Што робіцца са Швецыяй?

Дзіўныя рэчы пачынаюць рабіцца — не, не ў Дацкім, але ў Шведскім каралеўстве. Менавіта гэтая манархія, падаецца, з’яўляецца, ці з’яўлялася да апошняга часу, ледзьве не галоўнаю паборніцаю правоў чалавека. У тым ліку і ў Беларусі. І апошні амбасадар Швецыі ў нашай краіне Стэфан Эрыксан, які не проста ўпадабаў беларускую культуру і мову, але стаўся іх важным і шчырым прапагандыстам, зрабіўся сапраўдным сябрам для носьбітаў беларускае культуры і традыцыяў, падавалася, быў сімвалам сапраўднага стаўлення сапраўднай дэмакратыі, прынамсі, да антыдэмакратычнага ладу ў Беларусі. І вось нечакана шведскія ўлады пачынаюць забараняць на матчах чэмпіянату свету па хакеі выкарыстанне нашымі заўзятарамі гістарычных беларускіх бел-чырвона-белых сцягоў. Што такое?

Свой першы матч на чэмпіянаце З-га мая наша зборная праводзіла супраць саперніка з Чэхіі — носьбіта слаўных традыцыяў у гэтым відзе спорту, каманды, якая дабівалася значных поспехаў на міжнароднай хакейнай арэне. Так, прайгралі беларусы, але няшмат — усяго толькі 0:2. Пры даволі някепскай, адзначым, гульні.

Але не гэта запала ў душу. На трыбуне перад пачаткам гульні залунаў велізарны гістарычны наш бел-чырвона-белы сцяг, побач можна было заўважыць і сцягі меншага памеру. Прыгожае, скажу вам, гледзішча! Але потым адбылося нечаканае, тое, што магло быць тыповым у нашай краіне, але, падавалася б, толькі не ў Швецыі. Прынамсі, мне так думалася.  

Як падае “Радыё Свабода”, шведская паліцыя спрабавала забраць у беларусаў бел-чырвона-белы сцяг, а пазней адзін з шведскіх арганізатараў папярэдзіў іх, што болей на матчы з такой сімволікай іх ня пусцяць. Ісабэль Сомэрфэльд, кіраўніца праваабарончай арганізацыі Info Belarus, заявіла: “Мяне абурае гэты факт! Гэта супраць нашага разумення правоў чалавека — кожны можа абіраць, што яму апранаць, і які сцяг выкарыстоўваць, калі гэтага нікога не абражае. А гэта зусім не той выпадак. Мы плануем акцыю перад Глобэн-арэнай у панядзелак з бел-чырвона-белымі сцягамі, каб выказаць салідарнасць з заўзятарамі і свой пратэст супраць рашэння Міжнароднай хакейнай федэрацыі”. Сомэрфэльд упэўнена, што ёсць спосабы паўздзейнічаць на рашэнне Міжнароднай хакейнай федэрацыі. “Цяпер вельмі важна, каб шведскія палітыкі сказалі сваё слова. Я думаю, што многія людзі шакаваныя гэтым рашэннем”, — цытуе праваабаронцу “Свабода”.

Мяркую, не толькі ў Швецыі. Але на палітыкаў, як мне падаецца, разлічваць не мае сэнсу. Як і на кіраўніцтва Міжнароднай Федэрацыі Хакею (МФХ). Тут мне бачацца рэальнымі некалькі момантаў. Па-першае, верагодна, што нехта ў палітычным кіроўным бамондзе Швецыі пачынае шукаць доступу да вышэйшага беларускага кіраўніцтва (не ведаю, з якой карысці), і каб “умасліць” афіцыйны Мінск пасля леташняй “медзвядзіроўкі” з борту шведскага лёгкаматорнага самалёціка, пасля якой былі адкліканыя паслы абедзвюх краінаў і ледзьве не дайшло да разрыву дыпламатычных адносінаў, цяпер робіцца ўсё, каб дагадзіць Чырвонаму дому. Гэта, паўтаруся, толькі версія.

Па-другое, пазіцыя МФХ добра вядомая. Гэтая арганізацыя, якая пазіцыянуе сябе па-за палітыкаю, рашуча абвергла патрабаванні ўсіх міжнародных арганізацый, праваабаронцаў і асобных палітыкаў, якія настойвалі на адмене правядзення ў Беларусі Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе з прычыны парушэння тут правоў чалавека і наяўнасці палітзняволеных. Кіраўніцтва МФХ, паўтаруся, настойліва  падкрэслівала сваю апалітычнасць. Дык калі так, то чаму яна цяпер забараняе на трыбунах выкарыстоўваць гістарычны беларускі сцяг, які ёсць родным для мільёнаў беларусаў ва ўсім свеце, але ж бяльмом на воку ў цяперашняй уладнай беларускай вярхоўкі? І які, дарэчы, яшчэ менш як дваццаць гадоў таму быў дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь?

Відаць, хтосьці з Мінску (афіцыйнага) выказаў сваё “фэ” у бок МФХ. І “пагналі нашы гарадскіх”, то бок, “бел-чырвона-белых”. І што, цяпер хтосьці можа аспрэчыць заявы таго ж Лукашэнкі, што на Захадзе пануюць “двайныя стандарты”? Хацелася б загаласіць, што такога не можа быць. Але выпадак з нашым гістарычным сцягам і паводзіны паліцыі, як і бюракратаў з МФХ, вымагае ўстрымацца ад гэтага галашэння.

Дык дзе ж ёсць насамрэч дэмакратыя? Не ведаю. А вось Стакгольм, які я вельмі люблю, у маіх асабістых вачах страціў свае пазіцыі. Афіцыйны Стакгольм, чыноўнічы. Спадзяюся, што ў “Трэ Крунур” ёсць яшчэ час і жаданне выправіць сітуацыю. Гэтую брыдкую недарэчнасць у дачыненні да беларусаў. І больш не расчароўваць тых, хто яшчэ верыць ў наяўнасць дэмакратыі ў той жа Швецыі.