ТрамПуцікі

Выбары прэзідэнта ЗША, якія маюць адбыцца ўвосень бягучага года, не пакідаюць абыякавымі не толькі грамадзянаў уласна Злучаных Штатаў, але і еўрапейцаў. Прынамсі, у нашай братэрскай Летуве гэтаму лёсавызначальнаму для многіх у свеце пытанню надаецца багата ўвагі.

20160728_165530_logo.jpg


Адыёзнага кандыдата на прэзідэнта ад кансерватараў (рэспубліканцаў) Дональда Трампа ў Еўропе, мякка кажучы, асцерагаюцца. Нават баяцца. І доказам таго ёсць народная творчасць, як то графіці ў людных месцах той жа сталіцы Літвы. У самым цэнтры горада мастакі (балазе, за такія рэчы ў нашых суседзяў не штрафуюць і тым больш не садзяць на «суткі«) сваім дасціпным чынам даносяць уласнае стаўленне да тае асобы, якая можа ачоліць самамала на чатыры гады найзайможную і найуплывовую краіну ў свеце.
І каго нашы браты-летувісы бачаць геапалітычным хаўруснікам Трампа ў выпадку ягонае перамогі? Зірніце на фота. Яны вартыя адзін аднога. Яны ментальна блізкія. Яны гатовы вырашаць лёсы свету. Са сваёй званніцы. Вельмі небяспечнай і нават непрадказальнай.
Літоўскія мастакі скарысталі варыянт, добра знаёмы ў сучаснай гісторыі. Раней на захаваных элементах сумна вядомага Берлінскага муру з’явіўся малюнак — дакладнае адлюстраванне пацалунка ўзасмок таварыша генеральнага сакратара ЦК КПСС, старшыні Вярхоўнага Савета СССР і гэтак далей, тоннаноснага носьбіта дзяржаўных узнагародаў і лаўрэата ленінскіх літаратурных прэміяў «дарагога» Леаніда Ілліча Брэжнева і яшчэ аднаго таварыша — старшыні Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР) Эрыха Хонэкера.
Найноўшая беларуская гісторыя ведае факт яшчэ аднаго знакавага «засмоку» — тагачаснага прэм’ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча, якога наменклатура нашай краіны і суседняй дзяржавы спалі і бачылі на пасадзе першага прэзідэнта Сінявокай, і ўнікальнага старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі (непараўнальнага вярбальнага перламана) Віктара Чарнамырдзіна. Іхні засмок, засняты беларускім журналістам, ні ў чым не саступае душэўнаму пацалунку Брэжнева і Хонэкера.
Летувісы не выключаюць, што ў выпадку абрання прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа можа адбыцца і такі варыянт (зноўку глядзі фота). Хаця палітыка — не такая ўжо і простая рэч. На найвышэйшых пасадах блізкія ментальна і па светапоглядзе асобы могуць стаць антыподамі, а іх пацалункі стануцца пацалункамі гадзюкаў, толькі розныхпамераў і па маштабе атрутнасці. І яны гэта разумеюць.
Вельмі, праўда, хочацца, каб такі пацалунак насамрэч не адбыўся. Інакш — кранты. Усім.