрабіў заяву, наконт негатыўнай рэакцыі міжнароднай супольнасці адносна смяротнага прысуду Канавалаву і Кавалёву. “Пазіцыя па смяротным пакаранні добра вядомая — гэта агульнакраінавая пазіцыя, і тут нейкія дадатковыя каментары не патрабуюцца, — заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных 1 снежня на брыфінгу. Так ён пракаментаваў заяву Савета Еўропы, які асудзіў вынясенне смяротнага прысуду Вярхоўным судом Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. Дарэчы, сваё негатыўнае стаўленне да прысуду па гэтай справе выказалі ўжо многія еўрапейскія палітыкі і кіраўніцтвы краін.
Застаецца толькі спадзявацца, што голас супольнасці будзе пачуты, і яшчэ два чалавекі не стануць ахвярамі патэнцыйнай памылкі. Справа маньяка Міхасевіча яшчэ жыве ў памяці. Як і тыя, хто быў расстраляны ці асуджаны на многія гады зняволення замест сапраўднага злачынцы.