Тэатр абсурду ці наўмысныя дзеянні?

Сотні затрыманых па ўсёй краіне, зламаныя насы, збітыя маладзёны, суды па артыкуле Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях за “дробнае хуліганства – такія вось сумныя вынікі чарговай мірнай акцыі “маўклівага пратэсту, якая адбылася ўвечары 22 чэрвеня 2011 году. Што ж гэта адбываецца ў краіне, якую яе кіраўнік называе самай мірнай і стабільнай?

Сотні затрыманых па ўсёй краіне, зламаныя насы, збітыя маладзёны, суды па артыкуле Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях за “дробнае хуліганства – такія вось сумныя вынікі чарговай мірнай акцыі “маўклівага пратэсту, якая адбылася ўвечары 22 чэрвеня 2011 году. Што ж гэта адбываецца ў краіне, якую яе кіраўнік называе самай мірнай і стабільнай?
Дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія выступаюць ад імя дзяржавы і па яе непасрэднаму загаду, выклікаюць не толькі абурэнне, але і шмат пытанняў. Каму выгадна насаджаць напружанасць у грамадстве праз сілавыя разгоны мерапрыемстваў, якія не нясуць ніякай непасрэднай пагрозы дзейнай уладзе? Чаму міліцыя дзейнічае часам так, нібы з ланцугу сарвалася? У якіх артыкулах Адміністратыўнага ці Крымінальнага кодэксу прапісаны забароны проста гуляць па вуліцах і на плошчах у цэнтры гарадоў без усялякіх там плакатаў і палітычных ці сацыяльна-эканамічных лозунгаў? Хто даў права супрацоўнікам праваахоўных органаў хапаць людзей без разбору і валакчы іх у пастарункі ды ізалятары часовага ўтрымання без усялякіх на тое падстаў, нават без доказаў вінаватасці грамадзян у чым бы то не было? Чаго, у рэшце рэшт, баіцца ўлада, якая лічыць сябе непераможнай, калі так жорстка паступае ў дачыненні да ўласнага народа?
Пытанняў шмат і з кожным днём, з кожным такім мерапрыемствам з адпаведнымі жудаснмі наступствамі для многіх удзельнікаў ці выпадковых ахвяр дзеянняў сілавікоў узнікае ўсё больш. У мяне асабіста складваецца ўражанне, што ў кіроўных колах ёсць асобы, якім выгадна ўзмацняць напружанасць у і без таго напружаным грамадстве, якое перажывае цяжкія часы фінансавага і сацыяльна-эканамічнага крызісу. З аднаго боку, высокапастаўленыя чыноўнікі цёгаюцца па свеце ў пошуку крэдытаў, без якіх тутэйшай эканоміцы ўжо проста не выжыць, з іншага боку, некаторыя “ястрабы у вышэйшым кіраўніцтве робяць усё, каб цывілізаваны заходні свет гэтых крэдытаў не даў. Бо не любяць на Захадзе краіны, дзе адбываюцца палітычныя рэпрэсіі і дзе ёсць палітзняволеныя. Зноў пытанне – каму гэта патрэбна?
Кожнае затрыманне, кожны разгон мірнай акцыі – гэта новы мінус у скарбонку цяперашняга кіраўніцтва Беларусі. Такія дзеянні ўладаў ужо не запалохваюць людзей, але селяць у іх душах абурэнне і ўзмацняюць унутраны пратэст, нараджаючы яго і ў тых, хто выпадкова трапіў пад молах карнай уладнай машыны, і ў іх сваякоў і сяброў, якія да гэтага былі лаяльныя да існуючага дзяржаўнага ладу. Улада сама, сваімі рукамі і высілкамі, мяняе стаўленне людзей да сябе ў зусім не станоўчы для гэтай улады бок. Кулакамі і дручкамі павагі не заваюеш, хутчэй наадварот. Адчуванне несправядлівасці, нелагічныя і абсурдныя дзеянні сілавых структур нараджаюць новыя хвалі абурэнняў і пратэсту, якія толькі будуць узмацняцца, калі ўлада не зменіць свае паводзіны. Але, ведаючы беларускую сістэму, на апошняе мала спадзяванняў. Толькі вось каму ў выніку будзе горш? Раю падумаць над гэтым. 
Дарэчы, з кожным разам на акцыі, абвешчаныя ў сацыяльных сетках, народу выходзіць усё больш. Чым гэта скончыцца?