Свістапляска ўпапыхах

Надоячы ў Венесуэле адбываліся прэзідэнцкія выбары, і краіна мелася атрымаць новага кіраўніка замест Уга Чавэса, якому воляю лёсу не давялося адкіраваць чарговы прэзідэнцкі тэрмін. Камандантэ жадаў, каб ягоны трон заняў ягоны названы ім жа спадкаемца віцэ-прэзідэнт Нікалас Мадура. Згодна з першымі афіцыйнымі дадзенымі, мара Уга здзейснілася, але новаму прэзідэнту не так ужо і адразу атрымаецца заняць пачэсны пасад у збяднелай, але эйфарычнай краіне.

Хаця афіцыйныя звесткі галоўнага выбаркаму яшчэ могуць быць аспрэчаныя. І нават не могуць быць, але ўжо аспрэчаныя. Найпершы прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду ад апазіцыі Энрыке Капрылес (які, калі не хлусяць СМІ, мае пэўнае дачыненне да Беларусі) не пагадзіўся з афіцыйнымі вынікамі волевыяўлення, а венесуэльскі Цэнтрвыбаркам (у адрозненне ад ведамства Лідзіі Ярмошынай) адразу пагадзіўся пералічыць галасы выбаршчыкаў.

І вось калі пасля гэтага стане вядома, што насамрэч перамог стаўленік нябожчыка Чавеса Нікалас Мадура, то так таму і быць. І ніхто не будзе, відаць, далей спрачацца, бо нават у Венесуэле засталося яшчэ разуменне законнасці альбо хаця б яго падабенства.

А вось куды спяшаліся беларускія найвышэйшыя чыны, павіншаваўшы “новаабаранага прэзідэнта” з “пераканаўчай перамогаю”, застаецца толькі здагадвацца. Бо “пераканаўчая перамога”, нават пасля першых афіцыйных звестак, выглядае так: за Мадуру прагаласавалі 50,7%, а за ягонага канкурэнта саракагадовага Энрыке Капрылеса — 49,1% выбарцаў. То бок, “пераканаўчасць перамогі” складае калія 1,5%. Вы можаце сабе ўявіць, што б адбылося з ярмошынскай структурай, калі б яна выдала падобныя лічбы пасля чарговай імітацыі тутэйшых прэзідэнціх выбараў? Сама мала — кранты хаце ў “Драздах”. А потым, таксама ў лепшым выпадку, — этап у… “Бабруйск”. На пенсію, карацей!

Не буду ўдавацца ў канспіралогію, разважаючы, чаму ж Мадура так дарагі нашаму правадыру. Гэта — справа эканамістаў ды палітолагаў. Але магу сабе ўявіць, што падабенства рэжымаў, на што спадзяецца цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, з некаторымі, хоць і прывіднымі выгодамі супрацы з Каракасам, застанецца ў сэнсе захавання статус-кво. Бо новы кіраўнік Мадура, як засведчылі сусветныя тэлекампаніі, можа свішчэць (у прамым сэнсе!) лепей за Чавеса.

Але ж наўрад ці Нікалас — такі ж Цыцэрон, як ягоны ідэал і папярэднік Уга, што быў у стане многімі гадзінамі вербальна тлуміць галаву цэлай нацыі. А вось што чакае ад патэнцыйнага новапасаджанага кіраўніка Венесуэлы афіцыйны Мінск, сказаць цяжка. Інэрцыя — справа моцная, хоць і далёка не зусім і не заўжды прадуктыўная.

Дык навошта было спяшацца з віншаваннямі? Узгадваецца, як у сярэдзіне нулявых расійскі правадыр Уладзімір Пуцін яшчэ да вынясення канчатковага вердыкту ўкраінскага цэнтрвыбаркаму віншаваў з перамогаю на прэзідэнцкіх выбарах Віктара Януковіча. А ў выніку перамога была абвешчана на карысць Юшчанкі. Што там было потым — зусім іншая гісторыя. Але мараль такая: не спяшайся дасылаць  віншаванку, каб потым не перапісваць яе на “пахаронку”.